Ціханоўская пачала візыт у Латвію. Над ратушай Рыгі ўзьнялі беларускі нацыянальны сьцяг

Сьвятлана Ціханоўская і прэзыдэнт Латвіі Эгільс Левіц падчас папярэдняй сустрэчы ў Рызе, 13 лістапада 2020 году

Сьвятлана Ціханоўская 8 чэрвеня прыбыла ў Рыгу, каб сустрэцца зь беларусамі Латвіі, наведаць і падтрымаць беларускі гуманітарны цэнтар дапамогі ўкраінцам, вырашыць пытаньні беларускай дыяспары, бо беларусы выяжджалі ў Латвію, ратуючыся ад перасьледу рэжыму, у тым ліку вырашыць пытаньні выдачы візаў.

8 чэрвеня над ратушай Рыгі ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг. Цырымонію правяла Сьвятлана Ціханоўская разам з мэрам латвійскай сталіцы Мартыньшам Стакісам.

Сьвятлана Ціханоўская выступіць у Сэйме Латвіі, урачыста адкрые працу групы сяброў Беларусі ў парлямэнце, правядзе шэраг сустрэч з палітычным кіраўніцтвам краіны для ўмацаваньня і разьвіцьця міжнароднай кааліцыі за дэмакратычную Беларусь, паведаміў Офіс палітыка.

Падчас двухдзённага візыту Ціханоўская сустрэнецца з прэзыдэнтам Латвіі Эгілсам Левітсам, прэм’ер-міністрам Крыш’янісам Карыньшам, міністрам замежных спраў Эдгарсам Рынкевічсам, сьпікерам парлямэнту Інарай Мурніеце, кіраўнікамі парлямэнцкіх камітэтаў, мэрам Рыгі Мартыньшам Стакісам, высланым зь Беларусі паслом у Менску Эйнарсам Сэманісам, экс-лідэрам Народнага Фронту Латвіі Рамуальдасам Ражукасам.

Акрамя таго, Сьвятлана Ціханоўская возьме ўдзел у цырымоніі ўзьняцьця беларускага нацыянальнага сьцяга, а таксама ва ўскладаньні кветак да помніка ахвярам савецкай акупацыі ў Рызе.

Сустрэча зь беларускай дыяспарай пройдзе 8 чэрвеня з 17.35 да 17.50 каля мэмарыялу ахвярам савецкай акупацыі «History Tactile».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца Ціханоўскай пра візавыя забароны: «Нам трэба цярпліва ратаваць добрае імя беларусаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за спрэчкамі пра знос савецкага помніка ў Рызе