Добра ці кепска, што ЭЗ не забараніў імпарт нафты праз трубаправод, які ідзе празь Беларусь? Як шосты пакет санкцыяў ЭЗ закранае Беларусь? Ці праўда, што ў ЭЗ супраць самых жорсткіх санкцыяў адносна Расеі — адно лабісты Пуціна і «карысныя ідыёты»? Якія стратэгічныя мэты ставіць перад сабой Эўразьвяз адносна вайны Расеі ва Ўкраіне, у якую ён ангажаваны праз санкцыі і дапамогу Ўкраіне?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько.
— Саміт Эўразьвязу ўзгадніў шосты пакет санкцыяў у сувязі з вайной Расеі супраць Украіны.
Гэты пакет прадугледжвае:
• частковае эмбарга на пастаўкі расейскай нафты (больш за 2/3 паставак);
• адключэньне «Сбербанку» ад SWIFT;
• забарону трох расейскіх дзяржаўных мэдыя ў краінах Эўразьвязу;
• пашырэньне пэрсанальных санкцыяў за падтрымку вайны супраць Украіны.
Пад нафтавае эмбарга не падпаў імпарт нафты з РФ праз трубаправоды. Гэта значыць, пад іх не падпадае і транзыт расейскай нафты празь Беларусь. Гэта кепска ці добра? Заробяць свае грошы беларускія працаўнікі, якія абслугоўваюць тую самую трубу, бюджэт атрымае грошы. Зь іншага боку, за гэтыя грошы прафінансуюць ГУБАЗіК і іншыя карныя органы беларускай дзяржавы.
— Пытаньне Беларусі не было галоўным у падліках палітыкаў ЭЗ. Выключэньне з-пад санкцыяў імпарту праз трубаправоды было зробленае ня дзеля Беларусі, не з разьлікаў, колькі на гэтым зарабляе Лукашэнка, а з улікам пазыцыяў найперш Вугоршчыны, але таксама Славаччыны і Чэхіі.
Для Беларусі гэтая крыніца даходу ў выніку захавалася. Хоць варта ўлічваць, што Польшча і Нямеччына ня будуць імпартаваць і трубаправодную нафту. Таму ёсьць падлікі, што да канца году ЭЗ адмовіцца ад 90% расейскага імпарту нафты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз узгадніў шосты пакет санкцый супраць Расеі, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты— Папярэднія эўразьвязаўскія пакеты санкцыяў за вайну тычыліся Беларусі наўпрост, як дзяржавы-саўдзельніцы агрэсіі. А ў апошнім, шостым, Беларусі, здаецца, няма. Ці так гэта?
— Здаецца, наўпрост няма. Але Беларусі дастаецца праз тое, што закранутыя расейскія інтарэсы. Калі пагаршаецца становішча ў Расеі, то гэта паводле вызначэньня азначае, што пагоршыцца становішча і ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даўгі прадпрыемстваў, рост інфляцыі і падзеньне заробкаў. Як прасядае беларуская эканоміка праз вайну і палітычны крызіс— Шосты пакет санкцыяў абмяркоўвалі месяц. Папярэднія 5 пакетаў санкцыяў за вайну прымаліся значна хутчэй. Ці сьведчыць такое доўгае абмеркаваньне пра тое, што з адзінствам у ЭЗ ёсьць праблемы?
— Зразумела, з адзінствам у ЭЗ ёсьць праблемы. Але важна адзначыць, што падтрымка Ўкраіны не зьніжаецца. Усё тое, што было ўведзена ў сэнсе санкцыяў, захоўваецца і яшчэ ўзмацняецца. Адначасна павялічваецца фінансавая і вайскова-тэхнічная падтрымка Ўкраіны, падтрымка ўцекачам.
Але тэмп падтрымкі запавольваецца. І гэта са зразумелых прычын. Першыя санкцыі, якія ўводзіліся за вайну, былі прасьцейшыя і менш балючыя. Напачатку было шмат варыянтаў, як іх накласьці, і былі варыянты санкцыяў, ад якіх Расеі будзе балюча, а Эўразьвязу — не. Аднак з кожным разам робіцца ўсё больш складана знайсьці такія санкцыі, ад якіх Расеі будзе вельмі балюча, а ЭЗ — ня вельмі.
