У штогадовым дакладзе міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, які тычыцца прымяненьня сьмяротнага пакараньня ў рэгіёне Эўропы і Цэнтральнай Азіі за пэрыяд са студзеня па сьнежань 2021 году, падрабязна апісваюць сытуацыю ў Беларусі.
Аўтары дакладу падкрэсьліваюць, Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе праводзяцца сьмяротныя пакараньні.
Спэцыяльная дакладчыца ААН аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ў сваім дакладзе ў траўні, акрамя іншых заўваг, адзначыла, што беларускія ўлады працягвалі прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды, не папярэджваючы загадзя зьняволеных і іхныя семʼі. Пры гэтым сваякам не раскрывалі месцы пахаваньня пакараных сьмерцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На тэлеканале СТБ намякнулі, што мужчыну, які забіў пэнсіянэраў пад Слуцкам, ужо расстраляліШто вядома пра пакараных сьмерцю ў Беларусі і памілаваных
Amnesty International атрымала інфармацыю, якая пацьвярджае, што ў траўні ўлады Беларусі пакаралі сьмерцю Віктара Паўлава. Віцебскі абласны суд у жніўні пацьвердзіў сям’і Паўлава выкананьне сьмяротнага пакараньня, выдаўшы ім пасьведчаньне аб яго сьмерці.
Рада правоў чалавека ААН папрасіла не караць сьмерцю Віктара Паўлава, пакуль будзе вывучаць ягоную справу; падчас вывучэньня аналягічных спраў яна прыйшла да высновы, што ўлады парушалі абавязаньні Беларусі як дзяржавы-ўдзельніцы Першага Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
У ліпені 2019 г. Віцебскі абласны суд прызнаў Віктара Паўлава вінаватым і вынес яму сьмяротны прысуд за забойства. А ў лістападзе 2019 году Вярхоўны суд пакінуў яго сьмяротны прысуд у сіле.
У верасьні 2021 году беларускі дзяржаўны тэлеканал СТБ паведаміў пра сьмяротнае пакараньне Віктара Скрундзіка. У тым жа месяцы ягоная сястра пацьвердзіла, што апошні раз атрымлівала ліст ад Віктара 19 жніўня. На канец 2021 году ўлады не пацьвердзілі сямʼі выкананьне сьмяротнага пакараньня. У студзені Менскі абласны суд падчас паўторнага судовага працэсу прызнаў Віктара вінаватым у забойстве двух пажылых людзей і зноў вынес Віктару сьмяротны прысуд.
У красавіку Аляксандар Лукашэнка памілаваў братоў Косьцевых — Ілью (22 гады) і Станіслава (20 гадоў). Абодвум братам вынесьлі сьмяротныя прысуды ў студзені 2020 года пасьля таго, як Магілёўскі абласны суд прызнаў іх вінаватымі ў забойстве. Іхныя сваякі пацьвердзілі, што абодвух перавялі ў звычайную турму ў Жодзіне, і яны ўжо езьдзілі да іх на спатканьне.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» пацьвердзіў, што сьмяротныя прысуды былі заменены на пажыцьцёвыя зьняволеньні, але больш ніякай інфармацыі апублікавана не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International: Пасьля аслабленьня ковідных абмежаваньняў колькасьць сьмяротных прысудаў ізноў павялічыласяВіктар Сергіль быў адзіным чалавекам, пра якога было вядома на канец 2021 года, што ён знаходзіцца ў камэры сьмяротнікаў. Аднак ён увесь час быў пад рызыкай сьмяротнага пакараньня пасьля яго асуджэньня і сьмяротнага прысуду, пацьверджанага Вярхоўным судом у студзені 2020 года.
У ліпені Камітэт ААН па правах чалавека сфармуляваў сваё меркаваньне па справе Аляксея Міхалені і прыйшоў да высновы, што Беларусь парушыла яго права на жыцьцё, права на асабістую свабоду і права на справядлівы судовы разгляд. Нягледзячы на тое, што ў лютым 2018 года Камітэт папрасіў Беларусь не караць сьмерцю Аляксея Міхаленю, пакуль разглядаецца яго скарга, прысуд быў прыведзены ў выкананьне ў Менску ў тым жа годзе; улады ў Беларусі не апублікавалі дакладную дату. Камітэт прыйшоў да высновы, што, не выканаўшы просьбу аб прыняцьці часовых мер, Беларусь парушыла свае абавязацельствы як дзяржавы-ўдзельніцы Першага Факультатыўнага пратаколу да МПГПП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйны суд: Пытаньне аб адмене сьмяротнага пакараньня прызнанае немэтазгодным