У Горадні закрылі галерэю «400 квадратаў». Гэта адбылося пасьля скаргі праўладнай блогеркі

Так выглядаў уваход у горадзенскую галерэю на выставу скульптуры, якую закрылі ўлады

Галерэя знаходзілася ў гандлёва-забаўляльным цэнтры Triniti, яе закрылі пасьля скаргі праўладнай блогеркі. Цэнтар не захацеў падаўжаць дамову арэнды.

Галерэя праіснавала год. Там прайшла выстава-амаж, прысьвечаная памерламу Захару Кудзіну. У галерэі выстаўляўся мастак Аляксандар Балдакоў. Праходзіла рэтраспэктыўная выстава мастака-ілюстратара Паўла Татарнікава, піша Hrodna.life.

Падчас плянаваньня выставы ці іншага імпрэзы арганізатар падаваў заяўку мінімум за паўмесяца да пачатку ў адміністрацыю гораду, расказаў прадстаўнік галерэі. Гэтак жа ён зрабіў і для выставы «Скульптура». Аднак у заяўцы быў няпоўны пералік аўтараў, бо да апошняга моманту склад удзельнікаў мяняўся «ў сувязі з навінамі ў нашай краіне і ў суседзяў». Куратар выставы — Іван Арцімовіч — быў заяўлены адразу.

«Адразу ж пасьля адкрыцьця выставы спадарыня Бондарава (праўладная блогерка. — РС) адправіла зварот у гарвыканкам з просьбай аб закрыцьці выставы, бо адзін зь яе ўдзельнікаў, ён жа куратар, нібыта не адпавядае яе ўяўленьням аб правільнай грамадзянскай пазыцыі і ўся выстава нібыта не адпавядае ўяўленьням аб цудоўным спадарыні Бондаравай. Гэты зварот і няпоўны сьпіс удзельнікаў выставы сталі фармальнай прычынай для прыпыненьня працы выставы і накіраваньня камісіі з адміністрацыі гораду. Камісія прапанавала зьняць большую частку работ, усумніўшыся ў іх мастацкай каштоўнасьці», — расказаў прадстаўнік галерэі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэнзура закранула адразу дзьве выставы: «Арт-Менск» і «Скульптура» ў Горадні

Беларускі саюз мастакоў падаў ліст адміністрацыі і быў гатовы стварыць экспэртную камісію зь вядомых мастацтвазнаўцаў і скульптараў. Аднак гэтую прапанову адхілілі, і тады арганізатары вырашылі выставу не праводзіць.

«Паколькі ў выставе прымалі ўдзел прызнаныя скульптары, куратарам і галерэяй была праведзена вялікая праца над канцэпцыяй, цэльнасьцю экспазыцыі, мы вырашылі, што пакідаць напалову зрэзаны праект ніжэй за нашу годнасьць», — лічыць Іван Арцімовіч.

Цяпер, праз адмову падаўжаць арэнду памяшканьня, арт-галерэя вымушаная закрыцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Альбо вы здымаеце творы асобных аўтараў, альбо выставу закрыем зусім». Як улады перасьледуюць мастацтва
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У віртуальнай прасторы адкрылася выстава мастацкіх твораў, зьнятых з экспазыцыі «Арт-Менску»