Усе краіны падлічваюць, наколькі ад тых ці іншых санкцыяў пацярпіць РФ, а наколькі — яны. Эканамічны правал Эўразьвязу ніяк не дапаможа Ўкраіне выйграць гэтую вайну.
У ЭЗ ёсьць праблема забесьпячэньня энэрганосьбітамі, праблема інфляцыі. І ад гэтага залежыць, якім будзе наступны пакет санкцыяў.
— Алесь Чайчыц у блогу на сайце Свабоды напісаў, што «настроі на Захадзе што да падтрымкі Ўкраіны і гатовасьці да фінансавых ахвяраў дзеля гэтага пачынаюць хістацца, у тым ліку сіламі крамлёўскіх лабістаў і „карысных ідыётаў“».
Прапановы аб самых жорсткіх санкцыях адносна РФ не праходзяць толькі з прычыны наяўнасьці крамлёўскіх лабістаў і «карысных ідыётаў»?
— Я б з гэтым не пагадзілася. Зразумела, Пуціну на руку тое, што краіны ЭЗ ня могуць дамовіцца. Але не абавязкова прычына толькі ў крамлёўскіх лабістах і «карысных ідыётах». У некаторых краінах ЭЗ сытуацыя ня надта стабільная. Што было б, калі б нядаўнія выбары ў Францыі выйграў не Макрон, а Лё Пэн? Думаю, што парадак дня ЭЗ істотна зьмяніўся б.
Шмат што залежыць ад палітычнай і эканамічнай сытуацыі ў той ці іншай краіне. Некаторыя экспэрты не бяруць пад увагу тое, што ЭЗ вымушаны займацца ня толькі сытуацыяй у Эўропе, але і ва ўсім сьвеце. У першы дзень саміту ЭЗ галоўным пытаньнем былі санкцыі супраць Расеі, а сёньня прыйшлі афрыканцы і кажуць — у вас вайна і санкцыі, а ў нас голад пачынаецца, бо спыняюцца пастаўкі збожжа.
І ЭЗ павінен шукаць шляхі вырашэньня гэтых пытаньняў таксама.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лё Пэн выступіла супраць забароны энэргарэсурсаў з Расеі— Ці ёсьць падлікі, колькі будзе каштаваць Эўропе нафтавая кампанэнта шостага пакету санкцыяў — адмова ад дзьвюх трацінаў расейскага нафтавага імпарту? Наколькі будзе даражэйшы імпарт нафты зь іншых краінаў, якой будзе цана зьмены лягістыкі паставак?
— Я гэтыя разьлікі ня бачыла. Але адназначна тут падлічыць складана. Невядома, ці падвысяць цану нафты краіны ОРЕС.
— А на тым самым саміце ЭЗ ці ў палітычных дыскусіях у асобных краінах Зьвязу палітыкі апэруюць цаной санкцыяў? Скажам, у Славаччыне, дзе вы жывяце.
— У дыскусіях канкрэтныя лічбы не называюцца. Я мяркую, што іх немагчыма назваць. Палітыкі кажуць, што гэта будзе цяжка, але не называюць канкрэтныя лічбы. Ніхто ня ведае, якой будзе сытуацыя на рынку нафты, ніхто ня ведае, якой будзе інфляцыя. У Славаччыне літар бэнзіну каштуе 2 эўра. А ў суседняй Вугоршчыне — 1 эўра. Зразумела, што славакі будуць пытацца: навошта санкцыі, калі ў Вугоршчыне жыцьцё лепшае?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхары ЗША і Эўропы ў большасьці за разрыў эканамічных адносінаў з РФ, Азіі — супраць — апытаньне— На нядаўнім Давоскім эканамічным форуме былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр заклікаў Захад спыніць спробы «нанесьці скрышальную паразу» расейскім войскам ва Ўкраіне.
