Ніводнай крымінальнай справы па тысячах скаргаў за катаваньні пасьля выбараў 2020 году заведзена не было, як і па фактах сьмерці ўдзельнікаў пратэстаў.
Старшыня Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара 26 траўня ў інтэрвію тэлеканалу АНТ заявіў, што масавага гвалту з боку сілавікоў падчас пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году не было.
Вядоўца спытаў яго: «Ці можам мы закрыць тэматыку, на якую нас спрабавалі падсадзіць, — тэматыку нібыта масавага гвалту?»
«На мой погляд, гэтая тэма закрытая, таму што большасьць фэйкаў, якія былі ўкінутыя (як там іх называлі, „сінія задніцы“, наколькі я памятаю), яны разьвянчаныя, — заявіў Гара. — Я як чалавек, які кантраляваў, разьбіраўся з гэтымі» пытаньнямі, магу сказаць (і тады ў мяне быў такі пункт гледжаньня, і цяпер ён не памяняўся абсалютна): ёсьць дзяржава, дзяржава павінна забясьпечыць спакой і бясьпеку грамадзян. І для гэтых мэтаў у дзяржавы ёсьць розныя рычагі, уключаючы прымяненьне фізычнай сілы, калі гэта неабходна. Дзяржава мае права гэта рабіць і абавязана — у выпадку неабходнасьці».
«Ніхто не гаворыць, што фізычная сіла тады не прымянялася. Але яна прымянялася абгрунтавана, законна і ў неабходных межах. Гэта было. Усё астатняе — накручваньне, інфармацыйнае супрацьборства, тое, што ня мае нічога агульнага з рэальнасьцю», — сказаў кіраўнік СК.
Маркаў на гэта заявіў, што «дзяржава мае абсалютнае права на гвалт».
Па словах старшыні СК, «гульня на эмоцыях нашых людзей, якая адбывалася напярэдадні летніх падзей 2020 году», ня можа быць закрытая, таму што «працуюць спэцслужбы шэрагу дзяржаў».
«Я шчыра скажу: варожых нам дзяржаў. Хіба яны прызнаюць сваю паразу? Яны не прызнаюць сваёй паразы, яны будуць далей працаваць, — лічыць чыноўнік. — Я поўнасьцю ўпэўнены, што цяпер мы знаходзімся, як і знаходзіліся, у стане вайны. Вайна інфармацыйная, вайна ў інтэрнэт-прасторы, лічбавай плоскасьці, але вайна працягваецца. І разгойдваць, спрабаваць разгайдаць грамадзтва будуць пастаянна, я ў гэтым не сумняваюся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вернемся. Мы абавязкова вернемся!». Фрагмэнты лістоў Вітольда Ашурка з турмыМіжнародная рэакцыя на катаваньні ў Беларусі
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША прадставіў штогадовую справаздачу аб правах чалавека ў 2021 годзе.
У частцы дакладу, якая тычыцца Беларусі, гаворыцца аб тым, што сілавыя структуры «агрэсіўна, наўмысна і рэгулярна зьдзяйсьняюць злоўжываньні для задушэньня палітычнага іншадумства і рэпрэсій у дачыненьні да праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасьці, журналістаў і іншых асоб».
Асобны разьдзел «Дакладу Amnesty International 2021/22: Правы чалавека ў сучасным сьвеце» апісвае абмежаваньне свабоды мірных сходаў, катаваньні, палітычны перасьлед і суды ў Беларусі.
Катаваньні ды іншыя віды жорсткага абыходжаньня мелі сыстэмны характар, чыніліся масава і абсалютна беспакарана.Абыходжаньне з суджанымі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе было асабліва суровае, ім наўмысна стваралі вельмі цяжкія ўмовы ў турме.
У траўні ў калёніі ў Шклове раптоўна памёр мірны апазыцыйны актывіст Вітольд Ашурак, які адбываў там прысуд пяці гадоў зьняволеньня. Улады адмовіліся расьсьледаваць яго сьмерць як падазроную і апублікавалі відэазапіс — відавочна змантаваны — на якім бачна, як Вітольд Ашурак ідзе і раптоўна падае ў пустой камэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым Лукашэнкі, як крэсла з трыма ножкамі: рэпрэсіі, грошы і Крэмль», — Ціханоўская выступіла ў Сэйме ЛітвыПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.