З раніцы 31 траўня па ўсёй Беларусі праблемы з апэрацыямі па банкаўскіх картках

Ілюстрацыйнае фота

Праблемы тычацца як аплаты карткамі, пераводаў, так і зьняцьця грошай у банкаматах.

З раніцы аўторка чытачы Свабоды масава сталі паведамляць пра немагчымасьць расплаціцца карткай у краме, зрабіць грашовы перавод, аплаціць ёю праезд у мэтро.

Банкаўскі працэсінгавы цэнтар афіцыйна прызнаў праблему з аплатай карткамі, напісаўшы, што праблема зьвязаная з «частковай непрацаздольнасьцю праграмна-тэхнічнага комплексу». Там паабяцалі аднавіць працу як мага хутчэй.

Некаторыя чытачы паведамляюць аб тым, што зьняць грошы на банкамаце ўсё ж можна:

«Карткі не працуюць ні ў краме, ні ў кіёсках. Зьняць можна, а пераводы не працуюць. Картка Mastercard „Беларусбанку“, горад Сьветлагорск».

Але зьняць гатоўку ўдаецца ня ўсім:

«Менск, Visa „Беларусбанку“. Трэба было тэрмінова зьняць грошы, і не атрымалася, спачатку думала, код няправільна ўвяла. Хацела зьняць рублі, але там ужо пасьля запыту ўвесьці код, каб скарыстацца карткай, выдае памылку».

Праблемы і ў кліентаў «Сбербанку» з аплатай праезду ў мэтро і крамах.

Банкі прызналі праблему, спаслаўшыся на тэхнічныя пытаньні ў Банкаўскім працэсінгавым цэнтры. «Белінвэстбанк» апавясьціў кліентаў, што тэрмінальная сетка і ўласныя прыстасаваньні самаабслугоўваньня часова прымаюць толькі ўласныя карткі банку.

«Беларусбанк» і «Альфа-банк» папярэдзілі аб праблемах сваіх кліентаў і заклікалі дачакацца іх вырашэньня.

«Прычыны цяпер ня можам назваць. Магу прывесьці вам аналёгію. Часам ваш кампутар можа завісаць. Вы яго перазагружаеце. Але ці можаце вы назваць прычыну, чаму гэта адбылося? Не заўсёды. Аналягічна і тут. Мы плянавыя працы праводзім рэгулярна, звычайна гэта адбываецца ў начны час. Пра гэта мы заўсёды загадзя папярэджваем, але часам збоі здараюцца па незалежных ад нас прычынах, напрыклад, скачок электрычнасьці. Як сёньня», – піша выданьне «Минск-новости» са спасылкай на Банкаўскі працэсінгавы цэнтар.

Таксама, як паведамляюць чытачы Свабоды, на шэрагу крамаў у сталіцы і за яе межамі прадаўцы разьмяшчаюць аб’явы аб тым, што на гэты момант даступны толькі наяўны разьлік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія банкі ўвялі новыя правілы ўкладаў, крэдытаваньня і лімітаў на зьняцьце грошай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі «Альфа-Банк» аднавіў працу сваіх картак за мяжой