Сяброўку прэзыдыюма БСДП Волкаву пакаралі двума гадамі калёніі. У яе дома застаўся 6-гадовы сын

Людміла Волкава

Суд Ленінскага раёна Менска агучыў прысуд палітзьняволенай сяброўцы прэзыдыюма БСДП Людміле Волкавай.

Судзьдзя Юлія Шут прызнала яе вінаватай па ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і прызначыла два гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна». Акрамя таго судзьдзя задаволіла пазоў Менсктранса на суму 152 тысячы рублёў за блакіроўку руху грамадзкага транспарту.

Падчас сьледзтва знайшлі дзесяць эпізодаў яе ўдзелу ў паслявыбарчых пратэстах 2020 году, за якія яе і асудзілі. У БСДП лічаць, што падставай для яе затрыманьня стала яе скарга ў пракуратуру з просьбай вярнуць канфіскаваную падчас ператрусу тэхніку.

У Людмілы на волі застаўся 6-гадовы сын Васіль, якога яна выхоўвае адна.

Сяброўку прэзыдыюму БСДП Людмілу Волкаву затрымалі 19 студзеня проста на працы. Потым яе павезьлі дадому на ператрус. Пасьля чаго сілавікі забралі ў Людмілы тэлефон і выдалілі ўсіх падпісчыкаў у афіцыйным тэлеграм-канале партыі, а сымболіку БСДП у ім замянілі на дзяржаўны герб.

27 траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы Людмілы Волкавай. Праваабаронцы прызналі Людмілу Волкаву палітзьняволенай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 студзеня: ператрусы ў магілёўскіх праваабаронцаў; затрымалі сябру прэзыдыюму БСДП