Сёньня ў Менск прыляцеў кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) патрыярх Кірыл, паведамляе партал Зеркало са спасылкай на сайт БПЦ.
Гэта першы за чатыры гады візыт патрыярха ў Беларусь. Патрыярх мае намер удзельнічаць у сьвяткаваньні 1030-годьдзя ўстанаўленьня праваслаўя на беларускіх землях і ў мерапрыемствах у памяць аб прападобнай Эўфрасіньні Полацкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская праваслаўная царква вырашыла адмовіцца ад Маскоўскага патрыярхату. Тлумачым, што гэта азначаеСярод афіцыйных асобаў, якія сустракалі патрыярха Кірыла яго ў аэрапорце, былі мітрапаліт Веніямін, віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Дзьмітры Мезенцаў, амбасадар РФ у Беларусі Барыс Грызлоў.
Зьвяртаючыся па прылёце да прадстаўнікоў СМІ, патрыярх Кірыл пачаў з тэмы вайны — Вялікай Айчыннай:
— Кожны раз, калі прыбываю ў Беларусь, з цёплым і асаблівым унутраным пачуцьцём я іду на беларускую зямлю. Таму што нельга не ўзгадаць вялікі подзьвіг народа на гэтай зямлі, які твар у твар сутыкнуўся са страшнай агрэсіяй, — прыводзіць словы кіраўніка РПЦ сайт БПЦ. — І нельга не ўзгадаць тыя ахвяры, якія панёс беларускі народ, адбіваючы гэтую агрэсію. Таму першае, што я зраблю, будзе ўскладаньне вянка ў памяць аб тых ахвярах, да якіх мы ставімся з вялікай падзякай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады двух украінскіх гарадоў забаранілі дзейнасьць цэркваў, падпарадкаваных Маскоўскаму патрыярхатуУ час паездкі, як расказаў кіраўнік РПЦ, ён зьбіраецца наведаць не толькі Менск, але і Полацак, а таксама сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам і Дзьмітрыем Мезенцавым.
Наведаў кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы і прадстаўніцтва патрыярхату Маскоўскага і ўсяе Русі ў Беларускім Экзархаце. Паводле яго слоў, ён крануты, што ў цэнтры Менска стварылі храм і падворак, дзе можа спыняцца патрыярх.
— Ня думаю, што я буду часта стамляць вас сваімі візытамі, але сам факт існаваньня гэтага падворка мае вялікае духоўнае і сымбалічнае значэньне. Таму што праз гэты храм, праз гэтае месца бачным чынам дэманструецца наша адзінства, адзінства Сьвятой Русі. Тое самае адзінства, дзякуючы якому сфармавалася псыхалёгія рускага чалавека, — прыводзіць словы патрыярха сайт БПЦ. — Калі я кажу «рускі», то маю на ўвазе і беларусаў, украінцаў, усіх тых, хто выйшаў з Кіеўскай купелі Хрышчэньня. Больш за тое, праз гэтае адзінства фармавалася сыстэма каштоўнасьцяў, якая спрыяла таму, што народ наш, гістарычна адзіны народ, аказаўся здольным пераадольваць велізарныя гістарычныя выпрабаваньні. І самым, мусіць, страшным выпрабаваньнем за ўсю гісторыю для народу нашага зьявілася Вялікая Айчынная вайна. І Беларусь стала тым месцам, дзе асабліва жорстка вялася гэтая барацьба [...].
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усіхсьвяцкі скіт Сьвятагорскай лаўры ва Ўкраіне згарэў у выніку абстрэлаў