У офісе Зяленскага заявілі, што Ўкраіна страціла праз вайну больш за траціну ВУП

Севераданецк пасьля расейскага абстрэлу

Украіна з пачатку расейскага ўварваньня страціла ўжо 35% валавога ўнутранага прадукту, прамыя страты краіны перавышаюць 600 мільярдаў даляраў, загінулі дзясяткі тысяч чалавек.

Пра гэта паведамляе Zerkalo са спасылкай на выступ кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэя Ермака на пасяджэньні Камітэту замежных спраў і абароны парлямэнту Ірляндыі.

«Вайна забрала 35% украінскага ВУП. Мы страцілі больш за 200 заводаў. Нашы прамыя страты ўжо перавышаюць 600 мільярдаў даляраў», — паведаміў Ярмак.

Ён таксама канстатаваў, што праз вайну 5 мільёнаў чалавек былі вымушаныя пакінуць краіну, яшчэ столькі ж пераехалі ў бясьпечныя месцы ўнутры Ўкраіны. Да таго ж у выніку баявых дзеяньняў, паводле слоў Ермака, загінулі ўжо дзясяткі тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандаль і колькасьць працоўных месцаў скарачаецца. Як эканоміка Ўкраіны адрэагавала на вайну з Расеяй

Ярмак падкрэсьліў, што Ўкраіна працягвае абараняцца, на ўсходзе і поўдні працягваюцца жорсткія баі, і дадаў, што надзвычай вялікая падтрымка для Ўкраіны ў стрымліваньні агрэсіі — узмацненьне жорсткасьці санкцыйнага ціску на Расею.

Раней прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль ацаніў страты ўкраінскай эканомікі ў тыя ж 600 мільярдаў даляраў і паведаміў, што прагноз падзеньня ВУП складае 30–50%. Ён адзначыў, што ў выніку гэтага бюджэт выконваецца на 50-70% ад мірнага часу. «Пры гэтым рэзка ўзрасьлі выдаткі на сацыяльныя патрэбы, гуманітарныя патрэбы, на разьмінаваньне», — сказаў кіраўнік ураду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расею вывезьлі звыш 1,5 мільёна грамадзян Украіны. Эвакуацыя ці прымусовая дэпартацыя?