Пра падрабязнасьці раненьня, а таксама некаторыя моманты апэрацыі, у якой удзельнічалі беларусы, Урбановіч расказаў Свабодзе.
«Частка палку Каліноўскага ўдзельнічала ў спэцапэрацыі Генштабу Ўзброеных сілаў Украіны (УСУ). Беларусаў было каля 60 чалавек, дэталі задачы расказваць пакуль не магу. Скажу толькі, што ўсё было выканана намі на 100 адсоткаў. Ахвяраў у нас няма, усе вярнуліся жывыя. Гэта было на мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай вобласьці. Мы дапамаглі Ўзброеным сілам Украіны прасунуць фронт на дзевяць кілямэтраў», — расказвае Ўрбановіч. Ён быў старшы адной з груп беларусаў, якая стала на перадавой.
У баях раненьні атрымалі двое беларусаў — Дзяніс і яшчэ адзін хлопец, які ня хоча называць свайго імя. Маладафронтавец кажа, што з другім беларусам усё ў парадку, яму аскепак ад снарада трапіў у жывот, але жыцьцёва важныя органы закранутыя не былі.
«У мяне кантузія сярэдняй ступені цяжкасьці. Калі мы выканалі задачу, то пры адступленьні па нас пачаў весьціся агонь. Я па сёньня не разумею, з чаго па нас стралялі. У выніку за мэтар ад мяне разарваўся ці снарад, ці міна. Кажуць, што мне пашанцавала моцна, бо магло пасекчы аскепкамі, а ў мяне ўсяго толькі кантузія. Выцягваў мяне адтуль пад абстрэламі іншы маладафронтавец, Сяргей Пальчэўскі».
Дзяніс кажа, што памятае толькі момант выбуху, а потым ужо ачомаўся ў шпіталі. Адразу ў хлопца ня чула левае вуха, моцна балела галава, ванітавала, праз парушаную каардынацыю ня мог прайсьці ў дзьверы. Цяпер адчувае сябе лепш, але рэабілітацыя яшчэ патрэбная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб Украіны: беларускія войскі заміноўваюць памежную з Польшчай і Ўкраінай тэрыторыю БеларусіУ баі беларускія добраахвотнікі ўзялі ў палон трох расейскіх жаўнераў.
«Пры выкананьні апэрацыі расейскія жаўнеры не аказвалі ніякага супраціву. Яны былі ў шоку ад таго, што адбываецца, таму нават не адбіваліся. У асноўным за іх працавалі самалёты і артылерыя. Гэта было такое мікрапекла з бамбёжкамі, зь зямлёй, якая калацілася пад нагамі. Мы зачышчалі іх пазыцыі. Залазілі ў акопы, бліндажы. У адным з бліндажоў сядзелі трое расейскіх салдатаў, у іх нават не было зброі, вывелі, завязалі рукі. Іх дакумэнты (пашпарты, ваеньнікі) былі ў мяне, але згубіў пры кантузіі. Гэта зусім маладыя яшчэ хлопчыкі», — кажа Ўрбановіч.
Маладафронтавец кажа, што ўдзельнічаў раней у ваенных апэрацыях, але гэтая была самай маштабнай, дзе яму давялося быць.
«Беларусы зарэкамэндавалі сябе вельмі добра. Мы былі адзінай групай, якая вярнулася без „двухсотых“, у астатніх, на жаль, па дзьве-тры страты. Усе хлопцы вялікія малайцы».
Расейскія прапагандысцкія тэлеграм-каналы пачалі распаўсюджваць інфармацыю, што імі быў знойдзены труп аднаго з хлопцаў з палку Каліноўскага. Урбановіч кажа, што гэта фэйк.
«Усе на месцы, усе жывыя, якраз нядаўна размаўляў з камандзірам. У палон нікога з нашых ня бралі. Мабыць, такая помста за гэтую апэрацыю. Расейцы проста ўцякалі, мы ўсё гэта чулі па радыёперахопах, яны моцныя толькі ракетамі і артылерыяй. Калі б у нас таксама былі ў палку танкі, то, магчыма, прасунуліся б яшчэ далей».
Дзяніс Урбановіч, пазыўны «Ваўкалак», быў не адзіным маладафронтаўцам, які браў удзел у гэтай апэрацыі. Ён кажа, што таксама ўдзельнічалі Сяргей «Ваяр» Пальчэўскі, Віталь «Вітушка» Трыгубаў, Алег «Альгерд» Аўчыньнікаў«, «Оскар».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мікола мяркуе, што вайна зацягнецца». Жонка Статкевіча пабачыла мужа ўпершыню за два месяцы