Сабралі гісторыі людзей, якіх затрымалі па вяртаньні ў Беларусь, і пагаварылі пра гэта з заснавальнікам кампаніі ByHelp Аляксеем Лявончыкам.
«Калі паўтара года вамі не цікавіліся, гэта ня значыць, што вас не затрымаюць па вяртаньні ў Беларусь»
Заснавальнік кампаніі ByHelp Аляксей Лявончык ведае як мінімум дзясятак выпадкаў затрыманьня беларусаў па вяртаньні з-за мяжы. Паводле яго, нехта вырашыў паехаць у Беларусь пад уплывам эмоцый. Другія — бо былі там праблемы ў сям’і. Трэція — бо думалі, што «ўжо ўсё ціха».
«Іх затрымалі. Праз чатыры, восем гадзін пасьля пераходу мяжы. Бо калі паўтара, два гады вамі не цікавіліся нібыта (не хадзілі з вобшукамі, не турбавалі блізкіх), гэта зусім ня значыць, што вас не затрымаюць па вяртаньні. Навошта ім капаць упустую, калі вас няма ў краіне? У іх хопіць фантазій на людзей, да якіх можна дабрацца», — кажа Аляксей Лявончык.
Ён прывёў прыклад: адна беларуска ў першыя дні пасьля выбараў-2020 дапамагала рэгістраваць людзей, якія выходзілі пабітымі з ізалятараў. Гэта была яе адзіная актыўнасьць.
«Але дайшлі зьвесткі, што арыштаваным актывістам паказвалі ейны здымак, пыталіся пра яе. Яна пасьля гэтага зьехала. Праз паўтара года вярнулася ў Беларусь, і на парозе дома яе затрымалі», — кажа заснавальнік кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандляваць зь людажэрам? Двубой Лявончыка і Тышкевіча пра мараль і realpolitik«Ім патрэбны толькі зорачкі на пагонах»
Аляксей Лявончык лічыць, што калі чалавек быў заўважаны на камэрах назіраньня ці ім цікавіліся сілавікі і ён пасьпеў зьехаць за мяжу — лепш не рызыкаваць зь вяртаньнем. Паводле Аляксея, ёсьць базы тых, каму забаронены выезд; базы тых, хто ў пошуку; але ёсьць і ўнутраныя базы, паводле якіх могуць затрымаць актывістаў.
«Супрацоўнікі органаў і спэцслужбаў гэтымі затрыманьнямі набіваюць сабе цану. Яны перасаджалі ці выціснулі за мяжу актыўны грамадзкі сэктар. Але ж так не бывае, каб не было ворагаў. Бо тады яны пачнуць грызьці адзін аднаго. Таму яны і цяпер актыўна шукаюць ворагаў», — кажа Аляксей.
Людзям, якія лічаць, што іхныя рызыкі мінімальныя, ён раіць адразу пасьля пераходу мяжы займець новы тэлефонны апарат, SIM-карту і ехаць не дахаты ці сваякоў, а ў іншае жытло. У інтэрнэт ён раіць выходзіць з дапамогай VPN.
Лявончык дадаў, што кампанія ByHelp і фонд BySol, якія дапамагаюць беларусам, цяпер вельмі перагружаная.
«Мы цяпер дапамагаем людзям, якія адбылі тэрмін. Таксама сем’ям тых, хто сядзіць. Бо муж сядзіць, жонку звольнілі з працы, і грошай няма зусім у іх. Мы дапамагаем беларусам, але нашы рэсурсы не бязьмежныя. Таму лепш пакуль не вяртацца і не рызыкаваць», — лічыць заснавальнік кампаніі.
Ён просіць скептычна ставіцца да заяў прапагандыстаў і органаў пра «гарантыі бясьпекі».
«Гэта цырк, ніякіх гарантый бясьпекі няма і быць ня можа. З нашага досьведу мы ведаем: хто прызнаваўся, «здаваў» іншых і хто не зламаўся — тэрміны былі абсалютна аднолькавыя. Усё, што ім трэба, — зорачкі на пагонах. Яны проста вас выкарыстаюць і выкінуць. Нармальных сьледчых там не засталося. Тыя, што засталіся, перайшлі на палітычны перасьлед і выбіваньне паказаньняў у стылі пракурора Вышынскага: «Прызнаньне — царыца доказаў», — дадаў Аляксей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё ўсярэдзіне абрываецца, калі адчыняеш паштовую скрыню, а там пуста». Улады пазбаўляюць палітвязьняў перапіскіСвабода сабрала гісторыі беларусаў, якіх затрымалі пасьля перасячэньня мяжы.
«Вярнуўся ў Беларусь і атрымаў два гады «хіміі»
61-гадовы прадпрымальнік з Баранавіч Пятро Зіневіч цяпер адбывае пакараньне на «хіміі». Яго судзілі 25 траўня 2021 году за «паклёп» на супрацоўніка міліцыі паводле артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу. Па вэрсіі суду, Зіневіч у жніўні 2020 году на сваёй старонцы «ВКонтакте» апублікаваў фатаздымак супрацоўніка баранавіцкай міліцыі з надпісам «Удзельнічаў у разгоне мітынгаў і катаваў людзей».
