«Заказчык — Дзярждэп ЗША». У РПЦ адрэагавалі на абвяшчэньне незалежнасьці Украінскай праваслаўнай царквой

Ілюстрацыйнае фота. Разбураная падчас вайны ва Ўкраіне праваслаўная царква

У РПЦ заявілі, што рашэньне Сабора Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата аб «поўнай незалежнасьці» адводзіць гэтую царкву ў раскол і што працэс аддзяленьня ад РПЦ «ініцыяваны Дзярждэпам ЗША».

Такое меркаваньне выказаў першы намесьнік старшыні Сынадальнага аддзелу Маскоўскага патрыярхата па ўзаемаадносінах Царквы з грамадзтвам і СМІ, сябра Міжсаборнай прысутнасьці РПЦ Аляксандр Шчыпкоў.

«27 траўня 2022 году Ўкраінская праваслаўная царква зьнікла. Заказчык — Дзярждэпартамент ЗША», — заявіў Шчыпкоў, яго цытуе ТАСС.

Паводле яго, Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату «ухілілася ў раскол».

«Усе кананічныя нормы парушаныя. Абвяшчэньне „поўнай самастойнасьці“ — гэта абвяшчэньне аўтакефаліі. Мітрапаліт Ануфрый не выкарыстоўвае тэрмін „аўтакефалія“. Але абвяшчае аб „аднаўленьні міраварэньня ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве“. Міраварэньне — галоўная прыкмета аўтакефальнасьці», — напісаў Шчыпкоў і дадаў, што ў Кіеве раней ніколі не было міраварэньня, там атрымлівалі міра альбо з Канстантынопаля, альбо з Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату выйшла з падпарадкаваньня Рускай праваслаўнай царквы

У той жа час кіраўнік аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхата мітрапаліт Валакаламскі Іларыён заявіў, што Руская праваслаўная царква працягне ўмацоўваць адзінства з Украінскай праваслаўнай царквой, якое «яшчэ захоўваецца».

«Учорашнімі рашэньнямі УПЦ яшчэ раз засьведчыла, што яна зьяўляецца цалкам самакіравальнай, што яе царкоўны цэнтар знаходзіцца не ў Маскве, а ў Кіеве, яна не залежыць ад Масквы ні адміністрацыйна, ні фінансава, ні ў якіх-небудзь яшчэ адносінах. Адзінства паміж Рускай і Украінскай царквой захоўваецца, і мы будзем і далей працягваць умацоўваць гэтае адзінства, мы будзем і далей працягваць маліцца аб нашай адзінай сьвятой праваслаўнай царкве», — сказаў ён.

  • 27 красавіка Сабор Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату прыняў рашэньне аб поўнай незалежнасьці і самастойнасьці УПЦ, выказаўшы нязгоду з пазыцыяй Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла наконт вайны ва Ўкраіне.
  • 6 сакавіка кіраўнік РПЦ патрыярх Кірыл заявіў, што пачатак ваенных дзеяньняў зьвязаны з тым, што нейкія сілы восем гадоў спрабавалі «зьнішчыць тое, што існуе ў Данбасе». «Мы ўступілі ў барацьбу, якая мае не фізычнае, а мэтафізычнае значэньне», — заяўляў Кірыл, крытыкуючы краіны Захаду. У красавіку патрыярх Кірыл заклікаў вернікаў згуртавацца ў складаны для краіны час, у тым ліку вакол улады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады двух украінскіх гарадоў забаранілі дзейнасьць цэркваў, падпарадкаваных Маскоўскаму патрыярхату
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрыярх Кірыл не асудзіў вайны ва Ўкраіне і заявіў, што яна ідзе таму, што ў Данбасе ня хочуць гей-парадаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт УПЦ Маскоўскага патрыярхату Ануфрый стаў на бок Украіны і назваў дзеяньні Пуціна «Каінавым грахом»