«Самая дарагая мая рэч — ноўтбук за 1500 эўра». Вялікая размова з кіраўніком BySol Андрэем Стрыжаком у праекце «Ворагі рэжыму»

Андрэй Стрыжак

Пра дзяцінства, супрацоўніцтва са спэцслужбамі, стаўленьне да Ігара Макара і пляны на вяртаньне ў Беларусь.

У праекце «Ворагі рэжыму» мы размаўляем зь людзьмі, якіх найбольш баяцца беларускія ўлады.


18 траўня стала вядома, што Сьледчы камітэт Беларусі завёў новую крымінальную справу на грамадзкага актывіста Андрэя Стрыжака, кіраўніка фонду BySol, раней прызнанага экстрэмісцкім фармаваньнем. Стрыжаку выставілі прэтэнзіі за «фінансаваньне і матэрыяльнае забесьпячэньне ўзброенага канфлікту і ваенных дзеяньняў на тэрыторыі сумежнай дзяржавы».

«Праз сацыяльныя сеткі Стрыжак сумесна зь іншымі асобамі займаўся дзейнасьцю, зьвязанай з вэрбаваньнем, навучаньнем, іншай падрыхтоўкай і фінансаваньнем грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ў далейшым накіроўваліся для ўдзелу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны ў складзе ўзброеных фармаваньняў і нацыяналістычных батальёнаў названай дзяржавы», — лічаць у СК.

З нагоды новых абвінавачваньняў Свабода сустрэлася з Андрэеем Стрыжаком у Вільні. Пагаварылі пра дзіцячае захапленьне зьездамі КПСС, досьвед «супрацоўніцтва» са спэцслужбамі, пра тое, як судзіўся зь дзяржавай на баку прафсаюзу РЭП і што думае пра магчымы замах на сваё жыцьцё.

Кароткі зьмест:

  • Пра дзяцінства ў Рэчыцы, Польшчы і Нямеччыне.
  • Як 16-гадовым трапіў на допыт і зашмат нагаварыў пра сваю паплечніцу.
  • Як атрымаў траўму, пасьля якой мог застацца інвалідам на ўсё жыцьцё.
  • Як судзіўся зь дзяржавай, а пасьля супрацоўнічаў зь ёй падчас пандэміі ў 2020-м.
  • Чаму зьехаў зь Беларусі за месяц да выбараў.
  • Калі вернецца ў Беларусь і чым будзе займацца на пэнсіі.

«Бацька з маці былі камуністамі»

Андрэй Стрыжак нарадзіўся 23 чэрвеня 1985 году ў Рэчыцы. Маці была хіміком-тэхнолягам, працавала на Гомельскім хімзаводзе, куды езьдзіла з Рэчыцы на цягніку. Бацька меў некалькі прафэсій, працаваў у тым ліку электрыкам, абслугоўваў вялікія краны на прадпрыемствах у Гомлі, дзе і пазнаёміўся з будучай жонкай.

«Маці гаварыла, што, калі я нараджаўся, быў маладзік, — расказвае Андрэй. — Нараджаўся доўга і цяжка, усю ноч. Я адзінае дзіця ў сям’і. У Рэчыцы я вельмі доўга жыў, да 2003 году. Мы з бацькамі выяжджалі ў Эўропу ў 90-х, жылі ў Нямеччыне і ў Польшчы. Але збольшага я рэчыцкі. З 2003 па 2020 год у Гомлі пражыў, але так і не ўключыўся ў гэты горад паўнавартасна».

Андрэй расказвае, што дома было шмат кніг. Маці вельмі любіла чытаць, а бацька пісаў вершы і граў на гітары. Усе ягоныя сваякі былі гараджанамі ў 1-2 пакаленьні, амаль тыповымі савецкімі людзьмі. Але калі ў канцы 90-х СССР стаў развальвацца, успрынялі гэта своеасабліва.

