Расейскі бок пакуль не камэнтаваў гэтых паведамленьняў.
У канцы мінулага тыдня Ўкраіна абвясьціла пра абмен з Расеяй целамі загінулых салдатаў. 7 чэрвеня прадстаўнік палка «Азоў» Ганна Галаўко пацьвердзіла, што 2 чэрвеня расейскі і ўкраінскі бакі атрымалі па 160 трупаў на лініі фронту ў Запароскай вобласьці. Як мінімум 52 целы лічацца парэшткамі байцоў палка «Азоў». У Кіеве пачаты працэс ідэнтыфікацыі парэшткаў праз аналіз ДНК.
У сярэдзіне траўня ўкраінскія вайскоўцы, у тым ліку байцы «Азова», якія больш за два месяцы трымалі абарону на заводзе «Азоўсталь» у Марыюпалі, пачалі здавацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель патлумачыла, чаму Нямеччына блякавала ўступленьне Ўкраіны ў NATOУчора расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах паведаміла, што больш за тысячу з украінскіх вайскоўцаў, якія здаліся на «Азоўсталі» ў Марыюпалі, перавезьлі ў Расею, дзе зь імі працуюць сьледчыя.
Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма; іншыя СМІ пра гэта нічога не паведамлялі.
Паводле расейскага боку, усяго ў палон здаліся амаль 2,5 тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў. Такую ж лічбу называў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Большасьць зь іх спачатку былі перавезеныя ў папраўчую калёнію на падкантрольнай прарасейскім сэпаратыстам тэрыторыі.
Прэзыдэнт Украіны ня раз заяўляў, што Кіеў робіць усё магчымае для іх вяртаньня дадому. Расейскі бок аб абмене не гаворыць і не выключае судовага працэсу над імі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Херсоне і Запароскай вобласьці абвясьцілі аб падрыхтоўцы да ўваходжаньня ў Расею пасьля візыту прадстаўніка Пуціна