«Не прызнаю сябе вінаватым». Зьняволены журналіст Аляксандраў напісаў ліст з нагоды пачатку суду

Андрэй Аляксандраў

Суд над супрацоўнікамі БелаПАН распачнецца 6 чэрвеня. Адзін з фігурантаў справы, журналіст і мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў, які знаходзіцца пад вартай з 12 студзеня 2021 году, напісаў ліст з нагоды сёньняшняга працэсу.

Свабода публікуе ягоны зьмест.

«Дарагія сябры, вось ужо чацьвёрты месяц з моманту выстаўленьня мне канчатковага абвінавачаньня, я практычна не атрымліваю лістоў і ня ведаю, ці даходзяць мае лісты тым, каму я працягваю рэгулярна пісаць, больш-менш стабільная паштовая сувязь застаецца толькі з бацькамі. Але па рэдкіх паштовых галубах, якія ня зьбіліся з дарогі, рэгулярных мілых пасылках і смачных перадачах ведаю і адчуваю вашу падтрымку, за якую нязьменна ўдзячны. Я ведаю, што шмат хто зь сяброў і калег зьбіраліся наведаць мяне ў судзе, паседжаньні якога ў нашай справе пачынаюцца шостага чэрвеня; але суд над намі будзе закрытым «у мэтах невыдаваньня таямніцы, якая ахоўваецца законам». Што гэта за таямніца, я пакуль ня ў курсе, вельмі ж яна ахоўваецца, а я прабыў у СІЗА пад сьледзтвам нават менш за паўтара года, адкуль мне ведаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Журналісты гуляюць у футбол на мінным полі». Расказваем пра тых, каго судзяць у «справе БелаПАН»

Магчыма, таямніца ў тым, што людзі, якіх будуць судзіць, ні ў чым не вінаватыя; прынамсі я не прызнаю сябе вінаватым у тым, у чым мяне вінавацяць; на суд еду бязь лішніх ілюзій, затое з чыстым сумленьнем і нават з прыемным хваляваньнем.

Нарэшце ўбачу дарагіх мне людзей; шкада, вядома, што ўбачу іх на лаве падсудных, але гэта сягоньня папулярнае месца сустрэчы добрых людзей; а буду я на гэтым месцы побач з добрымі людзьмі, сяброўствам зь якімі ганаруся.

Ірына Леўшына — чалавек з добрым сэрцам і жалезнымі прынцыпамі, супэр-рэдактар, профі найвышэйшага ўзроўню. Дзіма Наважылаў — выключна прыстойны, абавязковы, спагадлівы і гатовы прыйсьці на дапамогу (яшчэ адна яго бясспрэчная вартасьць — ён заўзятар «Лівэрпуля»). І Іра Злобіна — чалавек з самым неймаверным спалучэньнем дабрыні, розуму і прыгажосьці ва ўсіх яе праявах, якія я сустракаў у жыцьці.

Я шчасьлівы чалавек. Толькі рэальны шчасліўчык мог трапіць у такую вартую кампанію. Толькі рэальны шчасьліўчык мог займець у сябры ўсіх вас — суграмадзян, калег, добрых людзей. Дзякуй вам за ўсё вашае цяпло, салідарнасьць і падтрымку! Зь імі я адчуваю сябе абсалютна спакойна і ўпэўнена. Шкада, што я не магу асабіста павіншаваць маці з днём яе нараджэньня, які яна будзе адзначаць на днях. Але мы ўсё абавязкова навярстаем. Жыцьцё працягваецца. Мы працягваемся. Гісторыя — наша гісторыя — працягвае свой ход. Нічога не заканчваецца.

Пішам далей. Абдымаю.

Аляксандраў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заява БАЖ: «Журналісты павінны мець магчымасьць нармальна працаваць і жыць бяз страху за сваю сям’ю і сябе»

Суд па «справе інфармагенцтва БелаПАН» распачынаецца 6 чэрвеня ў Менску. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме. На лаве падсудных чацьвёра: Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна, Ірына Леўшына і Дзьмітры Наважылаў.

Былога намесьніка дырэктара інфармагенцтва Андрэя Аляксандрава вінавацяць у арганізацыі пратэстаў, ухіленьні ад выплаты падаткаў, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня «БелаПАН» альбо ўдзеле ў ім, а таксама ў здрадзе дзяржаве.

Дзяўчыну Аляксандрава Ірыну Злобіну абвінавачваюць таксама ў арганізацыі пратэстаў і здрадзе дзяржаве. Паводле МУС, Аляксандраў і яго сяброўка Ірына Злобіна фінансавалі акцыі пратэсту — супрацоўнічалі з краўдфандынгавай плятформай BY_help, і ў пэрыяд з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году заплацілі больш як 250 штрафаў.
Былога дырэктара БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня «БелаПАН».

Галоўнага рэдактара Ірыну Леўшыну — у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня «БелаПАН» або ўдзеле ў ім. Астатнія абвінавачаньні зь Ірыны зьнятыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вялікай Брытаніі пачалі кампанію салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі Аляксандравым і Злобінай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справу БелаПАН» пачнуць разглядаць 6 чэрвеня ў закрытым фармаце