Сьцісла:
- Сыстэма адукацыі ў Беларусі прывучае забіваць чалавека ў сабе.
- Мілітарызацыя ідзе побач з пранікненьнем ідэалёгіі «русского мира».
- У Расеі агульная мілітарызацыя, культ «Перамогі», які ператварыўся ў карнавал вайны, глёрыфікацыя вайны, ушанаваньне гвалту.
- Усе гэта накіравана на тое, каб падрыхтаваць беларускае грамадзтва, каб нешта ненармальнае яно лічыла нармальным.
- Адзіны рэсурс разьвіцьця — гэта ўкладаньні і інвэстыцыі ў інтэлект.
— Беларускія школьнікі ў наступным навучальным годзе будуць здаваць мабільнікі, абавязкова насіць форму і слухаць гімн. Ці будзе мець посьпех чарговая спроба дзяржавы ідэалягічна напампоўваць школу? Такія спробы рабіліся ад сярэдзіны 90-х, фактычна адразу пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады, але, як падаецца, малапасьпяхова. Ці мо яны мелі нейкі вынік?
— Збольшага, вядома, не. Бо цяперашняя ідэалёгія выглядае састарэлай і не адпавядае часу. Але, з другога боку, на пэўны сэгмэнт насельніцтва яна ўплывае і мае нейкі абмежаваны вынік.
— Цяперашняя новая хваля ідэалягізацыі, якая ідзе ад 2020 году, — яна праходзіць «для галачкі», абы выканаць заданьне зьверху? Ці яны сапраўды спадзяюцца выхаваць нейкае новае пакаленьне — паслухмянае, маўклівае і адданае ўладзе?
— Тое, што цяпер адбываецца, можна назваць словам «мілітарызацыя». Мілітарызацыя грамадзкай прасторы і сыстэмы адукацыі. Пачалося гэта ў 2020 годзе, яшчэ да жнівеньскіх пратэстаў, прызначэньнем на галоўныя пасады сілавікоў. Адбываецца і мілітарызацыя ідэалягічная, якой раней у такіх маштабах не было. Адзіная форма, увядзеньне вайсковай падрыхтоўкі ў школах — гэта сьведчыць, што на мілітарызацыю зроблена асноўная стаўка. Вядома, што каб забіць іншага чалавека, трэба спачатку забіць яго ў сабе. Сыстэма адукацыі прывучае забіваць чалавека ў сабе.
— Дагэтуль, нягледзячы на ўсе хвалі наступу на правы вучняў і студэнтаў, у іх і іхных бацькоў быў выбар — аддаваць ці не ададваць сваё дзіця ў піянэры, ісьці ў БРСМ. Думаеце, гэтага выбару ўлады могуць пазбавіць?
— Можна было не аддаваць сваё дзіця ў піянэры. Але калі адбываецца мілітарызацыя ўсёй сыстэмы адукацыі, то адзінае выйсьце — гэта нейкая альтэрнатыўная, недзяржаўная адукацыя. Аднак яе магчымасьці цяпер мінімальныя і, здаецца, будуць яшчэ зьніжацца.
Можна ўспомніць савецкае дзяцінства, калі я зьбіраў-разьбіраў аўтамат Калашнікава, удзельнічаў у «Зарніцы» — але ўсё гэта ўспрымалася як такая гульня, і ня больш за тое. Але ў сёньняшніх умовах нават існаваньне інтэрнэту і альтэрнатыўных сродкаў інфармацыі не гарантуе, што гэта напампоўваньне ідэалёгіяй не спрацуе ў нейкай ступені. Дастаткова паглядзець на Расею, дзе да нядаўняга часу каналаў камунікацыі было шмат, але, тым ня менш, сёньня большасьць насельніцтва Расеі падтрымлівае вайну.
— Ня думаю, што ў расейскіх школах вучылі, што «вайна з Украінай — гэта добра». Тут ужо запрацавалі іншыя мэханізмы прапаганды...
— Вядома, там на ўроках не гаварылі пра вайну з Украінай, але агульная мілітарызацыя, культ «Перамогі», які ператварыўся ў карнавал вайны, глёрыфікацыя вайны, ушанаваньне гвалту, урэшце. Усё гэта прывяло да таго, што сёньня большая частка расейскага грамадзтва падтрымлівае канкрэтную вайну Расеі з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыходзяць ад КДБ устаноўкі, як і што рабіць». Выкладчыцы, якіх звольнілі за палітыку, расказваюць пра падзеі ў ВНУ— Але мы маем прыклады, калі ў Беларусі з адной школы, з аднаго асяродзьдзя адны людзі прыходзяць у дэмакратычны, пратэставы рух, іншыя — ідуць у сілавікі. Усё ж на сёньня галоўным чыньнікам грамадзкага станаўленьня чалавека школы і ВНУ не зьяўляюцца, нягледзячы на ўсе спробы ідэалягізацыі.
