Як украінцы ставяцца да жыхароў Беларусі? Вынікі апытаньня паказваюць радыкальную зьмену

Беларуска-украінская мяжа

За час вайны істотна пагоршылася стаўленьне ўкраінцаў ня толькі да Беларусі як краіны, ня толькі да Лукашэнкі, але і да жыхароў Беларусі, да народу. Гэта паказваюць вынікі дасьледаваньня, якое напрыканцы красавіка сёлета правяла ўкраінская Сацыялягічная група «Рэйтынг».

Сьцісла:

  • Да жыхароў Беларусі цёпла ставіцца цяпер толькі 22% украінцаў, за год гэтая доля зьменшылася ў 3 разы.
  • Горш, чым да жыхароў Беларусі, украінцы ставяцца толькі да жыхароў Расеі.
  • Да жыхароў Беларусі ўкраінцы ставяцца крыху горш, чым да жыхароў «ЛДНР», і значна горш, чым да жыхароў анэксаванага Расеяй Крыму.
  • Да Беларусі як краіны і да Аляксандра Лукашэнкі ўкраінцы ставяцца яшчэ горш, чым да грамадзянаў Беларусі.

У сярэдзіне красавіка ў інтэрвію Радыё Свабода кіраўнік «Рэйтынгу» Аляксей Анціповіч апісваў цяперашняе стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў і іх краіны наступным чынам: «Беларусы як народ — добрыя, Беларусь як краіна і ўлада — кепская».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы як народ — добрыя, Беларусь як краіна і ўлада — кепская». Вынікі апытаньня ва Ўкраіне

І сапраўды — вось як у сакавіцкім апытаньні «Рэйтынгу» рэспандэнты ставіліся да Беларусі як краіны.

Графік 1. Сяброўскія-варожыя краіны

Тады Беларусь ацэньвалі як краіну, у той ці іншай ступені сяброўскую, толькі 7% рэспандэнтаў.

У апытаньні ў канцы красавіка «Рэйтынг» высьвятляў стаўленьне ўкраінцаў да сусьветных лідэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне Лукашэнка цяпер — «Саша 3%». Вынікі апытаньня

Графік 2. Стаўленьне да сусьветных лідэраў

У тым апытаньні Аляксандра Лукашэнку ацанілі станоўча толькі 3% рэспандэнтаў.

Гэтыя дадзеныя пацьвярджаюць другую частку тлумачэньня кіраўніка «Рэйтынгу»: «Беларусь як краіна і ўлада — кепская».

Але апытаньне «Рэйтынгу», праведзенае напрыканцы красавіка, паказала, што першая частка яго ацэнкі, што для ўкраінцаў «беларусы як народ — добрыя», не зусім дакладная.

У гэтым апытаньні задавалася прамое пытаньне пра стаўленьне рэспандэнтаў да розных групаў людзей.

Графік 1. Як бы вы ацанілі сваё стаўленьне да гэтых групаў людзей?

Параўнаем цяпер графікі 1-3. Станоўчых ацэнак Лукашэнкі — 3%, Беларусь — сяброўская краіна для 7%, у той ці іншай ступені цёпла ставяцца да жыхароў Беларусі — 22% украінцаў, прыкладна кожны пяты.

Стаўленьне да жыхароў Беларусі — у 7 разоў лепшае, чым да Лукашэнкі, і ў 3 разы лепшае, чым да Беларусі як краіны.

Але ў параўнаньні са стаўленьнем да іншых групаў, якія фігуруюць у графіку 3, да жыхароў Беларусі — стаўленьне вельмі кепскае. Горшае, чым да іх, стаўленьне — толькі да жыхароў Расеі.

Варта адзначыць, што ўласна этнічнасьць і мова ня цалкам вызначае стаўленьне да адпаведных групаў. Да этнічных расейцаў, якія жывуць ва Ўкраіне, стаўленьне заўважна лепшае, чым да жыхароў РФ, хоць таксама ня надта цёплае. А стаўленьне да расейскамоўных украінцаў дык і вельмі добрае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пасьля расейскай акупацыі Ірпяня выглядае школа, у якой вывучалі беларускую мову, і што гаворыць дырэктарка пра беларусаў. ФОТА

Пытаньне пра стаўленьне да беларусаў як этнічнай групы, а таксама да беларусаў — жыхароў Украіны, у апытаньні не задавалася. Але адказы на пытаньне пра стаўленьне да жыхароў Беларусі — паказальныя і, так выглядае, вызначальныя. Магчыма, што калі б спыталіся пра стаўленьне да беларусаў, што жывуць ва Ўкраіне, яно было б лепшае, чым да грамадзян Беларусі. Але наўрад ці кардынальна лепшае.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што частка «жыхароў акупаванага Крыму» і «жыхароў так званых ДНР/ЛНР» са зброяй у руках ваюе з Украінай, жыхары Беларусі — не ваююць. А стаўленьне да іх — крыху горшае, чым да «жыхароў так званых ДНР/ЛНР», і значна горшае, чым да «жыхароў акупаванага Крыму».

Наступны графік дэманструе дынаміку стаўленьня да некаторых з групаў, якія фігуруюць на графіку 3.

Графік 4. Дынаміка стаўленьня

Як бачым, за год пазытыўнае стаўленьне да жыхароў Беларусі абрынулася, зьменшыўшыся ў 3 разы. На графіку 4 цікава адзначыць паляпшэньне стаўленьня да расейскамоўных украінцаў. Яно істотна палепшылася ў параўнаньні з 2021 годам, і крыху, але заўважна, палепшылася нават падчас вайны — з сакавіцкага да красавіцкага апытаньня.

Калі гаварыць пра сувязі стаўленьня да жыхароў Беларусі з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі, то яны нязначныя. Крыху цяплей ставяцца да іх жыхары поўдня Ўкраіны, людзі сталага веку, тыя, хто дома размаўляе па-расейску, і этнічныя расейцы — жыхары Ўкраіны.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што за час вайны істотна пагоршылася стаўленьне ўкраінцаў ня толькі да Беларусі як краіны, ня толькі да Лукашэнкі, але і да жыхароў Беларусі, да народу.

Украінскія ўлады, украінскія палітыкі збольшага такога стаўленьня да беларусаў не дэманструюць. Але і яны бяруць пад увагу грамадзкую думку, якую адлюстроўваюць — у прыватнасьці, і сацыялягічныя апытаньні.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.