Украінская служба Радыё Свабода атрымала аўдыёзапісы, на якіх расейскія палкоўнікі абмяркоўваюць кіраўнікоў ваеннай апэрацыі Расеі ва Ўкраіне.
Таксама ў размове яны спрабуюць апраўдаць ваенныя злачынствы расейскай арміі тэзамі расейскай прапаганды, якія лёгка разьвенчваюцца. Журналісты Свабоды атрымалі зьвесткі, якія выкарыстоўваліся для ідэнтыфікацыі суразмоўцаў і пацьверджаньня сапраўднасьці запісаў.
Адзін з суразмоўцаў — ваеннаслужачы Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі Максім Уладзіміравіч Уласаў з пазыўным «Югра». Паводле сьледчых СБУ і Bellingcat, ён быў адным з вінаватых у абстрэле Марыюпалю 24 студзеня 2015 году. Каля 30 чалавек тады загінулі, больш за сотню атрымалі раненьні. Яшчэ адзін — вайсковы мэдык зь Віньніцы, у якога шмат сваякоў ва Ўкраіне. Падчас размовы ён заклікаў абстрэльваць цывільныя аб’екты і мірных жыхароў.