Для расейскіх вайскоўцаў, якія дзейнічалі пры ўварваньні ў Кіеўскую вобласьць Украіны, дзейнічалі адмысловыя інструкцыі, як варта размаўляць і фармуляваць свае думкі перад насельніцтвам акупаваных тэрыторый. «РБК-Україна» паказала здымкі «мэтадычкі», якую адшукала валянтэрка Меланія Падаляк у Кіеўскай вобласьці.
«Мы і ўкраінцы, і расейцы, а галоўнае, што мы праваслаўныя і нам няма чаго дзяліць», — гаворыцца ў інструкцыі.
Напрыклад, замест словаў «зьліквідавалі, забілі» вайскоўцам прапаноўвалася гаварыць «праблема была вырашаная», а замест фразы «тут ужо Расея, забудзьце пра Ўкраіну» лепшым прызнаваўся варыянт «народ самастойна вырашыць, як жыць і каго выбіраць».
Таксама расейскім захопнікам іхныя камандзіры, як вынікае з мэтадычкі, прапаноўвалі прапагандаваць так званыя «скрепы», гаворачы аб тым, што ўкраінскія ўлады нібыта былі «марыянэткамі Захаду», стваралі «біялябараторыі» і праводзілі гей-парады. У інструкцыях сьцьвярджалася, што вобраз расейцаў, як і гэтае слова, цяпер «заплямленыя», а вось «вобраз праваслаўнага — чысты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сорас: трэба перамагчы Пуціна, каб захаваць нашу цывілізацыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падарунак» да Дня Перамогі для 97-гадовага вэтэрана з-пад Харкава, якога расейцы пазбавілі дома. ВІДЭА