Судзьдзя Тацяна Пірожнікава па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу прызначыла яму чатыры гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», палітвязень на судзе віны не прызнаў і заявіў пра зьбіцьцё пры затрыманьні. Пад вартай ён восем месяцаў.
Сяргей Сакавец быў затрыманы 21 верасьня 2021 году і арыштаваны на 10 сутак за падпіску на тэлеграм-канал «Рэальная Беларусь». Але з «сутак» ён так і ня выйшаў — супраць яго завялі крымінальную справу па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у акцыях пратэсту пасьля выбараў, пазьней дадаліся абвінавачваньні ў паклёпе на Лукашэнку. Пад вартай ён восем месяцаў.
На судзе палітвязень заявіў пра збіцьцё пры затрыманьні — ён зьвярнуўся са скаргай да пракурора. Па ягоных словах, адразу яго білі ў машыне, калі затрымалі на працы. Пяць супрацоўнікаў ГУБАЗіКу пыталіся: «На каго ты працуеш і навошта вядзеш свой Instagram?» Як расказаў на судзе Сяргей, білі дубінкай і кулакамі па галаве. Пасьля вывелі з машыны і білі ў пад’езьдзе, дзе жыве Сяргей, патрабавалі пароль і лагін ад Instagram. Таксама білі па рэбрах, а пасьля ператрусу ў ГУБАЗіКу «адзін біў вышэй каленяў па цягліцах кулаком».
Пракурор пакінуў скаргу на зьбіцьцё без увагі і папрасіў прызначыць Сакаўцу пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на чатыры гады агульнага рэжыму. Суд цалкам задаволіў просьбу пракурора.