Пагаварылі са звольненым зь «Белавія» Юрыем Якавішыным.
Жонка Юрыя Алена Якавішына — грамадзянка Ўкраіны, але стала жыла ў Беларусі. Нарадзілася ў Мікалаеве, скончыла Кіеўскі нацыянальны ўнівэрсытэт тэхналёгій і дызайну. Калі Алене было 17 гадоў, прыехала ў Менск пагасьціць да роднай цёткі. Тут сустрэла сваё каханьне — беларуса Юрыя з украінскімі каранямі. Маладыя людзі пажаніліся. Цяпер пара выхоўвае семярых дзяцей.
Пасьля пачатку вайны Алена Якавішына на знак пратэсту вярнула сваю ўзнагароду — ордэн Маці, які атрымала ў 2019 годзе. На імя Лукашэнкі яна напісала тлумачэньне, што ён страціў яе павагу і давер як кіраўнік дзяржавы, бо дазволіў выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для бамбаваньня Ўкраіны.
«Мяне запэўнілі, што ў кіраўніцтва ёсьць намер кантракт са мной працягнуць»
Юры Якавішын раней служыў ва Ўзброеных Сілах Беларусі — абслугоўваў авіяцыйную тэхніку ў Мачулішчах. 10 гадоў таму звольніўся з войска, пайшоў працаваць у цывільную авіяцыю, у кампанію «Белавія». 20 траўня 2022 году ў яго канчаўся чарговы кантракт.
«Дзесьці пад канец сакавіка я заходзіў у аддзел кадраў па нейкую даведку. Пацікавіўся, як цяпер справы з працягам кантракту, ці трэба загадзя пісаць нейкі зварот, ці кантракт працягваюць аўтаматычна. Раней гэта была фармальнасьць: я прыходзіў, падпісваў новы кантракт. Мяне запэўнілі і гэтым разам, што сьпісы на працяг кантракту фармуюцца, яны будуць пададзеныя генэральнаму дырэктару. Хоць ні для кога не было сакрэтам, што паўтара года таму, увосень 2020 году, у мяне быў адміністрацыйны арышт, што я адседзеў 15 сутак.
Але на наступны дзень пасьля выхаду артыкулу пра ўчынак маёй жонкі Алены мне паведамілі, што адзін з кіраўнікоў „Белавія“ перадумаў. То бок ён прыйшоў у аддзел кадраў і пачаў перарабляць сьпісы на падаўжэньне кантрактаў, і ўласнаручна мяне з гэтага сьпісу выкрасьліў», — расказвае Юры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы, вы ж бачыце, што адбываецца!» Шматдзетная жанчына вярнула ў адміністрацыю Лукашэнкі ордэн Маці ў знак пратэсту супраць вайны«Я ў адказ таму начальніку выказаў шкадаваньне, што ў яго мужнасьці менш, чым у жанчыны, — намякнуў на жонку»
Такім чынам, Якавішын адпрацаваў у «Белавія» роўна 10 гадоў пасьля звальненьня з Узброеных сіл. Дзень у дзень — ён быў звольнены 20 траўня 2022 году.
Юры кажа, было чакана, што сыстэма нейкім чынам паспрабуе яму адпомсьціць. І за ўчынак жонкі, які меў розгалас, і за адседку ў 2020-м. Але сьцьвярджаць, што гэтыя падзеі зьвязаныя, не бярэцца.
«Я не магу сказаць, што ёсьць простая сувязь паміж учынкам маёй жонкі і стратай маёй працы. Але вось такое супадзеньне... Праўда, менавіта на наступны ж дзень пасьля выхаду артыкулу прынялі супрацьлеглае рашэньне ў дачыненьні да мяне», — зазначае цяпер ужо былы супрацоўнік «Белавія».
У аддзеле кадраў прычыну непадаўжэньня кантракту Юрыю не патлумачылі. Ён лічыць, што супрацоўнікі аддзелу кадраў — проста выканаўцы. Таму да іх у яго пытаньняў няма. Празь некаторы час за подпісам генэральнага дырэктара яму прыйшло паведамленьне, што кантакт падоўжаны ня будзе.
А за два тыдні да звальненьня, кажа Юры, выпадкова сустрэў таго самага кіраўніка, які прыняў рашэньне не працягваць зь ім кантракт:
«Я ветліва выказаў шкадаваньне, што мы, відавочна, сустракаемся ў апошні раз. Ён зрабіў выгляд, што яму таксама крышачку шкада. Але я яму запярэчыў, што, маўляў, „гэта мне шкада, што вы не адстаялі свайго работніка, і я ведаю, што менавіта ад вас ішла ініцыятыва не працягваць са мной кантракт“.
Ён прызнаўся, што так, ён прыняў такое рашэньне, маўляў, я ж быў арыштаваны ў 2020 годзе: „Вы ж не за кошт адпачынку 15 дзён адсутнічалі на працы“. Нібыта я такім чынам павінен быў кампэнсаваць адсутнасьць тады на працы. Хоць за 2021 год адпачынак я наагул ня выкарыстаў», — расказвае Юры.