«Бацька выйшаў з кампартыі, — прыгадвае Андрэй. — Яны з маці мелі партбілеты, але былі хутчэй антыкамуністамі, чым камуністамі. Слухалі рок-музыку, чыталі крамольную літаратуру цішком. Я зь імі ніколі не гаварыў пра гэта шмат. Я ня ведаю, уступалі ў партыю яны ідэалягічна альбо проста каб неяк жыць у Савецкім Саюзе, прасоўвацца па кар’ернай лесьвіцы. Не прыгадаю, каб яны мне расказвалі пра Леніна-правадыра. Хутчэй наадварот. Спрабавалі неяк выжыць ва ўмовах дэфіцыту і ўсяго астатняга».

Андрэй узгадвае, як яшчэ зусім малым разам з бабуляй глядзеў па тэлевізары зьезды КПСС, называючы іх «сьешамі». І прызнаецца, што, верагодна, гэта і прызвычаіла да таго, што грамадзка-палітычны складнік у жыцьці павінен абавязкова быць.

Яшчэ адна падзея, якая, па словах Андрэя, моцна паўплывала на яго станаўленьне, — чарнобыльская катастрофа. Успаміны пра яе наступствы ў канцы 80-х і пачатку 90-х дагэтуль выклікаюць у Стрыжака моцныя эмоцыі.

«Мяне адразу пасьля катастрофы вывезьлі да сваякоў бацькі ў Чаркаскую вобласьць Украіны, мястэчка Чыгірын, — успамінае Стрыжак. — І я першыя свае крокі зрабіў на ўкраінскай зямлі. Радзіма Хмяльніцкага там. Ужо пасьля, колькі я бываў ва Ўкраіне, але так і не даехаў туды, не пабачыў больш той самы дом. Маю такі незакрыты гештальт, спадзяюся туды вярнуцца. Гэта частка маёй ідэнтычнасьці, я на чвэрць украінец».

«Мог вырасьці прарасейскім»

Эпізод з часовай эміграцыяй сям’і Андрэй Стрыжак зьвязвае з жаданьнем бацькі ўцячы ад «жалезнай заслоны». Пасьля развалу СССР той узяўся за ангельскую мову, паехаў на заробкі ў Польшчу, адкуль перабраўся ў Нямеччыну. Жонка з 9-гадовым Андрэем прыехала да яго ў 1994-м, таму ў выбраньні Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі зь сям’і Стрыжакоў ніхто ня ўдзельнічаў.

У Польшчы Стрыжакі жылі на поўнач ад Варшавы, у Плоцку, у Нямеччыне — у Турынгіі, акурат на мяжы былых ФРГ і ГДР. Вяртацца ў Беларусь у той час яны не зьбіраліся.

«Спрабавалі аформіць дакумэнты, каб пераехаць у Канаду, — апавядае Андрэй. — Але ня выйшла, і мы вярнуліся назад. Мог бы зараз быць канадцам, жыў бы недзе ў Антарыё ці Квэбэку. Былі такія пляны. І невядома, кім бы я быў. Зусім іншая ідэнтычнасьць магла б быць. Прарасейскім мог бы быць ці нешта такое. Зь беларускай ідэнтычнасьцю ў нас было вельмі складана — у тых, хто з малых гарадоў паходзіў. Усе Цоя слухалі, Талькова. Лічылі сябе часткай Вялікай Русі».

Пасьля вяртаньня ў Беларусь, успамінае Андрэй, сям’ю чакала зусім не канадзкае жыцьцё. Пэрыядычна бракавала грошай на ежу і самае неабходнае. Сям’я вярнулася ў нікуды і да канца 90-х жыла вельмі сьціпла. Пачала моцна хварэць маці Андрэя.

«Для мяне складана тады было вырашыць, што далей, кім я хачу быць, — расказвае Андрэй. — Бо неяк вельмі рана прыйшлося самому за сябе адказваць, гадоў з 13. Бацька быў на заробках, маці хварэла. Па некалькі месяцаў жыў самастойна. Рызыкоўны быў час, мог трапіць у дрэнную кампанію. Кнігі мяне тады выцягнулі з гэтага, бо хадзіў ужо па мяжы. А пасьля неяк уцягнуўся ў актывізм. Памятаю, як у 2000 годзе пабачыў налепку „Стоп Лука“, адклеіў яе асьцярожна і ўклаў сабе ў сшытак. Падпісаў „Остановите Лукашенко, пока не будет поздно“. І вось ужо 22 гады прайшло».

