У Менскім гарадзкім судзе 6 чэрвеня пачаўся суд у справе «Буслы ляцяць» над палітвязьнямі Аляксеем Іванісавым і Аляксеем Гамезам, а таксама Мікалаем Біблісам, Андрэем Будаем, Аляксандрам Мураўёвым, Аляксандрам Сідарэнкам. Усіх іх абвінавачваюць паводле шэрагу крымінальных артыкулаў.
Справу разглядае Анастасія Папко, паведамляе «Вясна». Яна зрабіла суд закрытым.
Падсудным, у залежнасьці ад ролі кожнага зь іх, у розным спалучэньні інкрымінавалі:
- ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак),
- ч. 2 арт. 290-4 (удзел у тэрарыстычнай арганізацыі),
- ч. 1 арт. 359 (акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага дзеяча);
- ч. 1 арт. 218 (наўмыснае пашкоджаньне чужой маёмасьці),
- ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў) Крымінальнага кодэкса.
На на маці палітвязьня ў судзе выклікалі міліцыю
Як распавядалі відавочцы «Вясьне», на працэс прыйшлі двое пацярпелых:
«Гэта жанчына і мужчына. У іх была група падтрымкі «ябацек», якая на суд прыйшла з сімволікай. У аднаго з іх на кашулі была літара «Z», а на грудзях – георгіеўская стужка».
Паміж імі і 76-гадовай маці Іванісава Натальляй адбыўся канфлікт. Група падтрымкі пацярпелых пачала наракаць, што, маўляў, з-за такіх як абвінавачваныя «ўсё адбываецца і можа пачацца вайна».
Маці Іванісава не вытрымала і нешта ім адказала. На яе выклікалі нарад міліцыі. На 76-гадовую жанчыны міліцыянты склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.
У чым вінавацяць падсудных
Паводле абвінавачаньня, летась 4 сакавіка ўдзельнікі групы нібыта:
- пашкодзілі аўтамабіль, які належыць судзьдзі Барысаўскага раёну: аблілі фарбай кузаў транспартнага сродку, прабілі чатыры колы;
- у пэрыяд з 14 па 15 сакавіка 2021 года адзін з абвінавачаных пашкодзіў чатыры шыны аўтамабіля, які належыць «грамадзкаму актывісту – карэспандэнту рэспубліканскага СМІ»;
- 8 красавіка 2021 году фігуранты кінулі камень у акно кватэры, дзе пражывае супрацоўнік пракуратуры Менску;
- 22 траўня 2021 году зрабілі аналягічныя дзеяньні ў дачыненьні да актывісткі, якая падтрымлівае ўладу;
- у пэрыяд з 2 па 15 чэрвеня 2021 года абвінавачаныя нібыта пашкодзілі і зьнішчылі сыстэму відэаназіраньня, усталяваную ў Фрунзэнскім раёне Менску.
Паводле сьледзтва, абвінавачаныя выкарыстоўвалі сродкі кансьпірацыі, не выкарыстоўвалі мабільных тэлефонаў, хавалі свае транспартныя сродкі.
Усе абвінавачаныя мужчыны працавалі ў розных сфэрах эканомікі, займаючы ў тым ліку кіроўныя пасады, раней не судзімыя, амаль кожны мае малалетніх дзяцей. «Яны пазнаёміліся паміж сабой на „дваровых чаяваньнях“, пасьля чаго размаўлялі ў асобным закрытым Telegram-чаце», — гаворыцца ў паведамленьні Сьледчага камітэту.
Затрымалі фігурантаў справы ў канцы верасьня – пачатку кастрычніка 2021 году. Празь месяц, 30 лістапада 2021-га, Вярхоўны суд прызнаў аб’яднаньне «Супраціў», у якое ўваходзіць групы «Кібэрпартызаны», «Дружина народной самообороны — ДНС» і «Буслы ляцяць», тэрарыстычным.
13 траўня стала вядома, што Аляксея Іванісава і Аляксея Гамезу, а таксама Андрэя Будая і Аляксандра Мураўёва ўнесьлі ў «тэрарыстычны» сьпіс КДБ.
Падставай для ўключэньня паслужыла выстаўленае ім абвінавачаньне паводле артыкулу 359 Крымінальнага кодэксу Беларусі (акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ унес у сьпіс асобаў, асобаў, датычных да «тэрарызму», яшчэ чатырох чалавек ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ абнавіў сьпіс «тэрарыстаў» — у ім 15 новых прозьвішчаў, сярод іх Марыя Калесьнікава і Максім Знак