Сабор Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) прыняў рашэньне аб поўнай незалежнасьці і самастойнасьці УПЦ.
«Выказваем нязгоду з пазыцыяй Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла наконт вайны ва Ўкраіне. Сабор прыняў адпаведныя дапаўненьні і зьмены ў Статут аб кіраваньні Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы, якія сьведчаць аб поўнай самастойнасьці і незалежнасьці Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы», — гаворыцца ў пастанове Сабору УПЦ.
УПЦ таксама заклікала ўлады Ўкраіны і Расеі працягваць перамовы, каб спыніць вайну. «Сабор зьвяртаецца да ўладаў Украіны і ўладаў Расейскай Фэдэрацыі з просьбай працягваць перамоўны працэс і пошук моцнага і разумнага слова, якое змагло б спыніць праліцьцё крыві», — гаворыцца ў дакумэнце.
- 6 сакавіка кіраўнік РПЦ патрыярх Кірыл заявіў, што пачатак ваенных дзеяньняў зьвязаны з тым, што нейкія сілы восем гадоў спрабавалі «зьнішчыць тое, што існуе ў Данбасе». «Мы ўступілі ў барацьбу, якая мае не фізычнае, а мэтафізычнае значэньне», — заяўляў Кірыл, крытыкуючы краіны Захаду.
- Таксама ў красавіку патрыярх Кірыл заклікаў вернікаў згуртавацца ў складаны для краіны час, у тым ліку вакол улады.
- «Вось тады і будзе ў народзе нашым сапраўдная салідарнасьць і здольнасьць адбіваць ворагаў зьнешніх і ўнутраных, і ладзіць жыцьцё наша такім чынам, каб у гэтым жыцьці было як мага больш дабра, праўды і любові», — сказаў патрыярх.
- Раней пасьля набажэнства ў цэнтральным храме Узброеных сілаў ён сказаў, што ў ваенны час служба ў войску — гэта сапраўдны подзьвіг.
- У сваю чаргу, мітрапаліт УПЦ МП Ануфрый у першы ж дзень вайны асудзіў напад Расеі на Ўкраіну, назваўшы яго «Каінавым грахом».