Пад варту Пятра ўзялі 8 красавіка 2021 году, калі ён прыляцеў з Кіева. Да суду яго ўтрымлівалі ў СІЗА.
«Ён пасьля перасьледу пераехаў і жыў некаторы час у Кіеве. Але справы ў яго, наколькі я ведаю, ішлі тут не надта. Бо ён нарваўся на аднаго нядобрасумленнага працадаўцу, потым на другога. Дакладна ня ведаю, чаму, але ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь і адразу ж быў там затрыманы», — расказала Свабодзе крыніца, знаёмая з сытуацыяй.
«Прымусілі зьняцца ў пакаяльным роліку, бо абяцалі, што адпусьцяць дачку»
25 кастрычніка 2021 году толькі ў Гомлі ГУБАЗіК затрымаў 24 чалавекі. Сярод іх быў Алесь Сівакоў. Ён яшчэ да падзей 2020 году знайшоў працу ў Польшчы, жыў там. У Гомель у канцы красавіка прыехаў, каб павіншаваць маці з днём нараджэньня. Да маці ён так і не даехаў — ранкам у хату ўварвалася міліцыя. Алеся прымусілі запісаць «пакаяльны» ролік для ГУБАЗіК, абяцаўшы, што ў такім выпадку ня будуць затрымліваць дачку, якая таксама знаходзілася ў доме.
«Я пагадзіўся на ролік дзеля дачкі, каб яе не забралі. Але яны падманулі мяне — дачку таксама забралі ў ІЧУ, дзе яна была тры дні», — расказаў Сівакоў.
Алесю суд даў пакараньне — 7 сутак. Дачку адпусьцілі з ізалятару праз 3 дні. Цяпер Алесь з дачкой у Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўжо немагчыма «ня лезьці ў палітыку»«Разьмяшчаў у сацыяльных сетках інфармацыю антыдзяржаўнага толку»
Алег Канавалаў, аўтар youtube-каналу «Третий регион Беларусь», пасьля падзей 2020 году перабраўся ў Кіеў. У першыя дні 2022 году вярнуўся на радзіму.
Адны знаёмыя кажуць, што на сьвяты. Другія — вырашыць справы з разводам. 10 студзеня Алега затрымалі ў Гомлі. Яго абвінавацілі ў тым, што ён распаўсюджваў зьвесткі пра сілавікоў, «разьмяшчаў у сацыяльных сетках інфармацыю антыдзяржаўнага толку, прапагандаваў супраціў прадстаўнікам улады».
На Алега завялі справу паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу (Распальваньне сацыяльнай варожасьці). Цяпер ён у СІЗА.
Паехаў з Рыгі на пахаваньне бацькі ў Беларусь
У студзені 2022 году на памежным пераходзе схапілі Ільлю Вайцяховіча. У Беларусь ён ехаў на пахаваньне бацькі.
Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі яго проста на мяжы, зьмясьцілі ў ізалятар, пазьней перавялі ў СІЗА. Ільлю Вайцяховічу прысудзілі 2 гады калёніі паводле артыкулу 342 (Арганізацыя альбо ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся новыя дэталі пра затрыманьне Ільлі Вайцяховіча, які вярнуўся ў Беларусь на пахаваньне бацькі«Відаць, я недаацаніў увагу да маёй пэрсоны з боку дзяржавы»
19 студзеня 2022 году ў Менску затрымалі публіцыста, літаратара Севярына Квяткоўскага. У віну яму паставілі рэпост роліка, «у загалоўку якога была абраза супрацоўніка берасьцейскай міліцыі». Квяткоўскага завезьлі ў Пінск і пратрымалі за кратамі тры дні. 22 студзеня выпусьцілі, але зрабілі фігурантам крымінальнай справы. Пасьля Квяткоўскі пакінуў Беларусь. Цяпер ён у Грузіі.
«У нас было пытаньне спадчыны, быў патрэбен мой подпіс. Гэта фармальна. А нефармальна — я не хацеў быць палітычным эмігрантам. Усімі фібрамі сваёй душы я імкнуўся ў Беларусь. Я беларусацэнтрычны чалавек. Люблю вандраваць, люблю замежжа, але вельмі люблю сваю краіну, сяброў, сваякоў. Відаць, я недаацаніў увагу да маёй пэрсоны з боку дзяржавы», — тлумачыў ён у інтэрвію Свабодзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нада мной праводзілі экспэрымэнты». Пісьменьнік і журналіст Севярын Квяткоўскі расказаў, што зь ім адбывалася за кратамі«Адны казалі, што яна вярнулася ў Беларусь па дамоўленасьці з органамі, іншыя — што праз хваробу»
У лютым 2022 году супрацоўніца БТ Ксенія Лебедзева выпусьціла сюжэт — гутарку з адміністратаркай розных чатаў з прыстаўкай «97%» (прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі. — РС) Тацянай Курылінай.
