Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала яшчэ 10 грамадзянаў Беларусі палітычнымі зьняволенымі
У заяве, прынятай сёньня 6 праваабарончымі арганізацыямі краіны, гаворыцца:
У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленьні абвінавачваньняў, заключэньні пад варту і вынясеньні прысудаў, зьвязаных з пазбаўленьнем волі:
па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») у дачыненьні да Дзяніса Гурэцкага, Кірылы Пятрэнкі, Арсенія Дзядка, Вольгі Галубовіч, Дзяніса Краўчука, Сяргея Гуня, Аляксандра Мішука, Аляксандра Талмачова,
накіраваньні для адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі па ч.1 арт.342 КК у папраўчую ўстанову Рыгора Міхалапа і Дзьмітрыя Максімчыка,
... ацэньваем перасьлед вышэй названых асобаў, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і масавых беспарадках, як палітычна матываваны перасьлед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня свайго меркаваньня і прызнаем іх палітычнымі зьняволенымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: прысуд Паліне Шарэндзе-Панасюк пакінулі бязь зьменаўСупраць гарадзенскага музыкі распачалі крымінальную справу за татуіроўку
Горадзенскага музыку і гітарыста гурту Deviation Паўла Бялянава абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (арт.368 КК). Прычынай гэтаму стала татуіроўка Паўла, паведамляе «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не магу гаварыць ротам, дык няхай маё цела пра гэта крычыць». Новы праект аб пратэставых тату беларусаў
Чарговы прысуд за абразу супрацоўніка ДАІ — 1,5 года «хіміі»
1 чэрвеня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска вынесены прысуд Валеру Елісееву. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады» і асудзілі да 1,5 гадоў «хіміі», паведамляе «Вясна».
Судзьдзя Алена Жук не пагадзілася з прапановай пракурора Аляксея Бізунова, які прасіў прызначыць абвінавачанаму пакараньне ў выглядзе двух гадоў «хіміі».
Згодна з абвінавачаньнем, мужчына 21 чэрвеня 2020 года пакінуў камэнтар «Повесить гада» на адрас ганцавіцкага супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча.
Пацярпелы міліцыянт распавёў, што «дзеяньні, учыненыя абвінавачаным, сталі для яго шокам, прычынілі яму маральныя пакуты, абурэньне, горыч і крыўду». Свае маральныя пакуты ад камэнтара Вольніч ацаніў у 1500 рублёў — аднак судзьдзя Жук палічыла, што пакуты Вольніча задаволяць 100 рублёў (яшчэ 500 рублёў Елісееў пералічыў міліцыянту падчас паседжаньня).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 чэрвеня: 2 гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі; палітвязьня Мядзьведзкага перавялі ў калёнію