«Разумею розьніцу паміж міцэлярнай вадой і тонікам»

Падчас выбарчай кампаніі 2001 году Стрыжак ужо актыўна зьбіраў подпісы за кандыдата ад апазыцыі. З гэтым часам зьвязаны эпізод, які яму пэрыядычна прыгадваюць дагэтуль.

«Мы працавалі ў Рэчыцы разам зь дзяўчынай Натальляй Брэль, — расказвае Стрыжак. — Перад 2001 годам яшчэ была вольніца. Прыдумалі акцыю — занесьлі ў выканкам падарункі для Лукашэнкі ад рэчычан. Нехта прынёс батон з запіскай „Гаага не Колыма, держись!“. А хтосьці рысунак зь пятлёй на шыі. Мы гэта ўсё паклалі ў скрынку і занесьлі ў выканкам. Супраць Натальлі распачалі крымінальную справу, а мне тады было 16 гадоў. Абраза прэзыдэнта, усё такое. Я быў сьведкам. Зацягнулі на допыт, і я там дастаткова шмат чаго расказаў. Ні адваката не было, нічога такога».

Натальля Брэль трапіла ў СІЗА. Пасьля яе выпусьцілі і яна зьехала зь Беларусі. Андрэй Стрыжак кажа, што той выпадак шмат чаму навучыў.

«Гэта было маё першае сутыкненьне з сыстэмай, — кажа Стрыжак. — Яна мяне паспрабавала ламануць. Пасьля гэтага я на нейкі час выйшаў з усіх справаў. Зь дзяўчынай разам адкрылі пункт на рынку, гандлявалі жаночым абуткам і адзеньнем, пасьля касмэтыкай. Ішло сапраўды няблага, хапала на хлеб і на масла. Але потым нейкі мясцовы падатак увялі і мы вырашылі закрыць усё. Але я дагэтуль разумею розьніцу паміж міцэлярнай вадой і тонікам. Калі камусьці трэба купіць падарунак, то са мной прыходзяць раіцца».

Вучыцца Андрэй пайшоў на расейскае аддзяленьне гомельскага філфаку. Актыўнічаў у рэчыцкім самвыдаце, выдаваў сваю газэту «Рэмень». Ва ўнівэрсытэце пасьпяхова пазьбег уступленьня ў БРСМ, але ўступіў у дзяржаўны студэнцкі прафсаюз. Гэта дазваляла езьдзіць раз на год у прафілякторый, нармальна харчавацца ды атрымаць разавую грашовую дапамогу «у сувязі зь цяжкім матэрыяльным становішчам». Кажа, што грошай хапала, каб добра пасядзець зь сябрамі ўвечары.

«У 2004-м я зьвязаўся з „Партнэрствам“ (грамадзянская кампанія, якая ў тым ліку назірала за прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году. — РС), — успаміне Стрыжак. — Гэта быў другі курс унівэрсытэту. Зьезьдзіў паназіраць за выбарамі ва Ўкраіне, тады перамог Юшчанка. 19 гадоў мне было. Вельмі цікавы досьвед. Я тады пабачыў, як працуе ўкраінская сыстэма. Ашалеў — і дагэтуль у такім стане застаюся».

Адсуджвалі ў дзяржавы па мільёну даляраў у год

«А ў 2005-м я зламаў хрыбетнік, — дзеліцца Андрэй. — І лекары сказалі рыхтавацца правесьці жыцьцё ў інвалідным вазку».

Па яго словах, ніякага крыміналу ў няшчасным выпадку не было. Ён упаў з вышыні трэцяга паверху сьпінай уніз. Перасталі працаваць ногі, не адчуваўся таз. Ляжаў спачатку ў рэчыцкім шпіталі, пасьля ў гомельскім. Там Стрыжака наноў вучылі хадзіць.

«Я так думаю, на маё станаўленьне ўсё гэта моцна паўплывала, — гаворыць Андрэй Стрыжак. — Самастойнае жыцьцё ў 13 гадоў, пералом хрыбетніка, эўрапейскі пэрыяд, хвароба маці. Гэта мяне сфармавала».

