Яраслаў Раманчук: «Ва ўрада атрымаецца арганізаваць „паралельны імпарт“, краіна ўжо даўно ператворана ў ЗАТ „Беларусь“»

Карцінка на тэму санкцый і імпарту

Ва ўрада атрымаецца арганізаваць «паралельны імпарт» з дапамогай фірм-«пракладак» і краін, якія ня ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Такое меркаваньне ў камэнтары BPN выказаў эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Прэм’ер Галоўчанка раней заявіў, што санкцыі зьнізяць даходы ад экспарту на 18 млрд даляраў. Імпарт таксама пад пагрозай, трэба закрываць дзіркі, адсюль такое рашэньне. Пры гэтым кампэнсацыя імпарту ня будзе поўнай, і пастаўкі абыдуцца даражэй з-за больш доўгіх ланцужкоў», — лічыць Яраслаў Раманчук.

Ён падкрэсьліў, што санкцыі супраць Рэспублікі Беларусь увялі дзяржавы з агульнай колькасьцю насельніцтва менш як 20% ад насельніцтва Зямлі, «усё астатняе адкрыта». Паводле слоў экспэрта, «паралельны імпарт» рэальна ажыцьцяўляць праз такія буйныя краіны, як Індыя і Кітай. Падтрымку можа надаць Расея, дзе такі імпарт дазволены з канца сакавіка:

«Там дастаткова сеткавых паўмафіёзных структур, зьвязаных з уладай. Ня будзем забываць і аб схемах, распрацаваных для паставак санкцыйнай прадукцыі ў РФ празь Беларусь».

Як заявіў Раманчук, такія пастаўкі ніяк не паўплываюць на рэпутацыю Менску.

«Краіна ўжо даўно ператворана ў ЗАТ „Беларусь“. Цяпер у ёй кіруюць генэралы ў парадыгме вайсковага камунізму, пераразьмяркоўваючы ўласнасьць, як у 90-х. Ім не да рэпутацыйных выдаткаў, калі стаіць задача выжыць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што атрымае і што страціць Беларусь ад шостага пакету санкцыяў Эўразьвязу? Тлумачыць экспэртка

На яго думку, вытворцы тавараў будуць скрозь пальцы глядзець на «шэры» імпарт сваёй прадукцыі і ўжывуць нейкія захады, толькі калі ў Беларусі будзе арганізавана пірацкая вытворчасьць.

4 чэрвеня прэс-служба ўраду паведаміла, што апэратыўна-сытуацыйны штаб пры Савеце міністраў вырашыў распрацаваць праект заканадаўчага акту, які прадугледжвае легалізацыю «паралельнага імпарту» тавараў, а таксама магчымасьць выкарыстаньня праграмнага забесьпячэньня і іншых аб’ектаў у лічбавай сфэры бяз санкцыі праваўладальнікаў.

«Гэтым самым будзе прадастаўлена магчымасьць увозіць арыгінальны тавар ня толькі самім праваўладальнікам аб’екту інтэлектуальнай уласнасьці або іх афіцыйным дыстрыбутарам, але і любым імпартэрам», — падкрэсьлівалася ў рэлізе. Адзначалася таксама, што «ўстанаўленьне гэтай часовай меры накіравана на недапушчэньне дэфіцыту тавараў імпартнай вытворчасьці і насычэньне спажывецкага рынку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рост тарыфаў на газ, новыя банкаўскія абмежаваньні. Што зьменіцца ў Беларусі з 1 чэрвеня

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.