Школа лінгвістыкі ў Ірпяні, у якой вывучалі беларускую мову, пацярпела ад расейскіх абстрэлаў і акупацыі. І хоць маштабы пашкоджаньняў крыху меншыя, чым у іншых сацыяльных і адукацыйных установах гораду, але для аднаўленьня памяшканьняў і навучальнага працэсу патрэбны і грошы, і час, і, галоўнае, заканчэньне вайны.
«Беларускай мовы не вывучаем»
Да 2018 году адміністрацыя школы падтрымлівала вельмі цесныя кантакты і зь беларускай амбасадай, і зь беларуска-славянскай гімназіяй № 36 імя Івана Мележа ў Гомлі.
А годам раней, у 2017-м, у школе аднавілі факультатыў па вывучэньні беларускай мовы. Плянавалі, што ў далейшым школьнікі змогуць вывучаць яе зь першай клясы як другую замежную. Але, па сутнасьці, тая кляса стала апошняй, у якой выкладалася беларуская мова.
«Цяпер тыя школьнікі вучацца ўжо ў 8-й клясе і беларускай мовы не вывучаюць. Але калі б тады не спынілі вывучаць беларускую, то спынілі б цяпер. Вы ж разумееце... Але пагутаварыце лепш з нашай дырэктаркай», — сказала Свабодзе клясная кіраўніца той клясы, у якой дзеці выявілі цікавасьць да беларускай мовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ведаюць украінскія школьнікі пра Беларусь. У школе пад Кіевам прайшло сьвята беларускай мовыУ школе працаваў цэнтар эталённай прававой інфармацыі
Выключэньне беларускай мовы з навучальнай праграмы адбылося за некалькі гадоў да вайны з банальнай прычыны — не змаглі знайсьці настаўніка.
«Спынілі вывучэньне, бо настаўніца звольнілася — яна жыла ў Кіеве і ёй было вельмі цяжка дабірацца. Беларускую мову не вывучаем ужо даўно», — сказала Свабодзе дырэктарка школы Валянціна Антоненка.
Але, нягледзячы на гэта, ірпенская школа працягвала заставацца беларускім цэнтрам. У 2018 годзе ў школе пачаў дзейнічаць цэнтар эталённай прававой інфармацыі. Яшчэ адзін такі цэнтар быў адкрыты і ў Львове, на базе нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Івана Франко.
Прадугледжвалася, што ў гэтых цэнтрах прадстаўнікі беларускай дыяспары, студэнты і навукоўцы змогуць пры дапамозе інфармацыйна-пошукавай сыстэмы «Эталён-online» свабодна карыстацца беларускім заканадаўствам, а таксама матэрыяламі судовай практыкі і іншай прававой інфармацыяй Беларусі.
«Цэнтар таксама цяпер не працуе», — паведаміла Валянціна Антоненка.
Школу можна аднавіць, а жыцьцё забітай школьніцы не вярнуць
Дырэктарка школы з болем і сьлязьмі расказвае, што цяпер у школе пашкоджаны дах і выбітая большая частка шыбаў.
«Плачу штодзень. Але будзем рамантаваць, абяцаюць дапамагчы», — кажа Валянціна Антоненка.
Школа ня трапіла пад прамыя ракетныя ўдары, як іншыя школы і дзіцячыя садкі гораду, але моцна пацярпела ад выбуховых хваляў — побач са школай ракета пацэліла ў супэрмаркет і жылы будынак.
Не пацярпелі спартовая пляцоўка і пляцоўка для вывучэньня правілаў дарожнай бясьпекі. Цяпер кіраўніцтва гораду стукае ва ўсе дзьверы, каб знайсьці тых, хто можа дапамагчы аднавіць усе пацярпелыя адукацыйныя ўстановы да новага навучальнага году, каб забясьпечыць годныя ўмовы для якаснай адукацыі.
Але адноўленая школа лінгвістыкі ўжо ніколі не дачакаецца сваю выхаванку, вучаніцу чацьвёртай клясы Алісу Перабійніс, якая загінула падчас эвакуацыі, калі расейскія войскі жорстка абстрэльвалі ўсе машыны, што выяжджалі з гораду.
З Азэрбайджану звоняць, а зь Беларусі — не
Дырэктарка школы ўспамінае пра даваенныя дачыненьні з гомельскай школай і беларускай амбасадай і дагэтуль ня можа ўявіць, чаму так здарылася, што бяда прыйшла менавіта зь беларускай тэрыторыі.
«Сябры былі вялікія. Мы сябравалі з гомельскай гімназіяй. А цяпер, калі такое сталася... Ведаеце... У мяне не ўкладаецца ў галаве. Людзі добрыя, мы шмат гадоў сябравалі. Кожны год, недзе перад Новым годам, нашы дзеткі езьдзілі туды, удзельнічалі ў міжнародных мележаўскіх чытаньнях. Гэта было вельмі цікава, пісалі навукова-дасьледчыя працы. Адзін раз на год яны да нас прыяжджалі, маю на ўвазе прадстаўнікоў пэдагагічнага калектыву, на наша традыцыйнае школьнае сьвята „Дзень нараджэньня краіны Раксаланіі“, а цяпер, калі ўспамінаеш усё гэта, думаеш: як яно такое магло здарыцца? Але ж людзі не вінаватыя. Добрыя людзі не вінаватыя, праўда ж? Ніхто мне не тэлефанаваў! Калі б патэлефанавалі, я б сказала», — сказала Валянціна Антоненка.
Паводле яе, аказваюць дапамогу і падтрымку зь іншых краін.
«Вось, напрыклад, тэлефанавалі з Азэрбайджану — і колішні пасол, і ўсе, хто мяне ведае, выказваюць спачуваньні. А зь Беларусі — ніхто. Такая сытуацыя. Будзем спадзявацца на лепшае, праўда? Скончыцца гэтая праклятая вайна. Вядома, цяжка, што так здарылася... Я ўжо не кажу між намі і (расейскімі) барбарамі, а між намі і беларусамі! Ну як гэта магло такое здарыцца? Як такое можа чалавек вытрымаць?»
Валянціна Антоненка паведаміла, што яшчэ летась па запрашэньні беларускага амбасадара Ігара Сокала яна наведвала дыпляматычны прыём з нагоды Дня незалежнасьці Беларусі.
«Там было шмат людзей, яны да канца пра нас памяталі, яны нас ведалі, я там выступала і казала, што пакуль што беларускай мовы не вывучаем, але будзем вывучаць. Магчыма, некалі так і будзе. Магчыма, усё перамелецца, стане на свае месцы і мы будзем сябраваць... Калі-небудзь... Галоўнае — дажыць. Вось днямі ўдарылі па Кіеве. Нібыта была трохі супакоілася, а цяпер зноў так цяжка на душы... Тым больш што той ідал не супакойваецца і кажа, што будзе бамбіць паўсюль, дзе яшчэ не бамбілі. Так што, як адзін чалавек сказаў, прачнуліся, пабачылі сваіх сяброў, нешта зрабілі, абняліся — і дзякуем Богу за кожны пражыты дзень», — дадала дырэктарка Ірпенскай спэцыялізаванай агульнаадукацыйнай школы з вывучэньнем замежных моў Валянціна Антоненка.
Работы ў аднаўленьні даху школы і замене вокнаў і дзьвярэй прафінансуе азэрбайджанская кампанія SOCAR Energy Ukraine.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.