Аднаўленьне пасьля траўмы заняло год. У 2007-м ён трапіў у прафсаюз РЭП, пасябраваў зь Леанідам Судаленкам. Стаў ягонай даверанай асобай на парлямэнцкіх выбарах. За гэта, як мяркуе Андрэй, яго адлічылі з унівэрсытэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцам Леаніду Судаленку і Тацяне Ласіцы прысудзілі 3 і 2,5 года турмы

Вышэйшай адукацыі Стрыжак у выніку так і не атрымаў, мае тры курсы гомельскага філфаку. Кажа, што гаворыць свабодна па-польску, пры патрэбе па-нямецку, ужо ў сталым узросьце добра авалодаў беларускай, ведае ангельскую і крыху румынскую.

У прафсаюзе РЭП Стрыжак затрымаўся на 13 гадоў, сышоў у 2020-м. Кажа, што праца была вельмі цікавай — у тым ліку таму, што дазваляла бачыць практычныя вынікі. Папера ад кіраўніцтва прафсаюзу дазваляла ў судах абараняць інтарэсы сяброў арганізацыі. І Стрыжак, ня маючы юрыдычнай адукацыі, выступаў адвакатам на працэсах.

«Ані ліцэнзіі ня трэба было мець, ані адвакацкіх штук іншых, — кажа Стрыжак. — Самы гучны выпадак быў, калі мы абаранілі ўкраінца ад дэпартацыі зь Беларусі. Ведамства Шуневіча (былы міністар унутраных спраў. — РС) тады лютавала, дэпартавалі шмат людзей. Тых, хто па 10-15 гадоў у Беларусі пражыў. Выпадкі самагубстваў былі. І на нашым працэсе судзьдзя нечакана дазволіла відэаздымку весьці. Я тады зразумеў, што нешта будзе. У працоўных справах выйгравалі суды. Супраць райпо, напрыклад, іншых арганізацый. Фактычна мы тады выступалі супраць дзяржавы ў судах. І да 2020 году працоўнае права рэальна працавала, справы выйграваліся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо трэці грамадзянін Расеі ўчыніў самагубства праз пагрозу высылкі зь Беларусі

Стрыжак расказвае, што ў тыя часы прафсаюз РЭП агулам адсуджваў у дзяржавы да мільёна даляраў за год.

«Спэцслужбы мной не цікавіліся ўжо, — успамінае ён „кантакты“ з супрацоўнікамі КДБ. — Апошні раз гэта адбылося, калі ішла справа „Партнэрства“. Цягалі на допыты. Але мне „пашанцавала“, што я ўвесь 2005 год у гіпсе праляжаў. Жалезнае алібі было. Расказваў гэбістам, што ляжаў у палаце, глядзеў у вакно на сосны. Яны вельмі хутка зразумелі, што я нічога ня ведаю, і пачалі мяне вэрбаваць. Пыталіся, ці паведамлю ім, калі раптам даведаюся пра падрыхтоўку тэрарыстычнага акту. Адказваў, што пазваню ў міліцыю. Гаварылі таксама, што я магу працягваць сваю дзейнасьць, але час ад часу павінен зь імі камунікаваць».

Ён кажа, што ў 2008 годзе яго выклікалі ў ваенкам. «Там у актавай залі сядзелі два чалавекі. Хацелі пагаварыць. Я адмовіўся, выйшаў і расказаў пра гэта журналістам. І як адрэзала. Больш са мной яны не спрабавалі кантактаваць ніколі».

«Адзіны пэрыяд у жыцьці, калі я быў сваім сярод чужых»

З пачатку вясны 2020 году Андрэй Стрыжак разам з шэрагам паплечнікаў пачаў актыўна дапамагаць дзяржаве змагацца з пандэміяй каранавірусу. Сур’ёзнасьць гэтай хваробы дзяржава ў асобе Аляксандра Лукашэнкі доўгі час адмаўляла. Больш дробныя чыноўнікі, і асабліва мэдыкі на месцах, актыўна супрацоўнічалі з заснаванай Стрыжаком арганізацыяй.

