У Расеі арыштавалі маёмасьць трох журналістаў, якіх вінавацяць па артыкуле аб «фэйках» пра расейскую армію

Адзіночны пратэст у Новасібірску. 27 траўня 2022. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія незалежныя журналісты Андрэй Салдатаў, Руслан Левіеў і Майкл Накі, у якіх на патрабаваньне СК арыштавалі маёмасьць, знаходзяцца за мяжой.

Пра гэта паведаміў кіраўнік міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Павал Чыкаў.

Учора Чыкаў заявіў, што суды арыштавалі маёмасьць чатырох абвінавачаных па артыкуле аб так званых «фэйках» аб дзеяньнях расейскай арміі. Аднак імёнаў не назваў.

Чыкаў удакладніў, што Крымінальна-працэсуальны кодэкс Расеі дазваляе арыштоўваць маёмасьць «для забесьпячэньня выкананьня прысуду ў частцы спагнаньня штрафу». Па частцы 2 артыкула 207.3 можа быць прызначаны штраф ад трох да пяці мільёнаў рублёў. Максымальнае пакараньне — ад пяці да дзесяці гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле «ОВД-Инфо», у Расеі сілавікі завялі ўжо амаль 2400 спраў па адміністратыўным артыкуле 20.3.3 аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі.

Хоць артыкул увялі толькі ў сакавіку 2022 году, яго ўжываньне стала ўсерасейскай практыкай, адзначаюць праваабаронцы. Так, імі зафіксавана ўзбуджэньне справаў у 80 рэгіёнах Расеі, а таксама ў акупаваных Расеяй Крыме і Севастопалі. Паліцыя ня выявіла «дыскрэдытацыі» толькі ў Чачні, Тыве і Магаданскай вобласьці.

7 чэрвеня таксама стала вядома, што ў вышук абвясьцілі пісьменьніка Дзьмітрыя Глухоўскага і апазыцыянэра Уладзіміра Мілава — як фігурантаў артыкула аб «фэйках».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 2 месяцы ў Расеі распачалі 2 тысячы спраў аб дыскрэдытацыі арміі