Напад Расеі на Ўкраіну пагражае ня толькі нашаму рэгіёну. Абедзьве краіны зьяўляюцца найбуйнейшымі экспартэрамі збожжа. Вайна ставіць гэтыя пастаўкі, асабліва з Украіны, пад пытаньне і стварае пагрозу голаду ў шматлікіх краінах.
Таму любы спосаб арганізаваць пастаўкі вельмі важна выкарыстаць.
І тут маем Беларусь і пэрспэктывы транзыту ўкраінскага збожжа празь яе ў парты на Балтыйскім моры, пра што ўжо публічна разважаюць чыноўнікі з ЗША, Украіны, Літвы і ААН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто пасьля забойстваў у Бучы будзе разьбірацца з жахамі Акрэсьціна? Шчасьліўчыку Лукашэнку зноў шанцуе?Плюс: «Беларуськалій» заўсёды быў буйным пастаўніком угнаеньняў і таксама адыгрываў важную ролю ў сусьветнай харчовай індустрыі. Таму зь яго на паўгода маюць зьняць санкцыі.
Размова ўжо не пра грошы інвэстараў і не пра бізнэс. Проста, калі трэба выбіраць паміж выратаваньнем беларускіх палітвязьняў і выратаваньнем мільёнаў патэнцыйных ахвяраў голаду, сьвет выбера выратаваньне ахвяраў голаду.
Іншая рэч, што наладжваць транзыт празь Беларусь азначае аддаваць лёс тых мільёнаў патэнцыйных ахвяраў голаду ў рукі Аляксандра Лукашэнкі. Ён, вядома ж, будзе прадстаўляць усё гэта як сваю літасьць і пры першай нагодзе шантажаваць увесь сьвет.
Гэты чалавек, якому неабмежаваная ўлада над Беларусьсю яшчэ ў дзевяностыя здавалася не адпаведнай ягоным напалеонаўскім амбіцыям, атрымаў бы рычаг уплыву глябальнага маштабу. А разам з Лукашэнкам гэты рычаг кантраляваў бы і ягоны спонсар Уладзімір Пуцін. І таму Расея таксама будзе зацікаўленая ў транспартным калідоры для ўкраінскага збожжа празь Беларусь.
У той жа самы час у Беларусі працягваюць незаконна судзіць людзей у рамках палітычных працэсаў, забараняць кнігі і разгортваць расейскія ракетныя дывізіі (усё гэта — навіны апошняга тыдня). Лукашэнка робіць гэта сьвядома і дэманстрацыйна, каб прыціснуць і прынізіць Захад і зноў атрымаць інструмэнт для шантажу — так, як гэта было летась зь мігрантамі.
Адзіная альтэрнатыва такому разьвіцьцю падзеяў — дэблякада ўкраінскіх чарнаморскіх партоў. Яна можа адбыцца толькі ваенным спосабам, сіламі Узброеных сілаў Украіны. Лёс Беларусі і тут залежыць ад таго, каб посьпехі УСУ пераважылі ўдачлівасьць Аляксандра Лукашэнкі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.