Прапагандыстка Лебедзева сьцьвярджала, што Тацяна — адна з тых, хто пасьля выезду за мяжу вырашыў «перагледзець свае погляды і вярнуцца ў Беларусь», «загладзіць віну» і выступіць па БТ. У сюжэце жыхарка Гомля расказала пра супрацоўніцтва са Сьцяпанам Пуцілам (Nexta, супольнасьць сацыяльных сетак якога прызнаная «тэрарыстычнай арганізацыяй». — РС). Тацяна казала, што чаты «97%» цяпер «бессэнсоўныя» і што яна «безумоўна, стамілася».
Знаёмыя Тацяны, якія цяпер жывуць у Польшчы, былі зьдзіўленыя, калі ўбачылі яе прызнаньні на беларускай тэлевізіі. Яны выстаўляюць шэраг вэрсій, чаму Тацьцяна вырашыла вярнуцца ў Беларусь.
«Яна ў Польшчы, я разумею так, згубілася і не знайшла сябе. Ведаю, што ў яе былі праблемы са здароўем. Яна ня мела легальнага статусу, каб вырашаць усе свае праблемы. Таму паехала ў Беларусь. Ужо пасьля здымак на БТ яна мне патэлефанавала і сказала, што яна нікога не здавала, што загадзя ўсё пачысьціла. Сказала, што ейны выступ — мантаж, што яна так не гаварыла. Апраўдвалася, каб мы яе не асуджалі. Паводле яе, перад вяртаньнем у Беларусь яна адусюль сябе выдаліла, каб не пашкодзіць іншым людзям», — расказаў Свабодзе адзін са знаёмых Тацяны.
Іншая знаёмая кажа, што прычынай вяртаньня ў Беларусь была асабістая. «У яе было каханьне, нават, наколькі я ведаю, зь некім з „органаў“. Вось яна і вярнулася. Хутчэй за ўсё, у яе былі дамоўленасьці загадзя, што яе не пасадзяць там», — мяркуе знаёмая Тацяны.
Зьвязацца з самой Тацянай пакуль не атрымалася. Паводле сьведчаньняў, яна на свабодзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд Беларусі прызнаў каналы праекту Nexta «тэрарыстычнай арганізацыяй»«Ехала на гадавіну сьмерці маці — узялі за акт тэрарызму»
31-гадовая Алеся Буневіч родам з Маладэчна. Ад 2021 году жыла ў Вільні. Там разам з сяброўкай адкрыла друкарскі цэнтар, але выкарыстоўвала кожную магчымасьць пабываць у Беларусі.
Апошні раз на радзіму яна прыехала 1 красавіка 2022 году, а праз тры дні перастала адказваць на паведамленьні родных. Празь нейкі час высьветлілася, што жанчыну абвінавачваюць у дапамозе ў зьдзяйсьненьні акту тэрарызму. Цяпер яна ў СІЗА.
Муж Алесі Алег Мяцеліца расказаў Свабодзе, што 1 красавіка яна ехала на ўгодкі па сьмерці маці. «Для яе ўяўленьне пра дом і сям’ю было зьвязанае з мамай. Апошнія гады яны сталі вельмі блізкімі. Мама цалкам падтрымлівала яе, была апорай ва ўсім. Маме было 56 гадоў», — расказаў мужчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сыну шчыра сказаў: „Мама арыштаваная“». Муж распавядае пра затрыманую ў справе аб тэрарызьме Алесю Буневіч«Жыве ў Польшчы з 2011 году, прыехаў у Беларусь наведаць сям’ю»
У траўні 2022 году стала вядома пра затрыманьне жыхара Асіповічаў Арцёма Дубскага. Ён з 2011 году жыў у Польшчы і прыехаў у Асіповічы наведаць сваякоў. 11 траўня Арцёма Дубскага затрымалі ў Менску, моцна пабілі, пасьля адвезьлі на допыт у КДБ. З КДБ яго выпусьцілі толькі ўночы, узяўшы абавязаньне вярнуцца для дачы тлумачэньняў 12 траўня да 14:30.
Дубскі пайшоў на «дачу паказаньняў» у КДБ і з таго часу на сувязь не выходзіў.
Празь пяць дзён са сваякамі зьвязалася сьледчая ў пытаньні нанясеньня Дубскаму траўмаў. Аказалася, што 13 траўня яго даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі ў Менску. Каля 0:30 яго прывезьлі туды супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС. Празь дзьве гадзіны яны ж яго адтуль забралі. У мужчыны зафіксаваны раны твару, запясьцяў, сінякі тулава і канцавінаў, а таксама ўдар мяккіх тканак грудной сьценкі.
Пэўна, пасьля гэтага Дубскага даставілі на Акрэсьціна, дзе трымаюць цяпер. Вядома, што яго асудзілі нібыта за пашырэньне экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП). На волю ён павінен выйсьці 27 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі затрымалі і пабілі экс-палітвзьня Арцёма Дубскага па вяртаньні ў Беларусь. Ён на Акрэсьціна