«Уступленьне выраку ў сілу не азначае, што мая барацьба закончаная. Я застаюся ў Беларусі і працягну рабіць усё магчымае і немагчымае для таго, каб нашая зь Ігарам мэта была дасягнутая», — заявіла сярод іншага жонка палітвязьня Ігара Лосіка Дарʼя Лосік.
31 траўня ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме пачалі разглядаць апэляцыйныя скаргі шасьці фігурантаў «справы Ціханоўскага». 1 чэрвеня суд пастанавіў пакінуць прысуды бязь зьменаў, паведамляе «Вясна».
14 сьнежня быў абвешчаны прысуд Сяргею Ціханоўскаму, Міколу Статкевічу, Ігару Лосіку, Уладзіміру Цыгановічу, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову. Ціханоўскаму прысудзілі 18 гадоў калёніі; Статкевічу — 14 гадоў калёніі; Лосіку і Цыгановічу — 15 гадоў калёніі; Папову і Сакаву — 16 гадоў калёніі.
Палітвязьняў абвінавацілі ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасьці працэсу невядомыя. Усіх шасьцярых арыштавалі яшчэ да выбараў 9 жніўня 2020 году і масавых пратэстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ігар, я цябе кахаю!» Дар'я Лосік павіншала мужа пад сьценамі турмыКрымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.