Узлом сэрвэраў кітайскай паліцыі выявіў маштаб перасьледу мусульманаў у КНР

Здымак з «Паліцэйскіх файлаў Сіньцзяну».

Амэрыканскі Фонд памяці ахвяраў камунізму апублікаваў сакрэтныя матэрыялы «лягераў перавыхаваньня» ў Кітаі. Дакумэнты былі атрыманыя ў выніку ўзлому кампутарных сэрвэраў кітайскай паліцыі.

Навуковаму супрацоўніку фонду Андрыяну Цэнцу матэрыялы перадала крыніца, якая пажадала застацца неназванай. Як паведамляе «Настоящее время», усе атрыманыя файлы выкладзены на спэцыяльна створаным сайце пад назвай «Паліцэйскія файлы Сіньцзяну».


Паліцэйскія файлы ўтрымліваюць пратаколы, у якіх загадваецца абавязкова мець у «лягерах перавыхаваньня» ўзброеных ахоўнікаў, апісваецца, дзе разьмяшчаць кулямёты і снайпэрскія гнёзды на вартавых вышках, а таксама даюцца інструкцыі датычна стральбы на паражэньне па тых, хто спрабуе ўцячы. Таксама пратаколы загадваюць завязваць вочы, надзяваць кайданкі любому «студэнту», які перамяшчаецца паміж установамі ці нават у лякарню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША апублікавалі даклад аб катаваньнях у лягерах для ўйгураў у КНР

Дакумэнты таксама пацьвярджаюць словы праваабаронцаў аб тым, што мусульманскае насельніцтва Сіньцзяну зазнае рэпрэсіі за звычайныя вонкавыя праявы сваёй мусульманскай веры.

Да прыкладу, журналісты BBC наткнуліся ў файлах на гісторыю нейкай Таджыгуль Тахір. На фатаграфіі відаць жанчына, а на заднім пляне — людзі з дубінкамі. Аказалася, што Таджыгуль трапіла ва ўчастак праз свайго сына, якога пасадзілі ў турму нібыта за тэрарызм. У дакумэнтах яе сын апісваецца як чалавек з «трывалымі рэлігійнымі поглядамі» толькі таму, што ён ня п’е алькаголю і ня курыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікаваныя дакумэнты пра лягеры, у якіх Кітай утрымлівае мусульманаў

Акрамя гэтага, у файлах дасьледнікі знайшлі мноства прыкладаў таго, як людзей каралі задняй датай за дзеяньні, зробленыя шмат гадоў ці нават дзесяцігодзьдзяў таму. Напрыклад, за вывучэньне ісламскіх тэкстаў. Акрамя таго, людзей пазбаўлялі волі — на тэрмін да 10 гадоў — за нібыта недастатковае выкарыстаньне сваіх мабільных прыладаў. Больш за тое, у многіх выпадках жыхароў Сіньцзяна каралі за нулявы балянс на тэлефоне. Паліцыянты тлумачылі гэта як спробу ўхіліцца ад сталага лічбавага сачэньня.

Сапраўднасьць атрыманых фатаграфій у паліцэйскіх файлах пацьвердзілі судовыя экспэрты Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Бэрклі. А вось у амбасадзе Кітаю ў Вашынгтоне, камэнтуючы сытуацыю з файламі, заявілі, што «пытаньні, зьвязаныя зь Сіньцзянам, па сутнасьці, зьвязаныя з процідзеяньнем тэрарызму, радыкалізацыі і сэпаратызму, а не з правамі чалавека або рэлігіяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай тэстуе на ўйгурах абсталяваньне, якое можа на адлегласьці распазнаваць настрой
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уйгураў у Кітаі прымушаюць працаваць на фабрыках сусьветна вядомых брэндаў 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі знайшлі 500 лягераў для масавага інтэрнаваньня ўйгураў