Сваякі абаронцаў Марыюпалю стварылі арганізацыю «Жанчыны са сталі» і заклікалі сьвет дапамагчы вызваліць іх блізкіх з расейскага палону

Адзін з украінскіх вайскоўцаў на заводзе «Азоўсталь» 16 траўня 2022

Сваякі абаронцаў Марыюпалю, якіх вывезьлі 20 траўня з тэрыторыі «Азоўсталі», аб’ядналіся ў грамадзкую арганізацыю «Жанчыны са сталі» і заклікаюць замежныя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі дапамагчы вызваліць украінскіх вайскоўцаў з расейскага палону.

«Мой муж апошні раз выходзіў на сувязь 17 траўня. Цяпер невядома, што зь ім, дзе ён, ці жывы ён, ці не закатаваны. У той дзень я знаходзілася ў амбасадзе Ўкраіны ў Анкары, муж напісаў мне страшнае паведамленьне, што з 32 вайскоўцаў з узводу, у якім ён служыў, 24 загінулі. 17 з гэтых 24 загінулі за адзін раз, калі ў часе авіяналёту скінулі фосфарную бомбу. Яны абвугліліся, і засталіся толькі косткі. З тых 8, якія ўцалелі, 7 атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. І толькі адзін ня быў паранены. У такіх умовах больш за 80 дзён трывала абарона. Я хачу, каб вы ведалі пра гэта», — паведаміла Наталка Зарыцкая, жонка аднаго з абаронцаў Марыюпалю.

Паводле яе, абаронцы Марыюпалю выканалі ўсе загады камандаваньня, у тым ліку скласьці зброю і захаваць жыцьцё, перад іхным вывадам з «Азоўсталі».

«Мы замерлі на пэўны час і абвугліліся, як Марыюпаль, чакаючы экстракцыі. Але цуду не адбылося. Мы маем шок, але ня можам бязьдзейнічаць, бо выхад нашых герояў з „Азоўсталі“ — не канец, а пачатак новага этапу барацьбы», — заявіла Наталка Зарыцкая.

Ініцыятарка стварэньня арганізацыі паведаміла, што Расея парушае Жэнэўскую канвэнцыю, паводле якой палонныя маюць права тэлефанаваць сваякам. Наталка Зарыцкая дадала, што ў Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа ёй паведамілі аб уключэньні яе мужа ў сьпіс вывезеных з «Азоўсталі» вайскоўцаў.

«Але на ўсе мае пытаньні, ці жывы, у якім стане, куды іх накіравалі, мне ніякай інфармацыі не далі. Муж казаў, што гэта будзе тэрыторыя, падкантрольная Расейскай Фэдэрацыі. Цяпер пра мужа я нічога ня ведаю. Я вельмі хацела б, каб адбывалася камунікацыя з гэтай установай, таму што іхны абавязак ва ўмовах вайны — быць мастком між сваякамі і палоннымі, мастком у пошуку целаў загінулых і тых, хто бязь вестак прапаў», — сказала жонка ўкраінскага вайскоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чырвоны Крыж: колькасьць украінскіх вайскоўцаў з «Азоўсталі» для абмену з Расеяй застанецца канфідэнцыйнай

Пра адсутнасьць інфармацыі аб палонных вайскоўцах, якіх вывезьлі з «Азоўсталі», заявілі яшчэ некалькі сваякоў.

«Мы разумеем, што вызваленьне ўсіх нашых абаронцаў, якія знаходзяцца ў руках ворага, магчымае толькі пры дапамозе міжнароднай супольнасьці, камандаваньня і ўсяго народу Ўкраіны. Мы патрабуем і заклікаем да выкананьня правоў, прадугледжаных Жэнэўскай канвэнцыяй. Мы просім і зьвяртаемся да міжнароднай супольнасьці, каб дапамаглі вярнуць дадому целы нашых герояў», — сказала жонка вайскоўца, які служыў у Данецкім памежным атрадзе і абараняў Марыюпаль.

Украіна і Расея дамовіліся аб вывадзе з 16 траўня з заблякаванага расейцамі заводу «Азоўсталь» украінскіх вайскоўцаў, якія абаранялі Марыюпаль больш за 80 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Малая, мы наўрад ці пабачымся». Аточаныя расейскім войскам абаронцы Марыюпалю разьвітваюцца са сваімі блізкімі

Увечары 20 траўня Міністэрства абароны Расеі заявіла, што завод «Азоўсталь» у Марыюпалі перайшоў пад кантроль расейскіх войскаў. Расейскае ведамства сьцьвярджае, што агулам «здаліся» 2439 украінскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі заводу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камандзір палка «Азоў» патэлефанаваў жонцы з расейскага палону, расказаў пра ўмовы

Украінскі бок не ўдакладняе колькасьці вывезеных з «Азоўсталі» вайскоўцаў. Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заяўляла, што працэс абмену будзе адбывацца на падставе мэханізмаў Жэнэўскай канвэнцыі і зьяўляцца празрыстым. Але колькасьці вайскоўцаў, якія цяпер знаходзяцца на падкантрольных Расеі тэрыторыях, не ўдакладняюць.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.