У Гомельскім абласным судзе 7 чэрвеня ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд крымінальнай справы 33-гадовага мясцовага жыхара Андрея Паднябеннага. Андрэй мае расейскае грамадзянства, але з шасьці гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства.
Яго абвінавачваюць паводле шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, паведамляе «Вясна»:
• ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне чужой маёмасьці);
• ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня);
• ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму).
Яго вінавацяць у падпале машыны начальніка Ўпраўленьня дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, праколе колаў у 39 тралейбусаў, стварэньні і адміністраваньні Telegram-каналу і чату, якія прызналі экстрэмісцкімі фармаваньнямі, а таксама падпале крана на будоўлі ў 2019 годзе. Справу ў закрытым рэжыме разглядае судзьдзя Анатоль Сотнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Распачаўся суд над шасьцю фігурантамі справы групы «Буслы ляцяць». Чатырох зь іх вінавацяць у тэрарызьме