Начальніца галоўнага ўпраўленьня кантролю бюджэтна-фінансавай сфэры Камітэту Дзяржкантролю Юлія Аўхукова расказала Sputnik, як некаторыя мэдцэнтры ў Беларусі завышалі цэны на свае паслугі.
Паводле яе, прыкладна ў 60% выпадкаў цана на паслугі рэгулюецца дзяржавай, астатнія 40% — так званыя «мякка рэгуляваныя цэны, калі рэнтабэльнасьць ня можа перавышаць 30%». Каб абысьці гэтыя нормы, мэдцэнтры ішлі на хітрыкі — аб’ядноўвалі паслугі ў комплексы.
«Трэба было зрабіць КТ лёгкіх. І, па сутнасьці, было дастаткова зрабіць проста КТ мяккіх тканак. Цана на гэтую паслугу фіксаваная, але прапаноўвалася КТ мяккіх тканак толькі ў комплексе (зразумела, абсталяваньне магутнае, яно можа заадно адсканаваць яшчэ і пазваночнік, і іншыя косьці, якія знаходзяцца ў раёне грудной паражніны). У выніку кошт складаў 160 рублёў замест тых якіх-небудзь 40-60, якія былі б абгрунтаваныя для правядзеньня дасьледаваньня», — распавяла яна.
Пасьля маніторынгу мэдцэнтраў цэны парэкамэндавалі зьнізіць, у выніку яны ўпалі прыкладна на 10-15%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдычны цэнтар «ЛОДЭ» абвясьціў аб часовым прыпыненьні паслуг з 16 траўня«Трэба было проста прыбраць тыя маніпуляцыі, якія дублююцца, праводзяцца адначасова пры дасьледаваньні. Напрыклад, агляд пацыента, падрыхтоўка працоўнага месца — гэта ўсё відавочна аўтаматычна ўваходзіць у кожную паслугу, але іх выводзілі асобна ў комплекс», — дадала яна.
Прадстаўніца КДК заявіла, што тэма з праверкамі прыватных мэдцэнтраў яшчэ не закрытая і кантрольныя мерапрыемствы будуць працягвацца. У тым ліку ў чыноўнікаў застаюцца пытаньні да цаны на стаматалягічныя паслугі.
«Адна справа — гэта цана мэдыкамэнтаў, якая рэальна расьце, іншая справа, калі наогул стаматалягічныя паслугі становяцца дастаткова дарагімі», — заявіла яна.
Раней Камітэт дзяржкантролю ўжо анансаваў выбарачныя праверкі мэдцэнтраў, каб высьветліць, ці не завышаюць там цэны і ці не навязваюць пацыентам непатрэбныя паслугі. Маніторыць цэны на мэдыцынскія паслугі абяцала Міністэрства аховы здароўя.
Нядаўнія праверкі мэдцэнтраў ужо абярнуліся прыпыненьнем працы клінік «Лодэ», «Клінікі А1», «Нардзіна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прыпынілі ліцэнзіі кампаній «ЛОДЭ» і «Клініка А1». Што пра іх вядома ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў агучыў свае прэтэнзіі да мэдычнага цэнтру «Нардзін»