У чэрвені ў Беларусі распачнуцца пяць крымінальных працэсаў над прадстаўнікамі мэдыя. Улады плянамерна перасьледуюць мэдыйнікаў, абвінавачваючы нашых калег паводле розных артыкулаў Крымінальнага кодэксу — ад удзелу ў пратэстах да дзяржаўнай здрады, — гаворыцца ў заяве БАЖ.
6 чэрвеня ў Менску ў закрытым рэжыме распачнецца суд у «справе інфармагенцтва БелаПАН». На лаве падсудных: былы намесьнік дырэктара інфармагенцтва Андрэй Аляксандраў (яго вінавацяць у «арганізацыі пратэстаў, ухіленьні ад выплаты падаткаў, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня БелаПАН альбо ўдзеле ў ім і здрадзе дзяржаве»), яго сяброўка Ірына Злобіна (вінавацяць у «арганізацыі пратэстаў і здрадзе дзяржаве»), былы дырэктар БелаПАН Дзьмітры Наважылаў («ухіленьне ад выплаты падаткаў і стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня БелаПАН») і галоўны рэдактар Ірына Леўшына («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня БелаПАН альбо ўдзел у ім»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, за што будуць судзіць фрылансэра Свабоды Андрэя Кузьнечыка. Яму пагражае 7 гадоў турмы7 чэрвеня ў Менску пачнуць судзіць галоўную рэдактарку закрытай уладамі газэты «Новы час» Аксану Колб. Рэдактарку незалежнага выданьня вінавацяць у арганізацыі пратэстаў і ўдзеле ў іх.
8 чэрвеня ў Магілёве ў закрытым рэжыме пачнуць судзіць фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка. Ужо пасьля яго затрыманьня ўлады ўнесьлі Радыё Свабода ў сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў, а цяпер журналіста будуць судзіць за ўдзел у такім фармаваньні.
Таксама ў чэрвені заплянаваны суд над журналісткай тэлеканала «Белсат» Кацярынай Андрэевай, якую ўжо асудзілі за асьвятленьне пратэстаў на 2 гады зьняволеньня і якая адсядзела за кратамі 1,5 года. Незадоўга да вызваленьня яе абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве. Кацярыне пагражае да 15 гадоў турмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орўэл здзівіўся б, за што ў Беларусі адпраўляюць у турму журналістаў. ВІДЭА і цытаты онлайн-брыфінгуУ чэрвені пачнецца суд і над журналісткай тэлеканала «Белсат» Ірынай Слаўнікавай. Як і Андрэя Кузьнечыка, яе вінавацяць у стварэньні альбо ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні.
Усяго на дадзены момант за кратамі ў Беларусі ў жахлівых умовах утрымліваюць 27 прадстаўнікоў мэдыя. Гэта лічба, на вялікі жаль, павялічваецца. Беларуская асацыяцыя журналістаў падкрэсьлівае, што журналісты — не злачынцы. Свабода выказваньня зьяўляецца падмуркам дэмакратычнага грамадзтва. Журналісты павінны быць неадкладна вызваленыя з турмаў, мець магчымасьць нармальна працаваць і жыць бяз страху за сваю сям’ю і сябе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справу БелаПАН» пачнуць разглядаць 6 чэрвеня ў закрытым фармаце