«Гэта быў адзін пэрыяд у маім жыцьці, калі я нейкі час быў чужым сярод сваіх і сваім сярод чужых, — кажа Андрэй Стрыжак. — Усім было зразумела, што афіцыйная статыстыка — гэта нейкая фігня. Было зразумела, што ўлада кінула дактароў, не забясьпечыла іх усім неабходным. І я вырашыў згуляць больш тонка, чым звычайна. Скарыстацца тым, што ўлада нібы не была супраць дапамогі ад валянтэраў. Атрымалася вельмі цікава. Напрыклад, Гомельскі выканкам сказаў нічога ў нас ня браць. А лекары ім адказвалі, што патрэбны рэсьпіратары. І калі іх не дадуць, то яны возьмуць у нас».

Балянсаваць даводзілася ня толькі паміж уладай і апазыцыяй, але нават паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі журналістамі. У выніку ранкам сюжэт аб працы валянтэраў магла здымаць група Радыё Свабода, а пасьля на тое ж месца запрашалі супрацоўнікаў з АНТ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія ByCovid19 сабрала 355 тысяч даляраў і закрылася. Што купілі на гэтыя грошы для мэдыкаў?

«Такі падыход дазволіў нам зайсьці фактычна ва ўсе мэдычныя ўстановы краіны, — гаворыць Стрыжак. — Думаю, гэта была адна з прычын, чаму мэдыкі так моцна ўзьняліся летам і ўвосень 2020 году. Шмат з тых, хто супрацоўнічаў тады з намі, пайшлі ў ініцыятыўныя групы, удзельнічалі ў пратэстах. Хтосьці пасьля сеў у турму, нехта выехаў з краіны. Першым лекарам, які прыняў ад нас дапамогу, быў Максім Ачарэтны (галоўны доктар 3-й гарадзкой дзіцячай лякарні Менску, цяпер працуе ў мэдычнай установе ў Адэсе. — РС). Сёньня гэта адзін з прыкметных прадстаўнікоў беларускай мэдычнай супольнасьці за мяжой».

З пачаткам актыўнай часткі выбарчай кампаніі ў чэрвені 2020-га каманда «Байковіду» пачала распадацца, кажа Андрэй Стрыжак. Агулам, кажа Андрэй, вясной 2020-га ў Беларусі з каранавірусам змагаліся тысячы чалавек. Кантакты са шпіталямі наладжвалі на месцах.

«Улада, я так разумею, у той момант не пабачыла ніякай пагрозы для сябе ў нашай дзейнасьці, — кажа Стрыжак. — І самае цікавае, што наш самы высокі кантакт у Міністэрстве аховы здароўя быў на ўзроўні намесьніка міністра. У выканкамы мы нават не хадзілі. У міністэрства пайшлі самі. Гэта ўсё не выглядала як дзейнасьць апазыцыі. Так рабілі па ўсім сьвеце. Мэдычныя чыноўнікі і дактары спрабавалі балянсаваць паміж абсалютна шызоідным стаўленьнем да каранавірусу ў Лукашэнкі і рэальнасьцю».

«Самая дарагая рэч, якую я маю, — ноўтбук за 1500 эўра»

5 ліпеня 2020 году Андрэй Стрыжак выехаў зь Беларусі. Кажа, што ехаў «на месяц». Рашэньне прымаў пасьля размоваў з «інфармаванымі людзьмі». Нібыта яму пачалі расказваць, што прозьвішча Стрыжак загучала ў кабінэтах, куды мала хто жадаў бы трапіць.

«Сыгналы ішлі і ад бізнэсу, і зь іншых крыніц, — расказвае Стрыжак. — Казалі, едзь ты на месяц, адпачні. Вось я на месяц паехаў, і дагэтуль ён цягнецца. Што не змагу прыехаць назад, я зразумеў 9 жніўня».

У сувязі са зьменамі заканадаўства і букетам крымінальных справаў Стрыжаку і іншым актывістам апазыцыі пагражае канфіскацыя маёмасьці ў Беларусі. Андрэй прызнаецца, што акурат гэта яго хвалюе менш за ўсё. Маёмасьці ў яго папросту няма.