Ён мяркуе, што гэтыя спробы будуць мець катастрафічныя наступствы для доўгатэрміновай стабільнасьці ў Эўропе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы дзяржсакратар ЗША Кісінджэр: Ідэальнае вырашэньне канфлікту Расеі і Ўкраіны — вяртаньне да ранейшага status quo. У Кіеве пярэчацьНезалежна ад адказаў, якія дае сам Кісінджэр, вартая ўвагі пастаноўка пытаньня — якія мэты ставіць перад сабой Захад, уводзячы санкцыі адносна Расеі і дапамагаючы Ўкраіне.
Ці абмяркоўвалася на саміце ЭЗ гэтая праблема стратэгічных мэтаў вайны?
— Ня думаю, што на гэтым саміце гэтае пытаньне абмяркоўвалася. Сёньня яны абмяркоўваюць абароназдольнасьць ЭЗ.
Наагул няма кансэнсусу наконт мэтаў Захаду ў сувязі з гэтай вайной. Мэта — захаваць міжнародны парадак, у якім вялікія краіны ня могуць так проста напасьці на суседнюю краіну і анэксаваць яе тэрыторыю.
Каб гэтага дасягнуць, патрэбная нейкая перамога Ўкраіны і параза Расеі. Але наконт таго, што азначае такая перамога і такая параза, таксама няма кансэнсусу.
Некаторыя спадзяюцца на развал Расеі. Іншыя гэтага асьцерагаюцца і мяркуюць, што гэта яшчэ больш пагоршыць сытуацыю.
Наконт чаго ёсьць кансэнсус — што Захад павінен працягваць і нарошчваць пастаўкі ўзбраеньняў Украіне, падтрымліваць Украіну фінансава.
Ці можа Расея прайграць? Большасьць думае, што гэта будзе ня так лёгка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі расказаў пра тое, якой бачыць перамогу Ўкраіны, і пра «плян мінімум»— Расея можа прайграць, як яна прайграла, скажам, вайну зь Японіяй у 1905 годзе, не дасягнуўшы сваіх мэтаў вайны і страціўшы фактычна толькі палову Сахаліну — тэрыторыю на далёкай ускраіне. Але можна прайграць і так, як прайграла Нямеччына ў 1945 годзе — зь безагаворачнай капітуляцыяй і акупацыяй краіны. Калі гаворыцца пра паразу Расеі ў цяперашняй вайне — гэта пра паразу як Расеі ў 1905-м ці як Нямеччыны ў 1945-м?
— Хутчэй за ўсё, 1945 году ня будзе. Калі Расея прайграе, то большая імавернасьць, што гэта будзе такая самая параза, як у расейска-японскай вайне пачатку ХХ стагодзьдзя. Гэта ня будзе адназначная параза, якую Пуцін зможа паспрабаваць дома інтэрпрэтаваць зусім па-іншаму.
На Захадзе ёсьць меркаваньне, што калі Пуцін патраціць шмат рэсурсаў на гэтую вайну — чалавечых, фінансавых, тэхналягічных, то гэта пазбавіць яго магчымасьці і адаб’е ў яго жаданьне распачаць у хуткім часе новую вайну яшчэ дзе-небудзь.
— Вяртаючыся да санкцыяў: пэўная памяркоўнасьць у санкцыях — ці ня вынік гэта нявызначанасьці з мэтамі вайны для Захаду? Сродкі і мэты звычайна сувымяраюцца. Калі мэта такая, што яна павінна быць дасягнутая любой цаной, то пытаньне цаны санкцыяў для тых, хто іх уводзіць, адпадае. Калі ж мэта іншая, то і суадносіны яе і сродкаў яе дасягненьня іншыя.
— Безумоўна, сувязь стратэгічных мэтаў і сродкаў іх дасягненьня ёсьць. Усё, што цяпер адбываецца, — гэта вялікі экспэрымэнт. Немагчыма сказаць, што мы ўвядзем санкцыі, мы выйграем гэтую вайну, і Расея разваліцца. Усе добра ведаюць, што цалкам ізаляваць Расею не атрымаецца, таму што ёсьць Кітай, існуе шэраг іншых краінаў сьвету, якія не зьбіраюцца ўдзельнічаць у яе ізаляцыі. Нават калі стратэгічныя мэты будуць сфармуляваныя, сродкі будуць мяняцца ў залежнасьці і ад сытуацыі на полі бою, і ад сытуацыі ў сьвеце ў цэлым.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.