Дзяржкантроль абнавіў сьпіс кампаній, куды прыйдуць з праверкамі

Звычайна Камітэт дзяржаўнага кантролю загадзя прапісвае, у якія арганізацыі прыйдуць з праверкамі. Пры гэтым ведамства нават пыталася думкі беларусаў, у якія кампаніі варта прыйсьці.

Як адзначае «Зеркало», у чэрвені праверкі маюць прайсьці ў кампаніі JYSK, якая ў красавіку прыпыніла працу сваіх крам. Праверка ў гэтым месяцы таксама заплянаваная на гомельскім прадпрыемстве «Делком40», дзе ў траўні абавязалі падчас прастою прыходзіць на працу і проста сядзець — прычым у сталовай.

Нацбанк плянуе ў чэрвені прыйсьці з праверкай у «БСБ Банк». Берасьцейскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя хоча праверыць у гэтым месяцы фэрмэрскую гаспадарку «Альшаны». У чэрвені хочуць таксама праверыць як мінімум двух рэзыдэнтаў свабоднай эканамічнай зоны «Брэст». Адзін зь іх — кампанія з дызайнэрскім жаночым адзеньнем Nelva. Другая — «Завод АлуАр» — спэцыялізуецца на вытворчасьці аэразольнай прадукцыі і прадукцыі бытавой хіміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці адновіць «ЛОДЭ» працу 15 чэрвеня? Міністар Піневіч выказаўся аб праблемах мэдычнага цэнтру

Да замежнага ўнітарнага прадпрыемства «ЧЭС-Бел», якое зарэгістравана ў свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск», маюць намер прыйсьці спэцыялісты дэпартамэнту па наглядзе за бясьпечным вядзеньнем работ у прамысловасьці Міністэрства надзвычайных сытуацый. Кампанія займаецца захоўваньнем, перапрацоўкай і перавалкай звадкаваных вуглевадародных газаў і сьветлых нафтапрадуктаў.

У Гомлі на чэрвень заплянавана праверка клінікі «Першая стаматалёгія». Яе мае намер правесьці Гомельская абласная інспэкцыя дзяржаўнага нагляду за выкананьнем патрабаваньняў тэхнічных рэглямэнтаў і стандартаў і дзяржаўнага мэтралягічнага нагляду Дзяржстандарту. На пачатку чэрвеня Камітэт дзяржкантролю заявіў, што праверкі прыватных мэдычных цэнтраў яшчэ ня скончаныя — зараз ведамства зьбіраецца маніторыць стаматалягічныя паслугі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржкантроль анансаваў праверкі стаматалягічных клінік і расказаў, як мэдцэнтры завышаюць цэны на паслугі

У тэксьце пералічаны толькі некаторыя кампаніі, у якія маюць намер прыйсьці з праверкамі.