— Ня трэба недаацэньваць моц прапаганды. У той самай Расеі ненармальнае (вайна) было пераўтворана ў грамадзкай думцы ў нешта нармальнае. Тое самае можа адбыцца і ў Беларусі. Бо гэтая мілітарызацыя ідзе побач з пранікненьнем ідэалёгіі «русского мира», увядзеньнем прадмету «геапалітыка» ў ВНУ з элемэнтамі эўразійскай ідэалёгіі. Усе гэта накіравана на тое, каб падрыхтаваць беларускае грамадзтва, каб нешта ненармальнае яно лічыла нармальным.
Татальная мабілізацыя, якая адбывалася ў нацысцкай Нямеччыне альбо сталінскім Савецкім Саюзе, сёньняшнім кіроўным рэжымам ужо не патрэбная.
— Падчас умоўнай лібэралізацыі Беларусь у 2015 годзе «авансам» уступіла ў Балёнскі працэс — Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Ці адбыліся за гэты час нейкія пазытыўныя зьмены ў сыстэме адукацыі?
— Балёнскі працэс прынёс пэўныя пазытыўныя тэхналягічныя зьмены ў сыстэму вышэйшай адукацыі. Архітэктура адукацыі стала больш падобная да тае, якая існуе ва ўсім сьвеце, — у нас зьявіўся бакаўлярэат, магістратура. Былі зроблены захады, каб існавала крэдытная сыстэма, падобная да эўрапейскай.
Але што тычыцца каштоўнасных момантаў — акадэмічных свабодаў, самакіраваньня вышэйшых навучальных установаў, — тут нічога зроблена не было.
— І ёсьць такі працэс, калі беларускія абітурыенты «галасуюць нагамі», то бок выбіраюць навучаньне ва ўнівэрсытэтах за мяжой.
— Так. Дарэчы, калі паглядзець статыстыку, то за апошнія 10 гадоў відавочна назіраецца тэндэнцыя, што колькасьць беларусаў, якія навучаюцца ў расейскіх унівэрсытэтах, скарачаецца. І расьце колькасьць тых, хто вучыцца ва ўнівэрсытэтах Эўразьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь выключылі з працоўнай групы Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі— Ці лічыце вы, што пасьля палітычных зьменаў гэтыя людзі вернуцца ў Беларусь і будуць працаваць на яе разьвіцьцё?
— Цалкам магчыма. Маем яркі прыклад прэзыдэнткі Малдовы Маі Санду, якая скончыла Гарвардзкі ўнівэрсытэт і з гэтым дыплёмам магла б зрабіць пасьпяховую кар’еру дзе заўгодна. Але вярнулася ў Малдову і стала прэзыдэнтам краіны.
— Як павінна «ў ідэале» выглядаць сыстэма адукацыі ў будучай дэмакратычнай Беларусі? Якія стратэгічныя шляхі яе рэфармаваньня, якія асноўныя кірункі?
— Самае галоўнае ня тое, каб зрабіць нейкую ідэальную мадэль. Самае галоўнае — зразумець, якую ролю будзе выконваць адукацыя ў будучай Беларусі. Відавочна, што Беларусь ня можа пасьпяхова існаваць эканамічна за кошт, напрыклад, прыродных рэсурсаў, якіх у нас ня так шмат. І адзіны рэсурс разьвіцьця — гэта ўкладаньні і інвэстыцыі ў інтэлект.
На сёньня адукацыя і культура фінансуюцца па рэшткавым прынцыпе, які існаваў яшчэ ў Савецкім Саюзе. А трэба, каб адукацыя стаяла на першым месцы. Стаўку трэба рабіць на моцныя ўнівэрсытэты, якія сталі б лякаматывам разьвіцьця эканомікі і грамадзтва. Такім чынам, трэба перш за ўсё пераасэнсаваць месца адукацыі ў сучасным грамадзтве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вучоба ў СІЗА, факультатывы ў суботу. Расказваем, што мяняецца ў адукацыі