Свабода пагутарыла з блогерам Андрэем Павуком, кватэру якога ў канцы траўня разграмілі сілавікі, пра ператрус, ягоныя званкі з гэтай нагоды сілавікам, прапагандыстцы і ў дзяржаўную псыхалягічную дапамогу, а таксама пра ягонае цяперашняе стаўленьне да сытуацыі ў Беларусі і да беларусаў.
«Дзяржава баіцца любой ініцыятывы, таму што гэта пагроза для яе, для ейнай вэртыкалі. Яны бездапаможныя перад самаарганізацыяй, самакіраваньнем, перад добрымі сумленнымі людзьмі. Мы перамаглі, і яны ня ведаюць, што рабіць, таму што толькі так і ўмеюць», — так ацэньвае Андрэй Павук разгром ягонай кватэры.
За кватэру ён не перажывае, кажа, што яны з былой жонкай ёй не даражаць: «Якая ў нас там маёмасьць? Яна крэдытная. Хай забіраюць і плацяць крэдыт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за непадпарадкаваньне міліцыі затрымалі бацькоў Маргарыты Ляўчук, у кватэры Павукоў ператрус- Андрэй Павук — вядомы актывіст і палітычны блогер, стваральнік суполкі «Рудабельская паказуха» і аднайменнага ютуб-канала, на якім публікуе свае тэлефонныя размовы з рознымі беларускімі чыноўнікамі. Раней на яго завялі крымінальныя справы за «публічную абразу работніка пракуратуры гораду Менску» і «разгалошваньне зьвестак аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных памочніка пракурора».
- Раніцай 26 траўня сілавікі завіталі зь ператрусам у беларускую кватэру Андрэя і Вольгі Павукоў у пасёлку Акцябрскі, літаральна разграміўшы кватэру. Ператрус праводзілі ў рамках крымінальнай справы, заведзенай супраць блогера за «публічную абразу работніка пракуратуры гораду Менску» (паводле арт. 369 КК Рэспублікі Беларусь).