Яна займае сталец даўжэй за ўсіх іншых брытанскіх манархаў за ўсю гісторыю краіны. Да яе рэкардсмэнкай была каралева Вікторыя, якая кіравала Вялікай Брытаніяй 63 гады.
Каралева Лізавета надзвычай папулярная ў брытанскім грамадзтве. Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньняў аднаго з самых аўтарытэтных сацыялягічных цэнтраў краіны Ipsos MORI.
У апытаньні, праведзеным у траўні сёлета, 86% рэспандэнтаў заявілі, што задаволеныя тым, як Лізавета ІІ робіць сваю працу, а незадаволеных яе дзейнасьцю было 7%.
Манархіня не заўсёды мела такую папулярнасьць. Паводле апытаньня Ipsos MORI, у 1992 годзе станоўча ацэньвалі яе дзейнасьць тры чвэрці брытанцаў. А ў канцы 90-х, падчас гучнага разводу прынца Чарльза і прынцэсы Дыяны, папулярнасьць каралевы зьнізілася да 66%.
Але ў 2002 годзе — на залаты юбілей кіраваньня Лізаветы ІІ — доля станоўчых ацэнак яе працы падвысілася да 80% і з таго часу ніколі не была ніжэйшая.
Варта адзначыць, што сама каралева папулярная больш, чым манархія як інстытут.
Чаму вы аддаяце перавагу — каб Вялікая Брытанія стала рэспублікай ці засталася манархіяй?
На працягу прыкладна 30 гадоў у сярэднім каля дзьвюх трацінаў брытанцаў лічылі захаваньне манархіі лепшым за ператварэньне краіны ў рэспубліку. За 30 гадоў доля прыхільнікаў захаваньня манархіі вагалася ад 60% да 80%. Цікава, што за гэты ж пэрыяд значна больш стабільнай была доля прыхільнікаў ператварэньня Вялікай Брытаніі ў рэспубліку — гэтаму аддаваў перавагу прыкладна кожны пяты рэспандэнт.
Вялікая Брытанія была рэспублікай 11 гадоў у сваёй гісторыі. У 1649 годзе кароль Карл І быў пакараны сьмерцю, а манархію скасавалі. Але ў 1660 годзе манархію рэстаўравалі, сталец заняў Карл ІІ — сын пакаранага сьмерцю караля. З таго часу манархія ў Вялікай Брытаніі не перарывалася.
Гледзячы ў будучыню, як вы лічыце, застанецца ці не застанецца Вялікая Брытанія манархіяй у наступныя (10, 50, 100) гадоў? % станоўчых адказаў
Нягледзячы на высокую падтрымку цяперашняй манархіі, наконт пэрспэктывы яе захаваньня ў будучыні брытанцы больш скептычныя. Каля 80% рэспандэнтаў мяркуюць, што манархія захаваецца ў наступныя 10 гадоў. Аднак у тым, што так будзе яшчэ 50 гадоў, упэўненыя толькі 42% апытаных, а 29% лічаць, што манархія захаваецца на працягу стагодзьдзя.
Як беларусы сьвяткуюць юбілей кіраваньня Лізаветы ІІ?
Юбілей кіраваньня Лізаветы ІІ брытанскія беларусы адзначаюць разам зь іншымі падданымі каралевы. Пра гэта мы пагаварылі з кіраўніком Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі, намесьнікам старшыні Рады БНР Міколам Пачкаевым.
— Як дыяспара сьвяткуе плятынавы юбілей кіраваньня Лізаветы ІІ? Наколькі я ведаю, вы, Мікола, у гэтыя сьвяточныя дні займаецеся перадачай дапамогі Ўкраіне.
— Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі як арганізацыя не ўдзельнічае ў сьвяткаваньні. Але асабліва для старэйшага пакаленьня дыяспары каралева была важнай фігурай, айцец Аляксандар Надсан заўсёды казаў на літургіі: «Молімся за каралеву нашу Альжбету...». І цяпер айцец Сяргей Стасевіч прыгадвае каралеву на літургіях, хоць у трохі іншых словах.
Толькі вельмі старыя людзі памятаюць часы, калі быў іншы манарх — бацька каралевы Лізаветы ІІ. Нядаўна ў глыбінях архіваў нашага Згуртаваньня я знайшоў капэрту каралеўскай пошты з надпісам «На службе Яго (а не Яе) Каралеўскай Мосьці», гэта была ў нас невялікая сэнсацыя.
Яна разглядаецца ня проста як каралева, а як матрыярх брытанскага грамадзтва.
Таму ўсе сьвяткуюць, зразумела. Я, на жаль, не пайшоў на парад, аб якім пачуў шмат захопленых уражаньняў, быў заняты справамі зь перадачай дапамогі Ўкраіне.
Беларусы сьвяткуюць юбілей яе караляваньня, але прыватна.
— Паводле апытаньняў, у Брытаніі прыкладна 20% выступаюць за ўсталяваньне ў краіне рэспублікі. А ці ёсьць такія сярод беларускай дыяспары?
— Я ніколі ня чуў сярод беларусаў дэбатаў на гэтую тэму. І цяпер у Брытаніі няма ніводнай сур’ёзнай палітычнай сілы, якая выступала б за скасаваньне манархіі. Можа 20% брытанцаў і сымпатызуюць гэтай ідэі, але, значыць, тры чвэрці не сымпатызуюць ёй, і на палітычнай сцэне гэтая думка фактычна ніяк не прадстаўленая.
Па маіх назіраньнях, для беларусаў, якія прыбываюць у Брытанію цягам апошніх 20 гадоў, дзіўным выглядае ня тое, што ў Брытаніі на гары палітычнай сыстэмы стаіць адна нязьменная фігура, а што фігура манарха ня ўмешваецца ўва ўсё і дэлегуе свае каралеўскія паўнамоцтвы прадстаўніку партыі, якая атрымала (самастойна ці ў кааліцыі) мандат парлямэнцкай большасьці ад грамадзянаў на дэмакратычных выбарах. На брытанскім манарху ляжыць канстытуцыйны абавязак не дапусьціць злачыннага злоўжываньня прэм’ерам дэлегаваных яму Каронаю паўнамоцтваў.
Апошнія выпадкі вэта манарха на праект свайго прэм’ера былі ў ХІХ стагодзьдзі, але й на маёй памяці прынамсі двойчы ў друку і палітычнай супольнасьці абмяркоўвалася імавернасьць вэта каралевы на магчымыя рашэньні кіраўніка ўраду. Калі ў палітычнай супольнасьці складаецца кансэнсус аб магчымасьці такога вэта, ужо само гэта ёсьць стабілізацыйным фактарам.
У гэтым сэнсе манарх адыгрывае ролю «жывога дыспэтчара». Ён ня мае права сам умешвацца і кіраваць (у нармальных абставінах), аднак мае права і нават абавязак скарыстаць «стоп-кран», каб перадухіліць самаразбурэньне сыстэмы. Усе гульцы на палітычнай сцэне гэта ведаюць, што ўжо само па сабе стабілізуе сыстэму.
Манарх — гэта ня проста дзяржаўная пасада, гэта не дзяржаўная служба, гэта «служэньне» жыцьця, ад якога можна адмовіцца, але якое дастаецца воляю лёсу дзеля непрадбачанага факту нараджэньня і на якое «намашчаюць» на царкоўнай цырымоніі перад Богам.
Вось гэта ўсё некаторым новапрыбылым беларусам здавалася дзіўным. Пакуль не пажывуць даўжэй у брытанскай грамадзянскай культуры і не зразумеюць, ці прынамсі адчуюць, што для брытанцаў увогуле не характэрная барацьба за тое, хто ўрэшце ўсталюе дыктатуру і ўсіх задушыць.
— Паводле перапісу 2011 году, у Вялікай Брытаніі жылі 4,5 тысячы людзей, народжаных у Беларусі. Можа, ёсьць нейкія іншыя лічбы — пра беларусаў, якія нарадзіліся ў Брытаніі?
— Я чуў гэтую лічбу — каля 5 тысячаў — і ад прадстаўнікоў амбасады Беларусі ў Лёндане каля 10 гадоў таму. Мяркую, што з таго часу лічба павялічылася. Што тычыцца тых, хто нарадзіўся ў Брытаніі, то яны звычайна асымілююцца, і толькі меншасьць захоўвае сувязь зь беларускімі арганізацыямі. Астатнія пры апытаньнях называюць сябе брытанцамі, а не беларусамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вялікай Брытаніі каралеўская сям'я выказвае падтрымку Ўкраіне— А колькі чальцоў у Згуртаваньні беларусаў у Вялікай Брытаніі?
— Зараз невялікая колькасьць — некалькі дзясяткаў чалавек. На піку разьвіцьця нашай арганізацыі ў нас было 1600 чальцоў. Цяпер мы дзейнічаем у супрацы з «новай» дыяспарай, якая далучылася да актыўнага грамадзкага жыцьця пасьля падзеяў 2020 году. Агулам на нашыя акцыі ў Лёндане ў разгар пратэстаў у Беларусі прыходзілі да 400 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лёндан: ланцуг да Букінгэмскага палацуЁсьць назіраньне, што адсотак беларусаў, якія цікавяцца ўдзелам у беларускім грамадзкім і культурным жыцьці, у замежжы такі ж самы, як і ў Беларусі. У Беларусі ён ацэньваецца ў 10-15%. Значыць, лічба ў 400-500 беларусаў — удзельнікаў дэманстрацыяў 2020 году — пацьвярджае агульную лічбу: каля 5000 асобаў.
— І вернемся да пачатку гутаркі. Як беларусы Брытаніі ставяцца да вайны Расеі ва Ўкраіне?
— Згуртаваньне беларусаў Вялікай Брытаніі і шырэй — беларуская дыяспара тут — ад першых дзён вайны пачалі дапамагаць Украіне. Адразу ж некалькі тысяч фунтаў былі пералічаныя на рахунак, абвешчаны для гэтага украінскай амбасадай ў Лёндане. Пасьля ў супрацы з украінскімі валянтэрамі мы арганізавалі дапамогу вайсковым рыштункам і мэдыкамэнтамі тым беларусам, якія пачалі абараняць Украіну.
Потым беларусы Брытаніі ды іх сябры арганізавалі перасылку чатырох аўтамабіляў, літаральна сёньня адпраўляем машыну хуткай дапамогі, купленую ў Вялікай Брытаніі. Гэтыя чатыры машыны былі не пустыя, яны павезьлі каля 50 баявых разгрузак РПС, вайсковыя заплечнікі, снайпэрскія касьцюмы, што называюць «кікімара», берцы, кеўларавыя каскі, вайсковую непрамакальную вопратку, вайсковыя мэдычныя прадметы і лекі, спальнікі, вайсковыя рацыёны і падобнае. Машына хуткай дапамогі ідзе да мэдыкаў, што працуюць у тым ліку зь беларусамі, якія ваююць на баку Ўкраіны.
Беларусы ад першых дзён вайны выказваюць салідарнасьць з украінцамі Вялікай Брытаніі, якія праводзяць дэманстрацыі з патрабаваньнямі да міжнароднай супольнасьці пашырыць дапамогу Ўкраіне.