Amnesty International: Пасьля аслабленьня ковідных абмежаваньняў колькасьць сьмяротных прысудаў ізноў павялічылася

Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе арганізацыі за 2021 год.

У ім адзначаецца, што ў 2020 годзе ковідныя абмежаваньні затрымлівалі судовыя працэсы. Але летась гэтыя абмежаваньні паступова здымаліся ў многіх частках сьвету, і ў 56 дзяржавах было вынесена прынамсі 2052 сьмяротныя прысуды — амаль на 40% больш, чым пазалетась. У некаторых краінах рост колькасьці прысудаў быў яшчэ больш імклівы: у Банглядэш — з 113 да 181, у Індыі — з 77 да 144, у Пакістане — з 49 да 129.

Паводле Amnesty International, у Беларусі летась быў вынесены і выкананы адзін сьмяротны прысуд. У 2021 годзе Аляксандар Лукашэнка памілаваў двух асуджаных на сьмяротнае пакараньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International: Колькасьць сьмяротных пакараньняў самая нізкая за апошнія 10 гадоў, але шмат робіцца ўпотай

Нягледзячы на пэўны рост колькасьці сьмяротных прысудаў, гэтая колькасьць у 2021 годзе была найніжэйшая з 2010 году, за выключэньнем 2020 году.

Летась у 18 краінах было выканана прынамсі 579 пакараньняў сьмерцю⁠ — гэта на 20% больш, чым у 2020 годзе. Найбольшая частка гэтага росту прыпадала на Іран, які пакараў сьмерцю прынамсі 314 чалавек, што стала самым высокім паказчыкам з 2017 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы выказалі пратэст супраць пашырэньня магчымасьцяў сьмяротнага пакараньня ў Беларусі

Часткова гэты рост быў зьвязаны з прыкметным павелічэньнем колькасьці сьмяротных пакараньняў за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі. Паводле Amnesty International, гэта грубае парушэньне міжнароднага права, якое забараняе ўжываньне сьмяротнага пакараньня за любыя злачынствы, акрамя наўмысных забойстваў.

Між тым Саудаўская Арабія больш як удвая павялічыла колькасьць пакараных сьмерцю. Гэтая тэндэнцыя працягвалася ў 2022 годзе, сёлета ў сакавіку ў Саудаўскай Арабіі быў пакараны сьмерцю 81 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пакінуў у сіле сьмяротны вырак за забойства пэнсіянэраў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія браты Косьцевы, якіх памілаваў Лукашэнка

Больш за ўсё сьмяротных прысудаў летась было выканана ў Кітаі. Паводле Amnesty International, іх колькасьць складае тысячы чалавек, але афіцыйная статыстыка гэтага паказьніка ў Кітаі засакрэчаная.