Журналіста бабруйскай газэты «Коммерческий курьер» арыштавалі на 15 дзён
Затрыманага 3 чэрвеня на працоўным месцы журналіста бабруйскай газэты «Коммерческий курьер» Зьмітра Суслава арыштавалі на 15 сутак, паведаміў тэлеграм-канал «Бабруйск Online».
Пратакол склалі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Супрацоўнікі міліцыі зайшлі ў рэдакцыю і павялі журналіста без тлумачэньня прычын. З РАУС яго адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён прабыў тры дні да суду. Паводле чытачоў Свабоды, суд быў закрыты і прайшоў у ізалятары.
У месцах пазбаўленьня волі цяпер знаходзяцца 28 прадстаўнікоў беларускіх СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 чэрвеня: Затрымалі былога памежніка, дырэктару газэты «Белорусы и рынок» выставілі абвінавачаньнеЭкс-дацэнтку МДЛУ Натальлю Дуліну зноў арыштавалі на 15 дзён
Былую дацэнтку катэдры італьянскай мовы ў МДЛУ Натальлю Дуліну зноў затрымалі 3 чэрвеня. Гэта трэцяе затрыманьне за тры месяцы, паведамляе «Вясна».
Гэтым разам яе абвінавацілі ў «дробным хуліганстве» (арт. 19.1 КаАП) — яна нібыта «размахвала рукамі і нецэнзурна лаялася». Хадайніцтва аб праглядзе камэр відэаназіраньня судзьдзя адхіліла.
Першы раз Натальлю затрымлівалі 28 лютага за антываенную акцыю і арыштавалі на 15 сутак за «удзел у несанкцыянаваным пікетаваньні» (арт. 24.23 КаАП). Празь месяц — 25 красавіка — яе затрымалі дома, а потым асудзілі на 15 дзён арышту за «захоўваньне інфармацыйнай прадукцыі канала на YouTube з назвай „Радыё Свабода“» (арт. 19.11 КаАП).
Заснавальніку і супрацоўніцы кнігарні «Кнігаўка» далі чарговыя «суткі»
Выдавец і заснавальнік менскай кнігарні «Кнігаўка» Андрэй Янушкевіч пасьля 10 дзён адміністрацыйнага арышту зноў арыштаваны на такі самы тэрмін, паведамляе «Беларускі ПЭН».
Паводле ініцыятывы «Беларуская рада культуры», Янушкевіч 6 чэрвеня атрымаў 8 дзён арышту. Таксама зноў адміністрацыйна арыштавалі супрацоўніцу крамы Анастасію Карнацкую.
- 22 сакавіка арандадаўца запатрабаваў ад выдавецтва «Янушкевіч» на працягу трох дзён вызваліць менскі офіс на вуліцы Мар’еўскай, 7А, што і было зроблена. Праз тры тыдні выдавецтва абвясьціла аб адкрыцьці 16 траўня кнігарні «Кнігаўка» на вул. Зьмітрака Бядулі ў сталіцы. Яна не прапрацавала і сутак — вечарам таго ж дня ў краме прайшоў ператрус. Янушкевіча і Карнацкую затрымалі, далі 10 і 13 дзён адміністрацыйнага арышту адпаведна, але на волю пасьля гэтых тэрмінаў іх ня выпусьцілі.
68-гадовага пэнсіянэра адправілі ў калёнію за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь»
У судзе Навабеліцкага раёну Гомля вынесьлі прысуд палітвязьню Мікалаю Віцікаву. 68-гадовага пэнсіянэра зь Церухі асудзілі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК), піша «Вясна».
Падставай для затрыманьня паслужыў ягоны ліст у раённую газэту «Маяк» з нагоды абмеркаваньня зьменаў у Канстытуцыю.
Сьледчыя кваліфікавалі ліст пэнсіянэра па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу — «распальваньне сацыяльнай варожасьці», а раёнка адрэагавала абразьлівым артыкулам. Затым абвінавачаньне зьмянілі на іншае: дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.
У выніку судзьдзя Аляксандар Зінчук асудзіў Віцікава на 8 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму за «замах на распаўсюд недакладнай, абразьлівай... інфармацыі аб дзейнасьці дзяржорганаў, сілавікоў...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зрабіў мост, ставіў помнікі, дбаў пра царкву. Чым вядомы пэнсіянэр, якога арыштавалі за прапановы ў КанстытуцыюЖурналістку з Полацку аштрафавалі за жоўтую і сінюю стужкі
Полацкай журналістцы Ціне Палынскай, да якой раней прыходзілі сілавікі, прысудзілі штраф 3200 рублёў за жоўтыя і сінія стужкі на сумцы, даведалася Эўрарадыё.
Ператрус у Ціны Палынскай адбыўся ў нядзелю, ён быў зьвязаны зь яе крытычным выказваньнем адносна візыту ў Беларусь патрыярха Маскоўскага Кірыла.
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі пачалі затрымліваць за салідарнасьць з украінскім народам.