Вырак палітвязьню Алегу Грузьдзіловічу (1,5 года зьняволеньня) набыў моц пасьля рашэньня Менскага гарадзкога суду. Алег працягвае яго абскарджваць, ён ужо напісаў скаргу на імя старшыні гарадзкога суду Менску. Тым часам у канцы мінулага тыдня яго этапавалі з магілёўскага СІЗА ў магілёўскую калёнію № 15.
На мінулым тыдні жонцы Алега Мар’яне ўдалося сустрэцца зь ім, адміністрацыя дала ім спатканьне, пятае за ўвесь час зьняволеньня. Мар'яна расказала Свабодзе пра размову з мужам праз турэмныя шыбы:
«На спатканьнi Алег сказаў, што, калi шчыра, то ён ужо хацеў бы хутчэй пераехаць на „новае месца жыхарства“ ў калёнiю, бо ў СIЗА яму ўжо цяжка — мала руху i сьвежага паветра (сукамэрнiкi кураць). Сказаў, што ў цэлым адчувае сябе нядрэнна, стараецца глядзець за здароўем. Кожную ранiцу абціраецца халоднай вадой (iншай няма ўвесь гэты час), робiць фiзычныя практыкаваньнi (адціскаецца, прысядае i г.д.), ходзiць i бегае па пэрымэтрах у дворыках падчас прагулак. Пастаянна праводзiць работу сярод хлопцаў-сукамэрнiкаў, каб кiдалi курыць. У вынiку некаторыя хлопцы сталi курыць радзей удзень, а адзiн 18-гадовы хлопец нават кiнуў.
Алег апавядае хлопцам шмат розных цiкавых рэчаў, асаблiва гiстарычных. I гэты хлопец часта падыходзiў да яго і казаў: „Дзядзька Алег, а раскажыце яшчэ штосьцi цiкавае“ альбо сам задаваў яму гiстарычныя пытаньнi. Алег кажа, што заўсёды i з усiмi ён размаўляе толькi па-беларуску, i ўсе ўжо прывыклi — i сукамэрнiкi, i супрацоўнiкi СIЗА.
Спадзяюся, што гэтак будзе i ў калёнii. Зараз ён мусiць знаходзiцца там на карантыне 2-3 тыдні. Колькi дакладна ён будзе, даведаемся пазьней, калi прыйдуць першыя зьвесткi з „новага месца жыхарства“».
Таксам да жонкі працягваюць прыходзіць лісты і рысункі журналіста, якія ён пасылаў яшчэ зь СІЗА.
Адрас для ліставаньня: 213105, г.Магілёў, папраўчая калёнія № 15, п/а Вейна, Слаўгарадзкая шаша, 183. Грузьдзіловічу Алегу (на лістах пазначаць «каранцін»).
У апошніх лістах з-за кратаў Алег Грузьдзіловіч піша аб тым, што пачаў хадзіць у тэпцях, якія замянілі зімовыя чаравікі, што былі да таго і ад самага моманту арышту. Цяпер журналісту-палітвязьню прасьцей рабіць прабежкі ў дворыку і наогул хадзіць. Таксама ён паведаміў, што пастрыгся, бо быў «пачаў пераўтварацца ў Карла Маркса».
За кратамі Грузьдзіловіч напісаў новы верш пад назвай «За турэмным вакном».
За турэмным вакном вые в’юга,
Вартавыя ад холаду курчацца,
Сто гадоў таму не было Google,
І няясна было, чым ўсё скончыцца.
Дзед сядзеў ля каналу ў 20-х,
Як вярнуўся, зямлю адабралі,
А ў канцы крыважэрных 30-х
За размову ў чарзе расстралялі.
Мы ахвяры чарговага круга,
На такім жа жалезе мы курчымся,
Зразумела бяз ўсякага Google,
Што на нас гэта мусіць закончыцца.
Акрамя таго, у кожным сваім лісьце Алег Грузьдзіловіч імкнецца рабіць ілюстрацыі. Ён ілюструе як свае вершы, так і некаторыя моманты жыцьця, на волі і за кратамі.
Партрэт жонкі, намаляваны за кратамі
Перасьлед Алега Грузьдзіловіча
16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, пазалетась пазбаўленага акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.
Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і зьмянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020-м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.
3 сакавіка палітвязьня Алега Грузьдзіловіча асудзілі на 1,5 года калёніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і гвалту. Таксама яму выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.
За кратамі цяпер таксама журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і фрылансэр Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа, суд пачнецца 8 чэрвеня.
Алег Грузьдзіловіч
У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га — на Радыё Свабода.
У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».
У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.
На Радыё Свабода адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.
Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.
Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».
Жанаты, мае трох сыноў і ўнучку Еву.