«Усё сваё сьвядомае жыцьцё я грамадзкі дзяяч, — кажа Стрыжак. — А гэта такое — з голаду не памрэш, жывеш больш-менш нармальна. Але, каб зарабіць, трэба займацца іншымі рэчамі. Таму так і не зарабіў нічога. Бацькі маюць дом у Рэчыцы. А я нічога ня маю. Самая дарагая мая рэч — гэта ноўтбук. Паўтары тысячы эўра каштуе. Доўга цягне батарэю, лёгкі. Але нават не макбук. Яшчэ ў мяне было некалькі аўтамабіляў, калі мы адпраўлялі іх ва Ўкраіну ў 2015-м. Самыя каштоўныя мае пакупкі. Цяпер мы машыны для Ўкраіны ўжо купляем на фонд, на мяне больш не афармляем».

У Вільні Андрэй Стрыжак жыве на здымнай кватэры памерам 54 «квадраты». Кажа, што раён прыемны, пераехаў туды зімой 2021 году. Гаспадары ведаюць, чым ён займаецца, бачылі яго па літоўскай тэлевізіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК Беларусі завёў на Стрыжака справу за «фінансаваньне вайны». Той адказаў сьледчым і зьвярнуўся да ўладаў Украіны

«Калі засяляўся, у мяне ўжо было дзьве крыміналкі, — расказвае ён. — Гаспадыня пажартавала, што крымінальнікаў яна яшчэ да сябе не пускала».

Стрыжак кажа, што нават ня ведае, колькі сёньня мае крымінальных спраў. Расстрэльных альбо «пажыцьцёвых» артыкулаў у яго няма.

«Я на пачатку яшчэ пісаў у фэйсбуку, што вось, у мяне 10 гадоў ужо, вось 15, — гаворыць ён. — Але людзі, якія там яшчэ ў сыстэме застаюцца, у нечым разьбіраюцца, у прыват мне напісалі, што, маўляў, Стрыжак, не лічы, ты ўжо выбраў 25, а больш табе не дадуць. Да ўсяго гэтага ў мяне былі толькі дзьве адміністрацыйкі — 7 і 10 дзён. Сем сутак мне далі ў 2008 годзе за заклік да сьвяткаваньня 25 сакавіка ў Гомлі. А 10 — у 2017-м, за мітынг на бальконе суду, там ішла першая справа „дармаеда“ супраць дзяржавы».

«Публічных сходаў з удзелам беларусаў у Вільні я пазьбягаю»

Стрыжак кажа, што абвінавачаньні ў экстрэмізьме і іншым успрымае як нейкую бздуру. На ягонае жыцьцё ў Літве гэта не ўплывае.

«Людзей тут ня надта шмат. Калі зьяўляецца нехта новы, ты яго адразу заўважаеш, — кажа Стрыжак. — Я ведаю, як сябе паводзіць у пэўных выпадках. Мне расказалі пра нейкія маркеры, якія будуць сьведчыць пра небясьпеку. Я гэта ўвесь час адсочваю. Бачу, што пакуль нічога такога няма».

Андрэй Стрыжак прызнаецца, што пазьбягае публічных акцый і сходаў, якія ладзяць беларусы ў Вільні. На іх неаднаразова заўважалі падазроных асобаў.

«Ці баюся я за сваё жыцьцё? Я ня ведаю, — кажа Стрыжак. — Калі пачаў гэтым усім займацца ў Беларусі, то зьмірыўся, што, хутчэй за ўсё, сяду. Калі паехаў на вайну ва Ўкраіну, то зразумеў, што магу загінуць. Цяпер я разумею, што стаў вялікім ворагам для дзяржавы, якая можа захацець спыніць маю працу. Калі прымаеш усё, то можаш больш. І не пераймаесься. Але гэта трэба культываваць. Не хацелася б трапіць у палон, і я раблю ўсё, каб ня трапіць у яго. Яшчэ з восені 2020 году ўсім казаў, каб не ляталі самалётамі над тэрыторыяй Беларусі. Зь мяне тады сьмяяліся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне могуць завочна расстраляць». Што дэмакратычныя лідэры думаюць пра завочныя суды над імі і канфіскацыю маёмасьці