Ён згадаў, што падчас размовы выказаў таму чалавеку шкадаваньне, што ў таго мужнасьці менш, чым у жанчыны.
«Гэта я намякнуў на сваю жонку», — кажа Юры.
Гэта ня першы выпадак, калі ў «Белавія» чынілі ціск на супрацоўнікаў, якія былі нязгодныя з тым, што адбывалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Увосень 2020 году працаўнікі цывільнай авіяцыі запісалі відэазварот супраць гвалту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пікет у інтэрнэце». Працаўнікоў «Белавія» і Нацыянальнага аэрапорту судзяць за зварот супраць гвалту. ВІДЭАТады суд Кастрычніцкага раёну Менску палічыў гэты відэазварот «пікетаваньнем з выкарыстаньнем кампутарнай сеткі інтэрнэт». Паводле «народнага» артыкулу 23.34 некалькіх чалавек адміністрацыя прымусіла звольніцца па ўласным жаданьні, кагосьці асудзілі на 15 сутак. Але, паводле Юрыя Якавішына, тады супрацоўнікі дапусьцілі недарэчнасьць.
«Яны запісалі свой зварот на тэрыторыі аэрапорту, у рэжымнай зоне, дзе здымаць забаронена. Ёсьць інструкцыі, за гэта і ўчапіліся: за парушэньне ўнутранага распарадку. Так што фармальна падставы знайшліся», — патлумачыў Якавішын.
«Гэта ўсё ж ня ўцёкі. Алена зьехала па маральных матывах»
Што да ўчынку жонкі зь вяртаньнем узнагароды, празь які фактычна ён і страціў сталую працу па спэцыяльнасьці, Юры яго ўхваліў і жонку падтрымаў. Алена вельмі цяжка перажывала пачатак агрэсіі Расеі ва Ўкраіну — у Мікалаеве жылі яе маці, сёстры зь сем’ямі. 27 лютага Алена Якавішына запісала эмацыйны відэазварот. А ў канцы сакавіка вярнула свой ордэн Маці ў адміністрацыю Лукашэнкі.
«Адна справа — лісты пісаць, іншая — учынак, спалучаны з пэўнымі стратамі. Я ня мог яе не падтрымаць. Тым больш што я падзяляю і яе боль, яе трывогу за радзіму, і сваю адказнасьць за тое, што адбываецца вакол Украіны. Канечне, я падзяляю і пакуты ўкраінскага народу. У нас законных інструмэнтаў для выказваньня сваёй пазыцыі ня так шмат. Алена выкарыстала менавіта законны інструмэнт, і нам абаім здаецца, ён усіх вельмі ўразіў, — тлумачыць Юры.
На пачатку красавіка Алена зь семярымі дзецьмі (двайняткам Эвеліне і Паўлу ўсяго па паўтара года) выехала зь Беларусі спачатку ў Польшчу, потым у Нямеччыну. Юры падаўся сьледам за сям’ёй толькі пасьля звальненьня з працы, у дваццатых днях траўня.
На пытаньне, ці спантаннае гэта было рашэньне, Юры адказаў гэтак:
«Учынак сур’ёзны. Аднак гэта ўсё ж такі ня ўцёкі. Я б сказаў, што Алена зьехала па маральных матывах. Яе маці ды іншыя сваякі хаваліся ў Мікалаеве ад бомбаў і ракет, якія ляцелі з боку Беларусі. І яна палічыла для сябе немагчымым знаходзіцца там. Гэта як працягваць жыць у Нямеччыне і хадзіць у мясцовы бар у той час, як нацысты бамбуюць Менск, напрыклад. Параўнаньне, магчыма, ня вельмі ўдалае, але яно зразумелае многім беларусам.
Тут тэрыторыя не акупаваная Расеяй, а добраахвотна перададзеная для зьдзяйсьненьня агрэсіі. Таму Алена для сябе вырашыла, што тут яна знаходзіцца больш ня можа і ня хоча».
«Мы па сваім характары ня зможам сядзець на дапамозе, сацыяльных выплатах»
Месяц сям’я патраціла на зборы, афармленьне дакумэнтаў на дзяцей, пераклады, апастыль, на які дзяржава ўзьняла цэны ў 10 разоў.
«Алена спачатку паехала зь дзецьмі безь мяне. У некаторым сэнсе — у нікуды. Хоць на той момант у Нямеччыну ўжо прыехалі з Украіны яе маці і сёстры. Знайшліся людзі, якія дапамаглі на першы час з жытлом. Але ў выніку, мяркую, усё наладзіцца», — спадзяецца Юры.
Сам ён прыехаў у Нямеччыну 29 траўня. Пакуль у сям’і Якавішыных адна задача — інтэгравацца ў нямецкае грамадзтва.
«Дзеці пайшлі ў нямецкую школу, даволі хутка там асвоіліся. Моўны бар’ер, безумоўна, існуе. Я таксама пачаў вывучаць нямецкую мову яшчэ ў Беларусі. Што да працы — ёсьць жаданьне і ў мяне, і ў Алены. Мы па сваім характары ня зможам сядзець на дапамозе, сацыяльных выплатах. Я спадзяюся, што пытаньне з працай мы вырашым. Пакуль пэўнасьці няма. Але пэрспэктывы, спадзяюся, ёсьць», — выказвае надзею Юры.
