Тацяну Вадаласкую абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Разгляд ейнай справы пачаўся ў судзе Заводзкага раёну Менску 7 чэрвеня. Працэс вядзе судзьдзя Алег Каляда.
Падчас судовага пасяджэньня Тацяну трымаюць у кайданках, паведамляе «Вясна». Паводле зьвестак праваабаронцаў, у залю дазволілі прайсьці ўсім ахвотным.
Абвінавачаньне запрасіла для палітзьняволенай абмежаваньне волі ва ўстанове адкрытага тыпу («хімію») тэрмінам на два з паловай гады.
На гэты момант Вадаласкую ўтрымліваюць ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Адвакат Тацяны знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні.
Упершыню Вадаласкую затрымалі пасьля ператрусу 4 жніўня 2021 году. Тады яна атрымала 10-дзённы арышт. Адпусьцілі Тацяну 14 жніўня ў статусе падазраванай паводле ч. 1 арт. 342 КК.
Пазьней яе некалькі разоў выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт. У сакавіку Тацяна зьвярнулася ў СК па дазвол паехаць у Літву на лячэньне, 23 сакавіка накіравалася ў СК па адказ, але ёй прад’явілі пастанову аб узяцьці пад варту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт завяршыў сьледзтва адносна палітзьняволенай Тацяны Вадалажскай48-гадовая Тацяна Вадалаская — праграмны каардынатар ініцыятывы «Лятучы ўнівэрсытэт», якую пашыраў філёзаф і мэтадоляг, палітвязень Уладзімер Мацкевіч.
Таксама яна сябра міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «ЭўраБеларусь» (рэгістрацыя ў Літве).
Летась у жніўні ў актывістаў гэтага аб’яднаньня прайшлі ператрусы.
Таксама Вадалаская супрацоўнічала з Агенцтвам гуманітарных тэхналёгій і Цэнтрам эўрапейскай трансфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 сакавіка: па году калёніі за абразу Лукашэнкі і сарваны дзяржаўны сьцяг, ад 2 да 2,5 — за налепленыя стыкеры