29 траўня ў інтэрнэце зьявілася публікацыя запісаў меркаванай размовы былых сілавікоў Ігара Макара і Паўла Кулажанкі. Былы спэцназавец Кулажанка сапраўднасьці запісаў не пацьвярджае. Дакладна ідэнтыфікаваць яго голас па аўдыё на слых нельга. У апублікаваных урыўках размовы два чалавекі абмяркоўваюць магчымасьць выкраданьня асабістых рэчаў Стрыжака і нават атручваньне яго невядомымі рэчывамі.

«Гэта нешта новае, такога яшчэ не было, — кажа Стрыжак. — Я быў абсалютна ўпэўнены, што ў 2020-м шмат чаго гаварылася і шмат чаго рабілася супраць мяне і „Байсолу“. Але што такія цікавыя допісы могуць зьявіцца супраць мяне, то я не чакаў. Гэта з аднаго боку. А з другога боку, я дакладна бачу, што гэта кампанія для дыскрэдытацыі ўсяго беларускага руху. Спачатку наезды на Ціханоўскую — маўляў, нешта ня так сказала ў сваім інтэрвію. Завядзеньне крымінальнай справы на мяне за фінансаваньне вайны. Гэта абсалютна складваецца разам. Менавіта пасьля „крыміналкі“ пачаліся спробы дыскрэдытацыі людзей, якія ўдзельнічаюць у палку Каліноўскага. Я выдатна разумею, чаму такія запісы зьяўляюцца менавіта цяпер».

Андрэй кажа, што даўно не давярае Ігару Макару, а з Паўлам Кулажанкам ня бачыўся ніколі. Што рабіць з гэтым, ён пакуль ня вырашыў. Калі ўся гэтая гісторыя сапраўды мела месца, то падзеі адбываліся ўжо на тэрыторыі Літвы, таму зьвяртацца да праваахоўнікаў з гэтай нагоды трэба тут. Стрыжак зьбіраецца пракансультавацца зь мясцовымі юрыстамі.

«Дранікі я гатую і з мукой, і без мукі»

Стрыжак кажа, што быў бы рады пабачыць кіраўніцтва Беларусі на лаве падсудных.

«Асабліва Лукашэнку, — кажа Андрэй. — Трэба сапраўдны доўгі суд, з сотнямі тамоў крымінальнай справы. З допытамі, з расповедамі сьведак. Я б яму тады сказаў, што ягоны час скончыўся. І гэта было б заканамерна. Час усіх дыктатур канчаецца. Шкада толькі, што нашая маладосьць прыпала на яго. Бо я бачу, як стартуюць, быццам ракеты, беларусы, якія прыяжджаюць у іншыя краіны. У нас загубленая маладосьць, страчаная. Але гэта мой выбар».

Андрэй кажа, што, вярнуўшыся ў Беларусь, найперш паедзе ў Рэчыцу — прайсьціся па беразе Дняпра, схадзіць на могілкі да дзядоў. А на пэнсіі хацеў бы адкрыць невялічкі рэстаранчык у месцы, дзе не бывае вельмі холадна і вельмі горача.

«Я люблю гатаваць, — кажа ён. — Хацеў бы мець такое месца за мяжой, куды можна паехаць у любы момант. Гатую плоў, бульбу зь мясам, тушаную гародніну. Такое, што ты ставіш у вялікім рондалі на стол — і ўсе сабе накладаюць на талеркі. Дранікі таксама гатую, але з моманту ад’езду зь Беларусі не рабіў. Дранікі я і без мукі гатую, і з мукой. Для мяне няма аднаго рэцэпту, усё пад настрой. Я супраць абмежаваньняў. Няхай гатуюцца сотні розных дранікаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазадарожнікі, бронекамізэлькі, каскі, мэдыкамэнты. BySol расказаў, як беларусы дапамагаюць украінцам у вайне з Расеяй
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Стрыжак: «Кампаніі BySol і Byhelp сумесна перадалі людзям каля 7 млн эўра»