«Вайна ж ідзе з 2014 году— ня трэба думаць, што яна ў лютым 2022 году пачалася»
Юры Якавішын па нацыянальнасьці ўкраінец, яго бацька родам з Украіны. Юры самастойна вывучыў украінскую мову, натуральна, уважліва сачыў за падзеямі, што імкліва разьвіваліся там. Як былы вайсковец (скончыў вайсковую акадэмію, мае званьне капітана запасу) цьвяроза ацэньваў сытуацыю, усьведамляў, што ідзе ня проста падрыхтоўка да звычайных вучэньняў.
«Тая колькасьць тэхнікі, якая звозілася ў Беларусь на мяжу Ўкраіны з усходу, занадта высокая, занадта! Узмацняюцца тылы, падвозяцца шпіталі — гэта ж азбука вайны, гэта сыгнал да таго, што плянуецца штосьці маштабнае і не абмяжуецца звычайнымі вучэньнямі. Хоць многія людзі і ня верылі, што пачнецца вайна. Але, зь іншага боку, усё вельмі лягічна. Зразумела было, што Расея Крымам не абмяжуецца і не абмяжуецца кавалкам Данбасу, які ў 2014 годзе ёй удалося адкусіць. Патрэбны будзе ня проста сухапутны калідор у Крым.
Вайна ж ідзе з 2014 году — ня трэба думаць, што яна ў лютым 2022 году пачалася», — тлумачыць былы вайсковец Якавішын перадумовы ўварваньня Расеі.
«Было вельмі сорамна за тое, што Беларусь уцягнулі ў гэтую ганьбу»
А вось тое, што Беларусь дазволіла скарыстаць сваю тэрыторыю для ракет, для расейскіх войскаў, Юрыя не зьдзівіла і ня сталася шокам.
«Па-першае, Беларусь — гэта хаўрусьніца Расеі. Яшчэ ў той час, калі я служыў ва Ўзброеных сілах, я сам удзельнічаў у сумесных вайсковых вучэньнях. Гэта ўсё прапісана ў саюзнай дамове ды іншых дакумэнтах. Тое, што Беларусь паспрабуюць максымальна выкарыстаць для нанясеньня ўдараў, было відавочна. Тым больш што для атак на Кіеў і некаторыя іншыя гарады вельмі зручна было выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі — Палесься дый усяго поўдня Беларусі. Таму шокам напад ня быў. Было вельмі сорамна за тое, што Беларусь уцягнулі (альбо што мы дазволілі ўцягнуць сябе) у гэтую ганьбу», — прызнаецца ён.
Юры Якавішын перакананы на 100%, што Ўкраіна пераможа. Але, на яго думку, вайна зацягнецца яшчэ надоўга.
«Я прадбачу, што гэта надоўга. Расея не адступіцца ад сваіх намераў, Пуцін не пакіне Ўкраіну ў спакоі, пакуль ён жывы і пакуль Украіна існуе. Зыход у гэтай вайне адзін: адзін з бакоў павінен спыніць сваё існаваньне прынамсі ў тым выглядзе, у якім яны зараз існуюць», — перакананы Юры Якавішын.
«Я не ўцякач. Я зьехаў як свабодны чалавек. Калі захачу, тады вярнуся»
На яго думку, Беларусь таксама перажывае вельмі цяжкі пэрыяд, але наперадзе яшчэ цяжэйшыя часы.
«Частка краіны сядзіць, частка выехала. І ў мяне няма дакладнага разуменьня, што будзе зь Беларусьсю. Ёсьць немалаважны фактар: а як мы будзем паводзіць сябе? Будзем лічыць, што ад нас нічога не залежыць, ці што ўсё ж такі залежыць? У прыватных размовах пасьля 2020 году некаторыя людзі асуджалі ўдзельнікаў пратэстаў: маўляў, „ад нас жа нічога не залежыць“. Я так не лічу. Я перакананы, што ад нават самага маленькага ці простага чалавека залежыць шмат чаго.
Вось мая жонка вырашыла, што ад яе штосьці залежыць. І яна выказала сваю пазыцыю такім чынам — вярнула ўзнагароду. Калі б у тысяч іншых жанчын і мужчын хапіла мужнасьці і перакананасьці, што ад нас многае залежыць, і яны паступілі б падобным чынам, многае магло б памяняцца», — кажа Якавішын.
Уцекачом Юры сябе ня лічыць.
«Я не ўцякач. Я зьехаў як свабодны чалавек. Калі захачу, тады вярнуся. Тэрміны складана прагназаваць. Я нічога з маёмасьці не распрадаў. У Беларусі застаюцца мае сябры, мае блізкія. Гэта мая краіна. Я не абрываю канцоў, як кажуць у арміі — „штык у зямлю“. Калі буду разумець сваю ролю тут — абавязкова вярнуся ў Беларусь».