Міністарка фінансаў Канады Хрысьця Фрыланд прапанавала адмяняць санкцыі супраць расейскіх бізнэсоўцаў у абмен на фінансавую дапамогу на аднаўленьне Ўкраіны. Аб гэтым паведамляе агенцтва Associated Press са спасылкай на крыніцы.
Фрылянд узьняла гэтае пытаньне на сустрэчы міністраў фінансаў краін – сяброў «Групы сямі» (G7) на мінулым тыдні, пасьля таго як абмеркавала яго з «расейскімі алігархамі». Фрыланд знаёмая зь некаторымі зь іх яшчэ ад часу журналісцкай працы ў Маскве, дзе яна ўзначальвала маскоўскае бюро газэты Financial Times.
Прадстаўнікі Ўкраіны ведалі пра абмеркаваньне гэтага пытаньня, адзначыла крыніца агенцтва. Захад, паводле крыніцы, зацікаўлены ў тым, каб расейскія алігархі «адмежаваліся» ад прэзыдэнта Пуціна і ў той жа час забясьпечвалі фінансаваньне Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канфіскацыі і рэпарацыі. У парлямэнце Ўкраіны прапанавалі санкцыі супраць Беларусі за падтрымку ваеннай агрэсіі РасеіТакі варыянт, як адзначае АР, можа дапамагчы зьліквідаваць юрыдычныя перашкоды для ўладаў тых краін (напрыклад, Нямеччыны), дзе працэдура канфіскацыі замарожаных актываў вельмі складаная. Калі расейскія бізнэсоўцы добраахвотна адмовяцца ад часткі сваёй маёмасьці за мяжой, гэта спросьціць задачу, лічаць суразмоўцы агенцтва.
- Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Эўразьвяз, ЗША, Вялікая Брытанія і іншыя краіны пачалі ўводзіць санкцыі ў дачыненьні да Расеі, у тым ліку супраць бізнэсоўцаў. На сёньняшні дзень пад іх падпалі звыш 30 прадстаўнікоў буйнога расейскага бізнэсу. Паводле дадзеных Эўракамісіі, краіны ЭЗ замарозілі актывы расейцаў на суму амаль 10 мільярдаў эўра.
- Існыя законы ў большасьці эўрапейскіх краін і ў ЗША не дазваляюць выкарыстоўваць арыштаваныя актывы расейскіх прыватных асобаў, якія трапілі пад санкцыі.