Віцэ-прэзыдэнтка Эўрапарлямэнту Катарына Барлі заклікала ўхваліць рашэньне аб заплянаваным ЭЗ нафтавым эмбарга супраць Расеі без удзелу Вугоршчыны. Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію Deutschlandfunk, паведамляе DW.
Паводле яе слоў, прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан «водзіць ЭЗ за нос». Яна назвала патрабаваньне Будапэшту аб мільярднай дапамозе «амаль нахабным», улічваючы, што «ўсе ведаюць, куды пойдуць грошы».
Барлі абвінаваціла Орбана ў тым, што той клапоціцца толькі аб тым, каб грошы ішлі празь ягоныя «сямейныя і клянавыя» каналы. Барлі заявіла, што ў Вугоршчыне існуе «адкрыта карупцыйная сыстэма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Будапэшт забыўся на 1956 год, калі СССР зрабіў зь ім так, як цяпер Расея з УкраінайПрыняцьце шостага пакету санкцый ЭЗ супраць Расеі зацягваецца з-за пазыцыі шэрагу краін, найбольш залежных ад паставак расейскай нафты. Брусэль прапанаваў даць ім адтэрміноўку для пошуку новых пастаўшчыкоў сыравіны: Прага можа ўвесьці эмбарга зь ліпеня 2024 году, а Будапэшт і Братыслава — з 2025 году.
Аднак гэтая прапанова Орбану не падалася дастаткова выгаднай. У абмен на згоду на нафтавае эмбарга супраць Расеі, прапанаванае Эўракамісіяй, Будапэшт патрабуе ад ЭЗ шматмільярднай дапамогі. Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта ацаніў адмову ад расейскай нафты ў 15-18 мільярдаў эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакратар РНБА Ўкраіны заявіў, што папярэджаная Пуціным пра вайну Вугоршчына хацела захапіць частку ўкраінскай тэрыторыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны: Нямеччына нарэшце ўсьвядоміла, што расейскі газ — гэта зброя