Справа будзе слухацца ў закрытым фармаце Менскім абласным судом. Працэс будзе праходзіць у выязным паседжаньні ў будынку суду Менскага раёну, паведамілі ў судзе.
Раней пракуратура накіравала ў Менскі гарадзкі суд крымінальную справу былых кіраўнікоў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава і Ірыны Леўшынай, мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава і ягонай дзяўчыны, грамадзкай актывісткі Ірыны Злобінай.
Былы намесьнік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна знаходзяцца пад вартай з 12 студзеня 2021 году, былы дырэктар Дзьмітры Наважылаў і Ірына Леўшына, якая зьмяніла яго на гэтай пасадзе, — з 18 жніўня.
Усе яны прызнаныя палітзьняволенымі, іх перасьлед — палітычна матываваным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё ўсярэдзіне абрываецца, калі адчыняеш паштовую скрыню, а там пуста». Улады пазбаўляюць палітвязьняў перапіскіУ чым вінавацяць супрацоўнікаў БелаПАН
Аляксандраву і Злобінай ставіцца ў віну «падрыхтоўка з 14 жніўня 2020 году па 12 студзеня 2021 году ня менш як 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, шляхам аплаты адміністрацыйных штрафаў, рахункаў за харчаваньне ў месцах утрыманьня і адбываньня адміністрацыйных арыштаў; рахункаў за паслугі адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйных і крымінальных працэсах, а таксама аказваюць іншую юрыдычную дапамогу». Гэтыя дзеяньні кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 342 КК.
Ім жа інкрымінуецца «аказаньне дапамогі замежнай арганізацыі ByHelp і яе прадстаўнікам у дзейнасьці, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 1 арт. 356 КК).
Акрамя таго, Аляксандраву і Наважылаву інкрымінуецца «ўхіленьне ад выплаты ЗАТ „БелаПАН“ падаткаў пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня за 2015–2020 гады і падаходнага падатку зь фізычных асоб за люты 2015 году — красавік 2021 году шляхам утойваньня, наўмыснага заніжэньня падаткаў. У дэклярацыі (разьлікі) нібыта загадзя ўносіліся лжывыя зьвесткі, што пацягнула за сабой прычыненьне дзяржаве шкоды ў памеры каля 450 тысяч рублёў» (ч. 2 арт. 243 КК).
Інфармацыйная кампанія БелаПАН прызнаная экстрэмісцкім фармаваньнем рашэньнем Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ад 1 лістапада. У адпаведным сьпісе, апублікаваным на сайце МУС, запіс аб гэтым зьявіўся толькі 12 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэрмін утрыманьня пад вартай галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай працягнулі да 5 траўня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты