«Польшча дэнансуе міжурадавае газавае пагадненьне 1993 году аб Ямале. Агрэсія Расеі супраць Украіны пацьвердзіла правільнасьць намеру польскага ўраду стаць цалкам незалежным ад расейскага газу. Мы заўсёды ведалі, што „Газпром“ — ненадзейны партнэр», — паведаміла Ганна Москва.
Так званае Ямальскае пагадненьне, падпісанае ў Варшаве 25 жніўня 1993 году, неаднаразова дапаўнялася. Апошні пратакол аб унясеньні зьменаў быў падпісаны паміж прадстаўнікамі Польшчы і Расеі 29 кастрычніка 2010 году.
Міністар Ганна Москва нагадала, што апэратарам Ямальскага газаправоду з 2010 году зьяўляецца польская кампанія Gaz-System.
«З гадамі кантроль польскага апэратара над газаправодам паступова мацнеў у адпаведнасьці з эўрапейскім заканадаўствам. У 2022 годзе быў прыняты закон, які прадугледжвае, што апэратар мае права выключнага карыстаньня маёмасьцю гэтай сеткі, неабходнага для выкананьня абавязкаў апэратара», — паведаміла Ганна Москва.
12 траўня Газпром аб’явіў, што пааз санкцый супраць Europol Gaz ня будзе выкарыстоўваць газаправод, які праходзіць праз Польшчу, для транзыту газу ў Эўропу. Europol Gaz валодае польскім участкам Ямальскага газаправоду.
11 траўня Расея ўвяла санкцыі супраць эўрапейскіх кампаній, якія супрацоўнічаюць з Газпромам. Сярод іх былі нямецкая Gazprom Germania і польская Europol Gaz.
Пакет 48,82% акцый Europol, які належаў Газпрому, быў адной з ключавых інвэстыцый Расеі ў Польшчы. Акрамя «Газпрому», у кампаніі таксама уплыў мае польская PGNiG, якая кантралюе 51,18% акцый Europol.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газавая вайна Расеі і ЭЗ: Спыненыя пастаўкі па трубаправодзе «Ямал—Эўропа», які ідзе празь Беларусь ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баўгарыя і Польшча атрымліваюць газ ад суседзяў па Эўразьвязе, Фінляндыя таксама адмовілася плаціць Расеі ў рублях