Washington Post: вайскоўцы РФ вывезьлі тэхніку з ЧАЭС на $135 мільёнаў. Частка ў Беларусі

Чарнобыльская атамная электрастанцыя

Расейскія вайскоўцы вывезьлі з тэрыторыі Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС) абсталяваньне на суму каля 135 мільёнаў даляраў. Пра гэта піша The Washington Post

Расейскія войскі кантралявалі ЧАЭС больш за месяц.

«Вайскоўцы РФ вывезьлі 690 кампутараў, 344 аўтамабілі, 1500 дазымэтраў, амаль усё супрацьпажарнае абсталяваньне і многія незаменныя прылады, неабходныя для функцыянаваньня электрастанцыі», — гаворыцца ў паведамленьні дырэктара Цэнтральнай аналітычнай лябараторыі электрастанцыі Мікалая Бяспала.

Кіраўнік Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня Яўген Крамарэнка паведаміў, што некаторыя вывезеныя прылады абсталяваныя GPS-трэкерамі. «Мы бачым, што частка прыладаў знаходзяцца ў Беларусі, уздоўж мяжы. Яшчэ частка — у Менску, Гомлі і іншых гарадах», дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Матолька пра нарабаванае расейцамі ва Ўкраіне і інсайды «Беларускага гаюна»

Раней праект «Беларускі Гаюн» апублікаваў дадзеныя аб расейскіх вайскоўцах, якія 2 красавіка адпраўлялі дадому буйнагабарытныя пасылкі з офісу кур’ерскай службы ў Мазыры. Як сьцьвярджаюць аўтары расьсьледаваньня, салдаты адправілі больш як дзьве тоны рэчаў за адзін дзень.

Расейскі бок адмаўляе выпадкі марадэрства з боку вайскоўцаў РФ.

  • Расейскія войскі занялі Чарнобыльскую АЭС, разьмешчаную на поўнач ад Кіева, у першы ж дзень уварваньня на тэрыторыю Ўкраіны — 24 лютага.
  • 30 сакавіка ў Мінабароны РФ заявілі аб «плянавай перагрупоўцы» расейскіх войскаў для «завяршэньня апэрацыі па поўным вызваленьні Данбасу». Пасьля гэтага расейскія вайскоўцы былі выведзеныя з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей.
  • Чарнобыльская АЭС — месца найбуйнейшай у гісторыі атамнай энэргетыкі катастрофы, якая адбылася ў 1986 годзе. Цяпер яна не выпрацоўвае электраэнэргію, але там знаходзяцца спэцыялісты, каб кантраляваць сыстэмы закансэрваванай станцыі.
  • Украінская кампанія «Энергоатом» заяўляла, што расейскія войскі будавалі фартыфікацыйныя збудаваньні ў так званым Рудым лесе (самай забруджанай тэрыторыі Чарнобылю) і атрымалі значныя дозы апраменьваньня. У Мінабароны РФ гэтую інфармацыю не камэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман — пра пратэст, раскол у грамадзтве, геапалітычны выбар і Ціханоўскую