Сьвятлана Ціханоўская 31 траўня і 1 чэрвеня ўзяла ўдзел у Кангрэсе Эўрапейскай народнай партыі, адной з самых буйных палітычных арганізацый у Эўразьвязе.
Чарговы кангрэс праходзіць у Ратэрдаме. 31 траўня там прайшоў круглы стол, прысьвечаны Беларусі. На кангрэсе прысутнічаюць кіраўнікі ўрадаў і дзяржаў Эўразьвязу, якія належаць да гэтай партыі.
Сьвятлана Ціханоўская заклікала Эўразьвяз «разьдзяляць беларускі народ і рэжым Лукашэнкі, адзначыла дыскрымінацыю, якую зазнаюць беларусы (і студэнты ў прыватнасьці) за сваю нацыянальнасьць, паведаміла яе прэсавая служба.
«Замест гэтага лепш увесьці бязьвізавы рэжым для беларусаў, — прапанавала Ціханоўская, — а памагатых рэжыму трымаць пад санкцыямі».
Ціханоўская таксама заклікала ўмацаваць супрацоўніцтва паміж ЭЗ і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, а таксама паскорыць распрацоўку і прыняцьце «пляну Маршала» для Беларусі, які дапамог бы ў правядзеньні хуткіх рэформаў пасьля сыходу Лукашэнкі: «Для беларусаў гэта было б моцным знакам таго, што іхная барацьба не дарэмная», — сказала Ціханоўская.
Удзел у Кангрэсе прымалі прэзыдэнт Румыніі Кляўс Яганіс, канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр, старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, прэзыдэнт Кіпра Нікас Анастасіядыс, прэм’ер Харватыі Андрэй Пленкавіч, усяго — каля 50 лідэраў урадаў і найбуйнейшых эўрапейскіх партый.
Эўрапейская народная партыя (фактычна гэта кааліцыя партый правацэнтрысцкага спэктру) цягам двух апошніх дзесяцігодзьдзяў мае ў Эўрапарлямэнце найбольшую фракцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутаты краін Эўразьвязу і Вялікай Брытаніі выказалі салідарнасьць зь Беларусьсю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік найбуйнейшай партыі Эўрапарлямэнту выказаў салідарнасьць зь беларусамі. ВІДЭА