Дзьве плыні адной ракі. Што адбываецца зь беларусамі

Іпуць

Што адбываецца зь беларускімі людзьмі: ці расколатыя яны на тых, хто за ўладу і хто супраць, ці гатовыя адны адных атакаваць, ці могуць напасьці на Ўкраіну? Заўважце, як часта задаюцца гэтыя пытаньні і як цяжка шукаць на іх адказ.

Мне з памяці прыйшла на думку такая алегорыя.

Аднойчы ў сярэдзіне 1980-х мы зь сябрам Барысам Пятровічам надумалі сплавіцца на гумавым чоўне па рацэ Іпуць у Сож, ад Добруша да Гомля. Быў час веснавой паводкі, і невялікая ціхая Іпуць ператварылася ў магутную водную стыхію. Прынамсі, зь лядашчага гумовіка яна ўспрымалася такой, бо кідала нас куды хацела і цяжка было даць ёй рады маленькімі лапаткамі-вёсламі. Рукі ледзянелі ад холаду, а душы студзянелі ад думкі, што ж будзе на вялікім і хуткаплынным Сажы. Нельга сказаць, што мы плылі: нас несла, а да ўсяго яшчэ пачаўся калючы дождж. І тут насталі дзівосы.

Перад самым упадзеньнем у Сож Іпуць нібы падзялілася. Гэта была па-ранейшаму адна рака, але правая палова плыні ляцела наперад, а левая — назад. З усіх сіл мы веславалі сваімі «лапаткамі» наперад, але плынь зносіла нас назад. Сытуацыя была быццам не катастрафічная, на водападзеле было дастаткова плытка, каб выйсьці ў ваду да калена і перагнаць човен у патрэбны бок. Але моцны вецер, дождж, счарнелае неба і, галоўнае, шалёная плынь — ад усяго гэтага сьціскалася сэрца.

Я не запомніў, як мы выбраліся, дакладна ведаю, што выбраліся, інакш, мабыць, не пісаў бы гэтых радкоў. Але тыя дзьве плыні адной ракі — уперад і назад — запомніў на ўсё жыцьцё.

У падобнай сытуацыі існуюць сёньня беларускія людзі. Тыя, што трымаюцца агульных трэндаў чалавечай цывілізацыі, назавем іх людзьмі ХХІ стагодзьдзя. І тыя, што трымаюцца невялікага, але стабільнага заробку, пасады, працы, звыклых з савецкіх часоў уяўленьняў і атрыбутаў, якімі б абсурднымі яны ні былі (назавем іх людзьмі ХХ стагодзьдзя.

Рэжым, які гвалтам захапіў уладу і праводзіць сэлекцыю кадраў, цяпер мае вынік — уся краіна быццам вярнулася ў ХХ стагодзьдзе. Не істотна, ці гэта застойныя 1970-я, якія яшчэ ў 2019-м часам называлі «лібэралізацыяй», ці крывавыя 1930-я гады дзяржаўнага тэрору, як сёньня. Цярпіць, вядома ж, тая плынь, якая наперад, і цярпіць ад той плыні, якая — назад.

Што тут важна. Што гэта адна рака і што плынь, якая назад, ня мае пэрспэктывы. Воды вяртаньня ўсё адно непазьбежна далучацца да агульнага рэчышча з адной назвай — Іпуць. Міне час паводкі, і прымусіць раку цячы назад будзе гэтак сама лёгка, як пасадзіць сонца, якое ўстае. Жыць у мінулым стагодзьдзі, калі на двары наступнае, можна да часу, калі ты ня большасьць і калі большасьць глядзіць наперад.

Я параўнаў стан беларускіх людзей з прыроднай зьявай дзеля таго, што адносіны беларусаў міжсобку зусім не характарызуюцца расколам або гатовасьцю біцца. Гэтыя адносіны ня ў сфэры мэханізмаў кіраваньня, а ў сфэры калектыўнага несьвядомага. То бок амаль прыроднай сфэры, якая можа праяўляць сябе зусім нечакана для ўсіх. Як гэта было ўлетку 2020-га, калі здавалася, што яшчэ крыху — і рака пацячэ наперад.

Нехта пытаецца — што ж рабіць? А хто і што рабіў у 2020-м, калі тысячы людзей мабілізоўвалі мільёны? Проста ў калектыўным несьвядомым высьпела адчуваньне, што мы людзі ХХІ стагодзьдзя. Высьпела і сёньня нікуды не падзелася адчуваньне, што нашы дзеці не павінны ў школе слухаць сталінскі гімн, што кожны вахтар не павінен пачувацца генэралісімусам у дачыненьні да астатніх, а пры тым слацца перад кожным вышэйшым за яго вахтаром. Што закон усё ж такі не для «інагда».

Калектыўнае несьвядомае жыве сваім жыцьцём. І калі яно ўжо высьпела, нарадзілася; калі яно ёсьць і сілкуецца ад усяго цывілізаванага сьвету як яго арганічная частка, яго не паканаць ні турмою, ні прапагандай.

Можна, відаць, асушыць Іпуць, але тады ўжо ў ёй ня будзе ніякіх плыняў — ні наперад, ні назад.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.