Палітвязьня Аліневіча перавялі ў калёнію
Актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, якога 22 сьнежня 2021 году асудзілі да 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, этапавалі ў папраўчую калёнію № 20 у Мазырскім раёне. Да таго Аліневіч знаходзіўся ў гомельскім СІЗА.
Яго, а таксама Дзьмітрыя Дубоўскага, Дзьмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспэртыз у Гомельскай вобласьці: ч. 2 арт. 289 — акт тэрарызму; ч. 2 і ч. 4 арт. 295 — незаконныя дзеяньні ў дачыненьні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў; Дубоўскага і Аліневіча таксама і па ч. 1 арт. 333-1 — незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў. Сам суд з першага пасяджэньня адбываўся ў закрытым рэжыме.
Новы адрас Аліневіча: ПК № 20, 247755, Гомельская вобл., Мазырскі р-н, Міхалкоўскі сельсавет, 70, Ігару Ўладзіміравічу Аліневічу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаным на 18–20 гадоў анархістам перад накіраваньнем у калёніі далі спатканьні з роднымі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе будзе добра!» Асуджаны на 20 гадоў зьняволеньня анархіст Аліневіч даслаў натхняльную паштоўку з-за кратаўУладзімер Гундар прысьвяціў верш Вітольду Ашурку
Палітвязень Уладзімер Гундар, якога ў гэтыя дні ў «групе Аўтуховіча» судзяць у Горадні, напісаў за кратамі верш да гадавіны сьмерці Вітольда Ашурка. Дачка палітзьняволенага распавяла, што яе бацька перадаў на волю верш, напісаны 5 траўня 2022 году, які прысьвечаны загінуламу год таму ў шклоўскай калёніі Вітольду Ашурку.
«Вітольду Ашурку прысьвячаецца!
Хай шлях — да раю, пекла ці палону —
Усё прайдзі і вынесьці здалей.
Васіль Стус
Дружа, ішлі мы поруч вызвольным тропам.
Тропам да запаветнай свабоды,
Да нашае свабоднае шчасьлівае Айчыны.
Ён нас знайшоў, ён нас абраў...
Ты гэты троп як мог прайшоў,
А я іду, яшчэ сваім зямным змагарным тропам.
Тропам, які наканаваў сам Госпад нам...
І пастараюся, і за сябе, і за цябе дайсьці
Да нашае свабоднае Айчыны».
Палітвязьня Канстанціна Дудзікава перавялі ў калёнію
Палітзьняволенага Канстанціна Дудзікава замест працы ў ПУАТ № 36 адвезьлі ў суд. У выніку, яму замянілі «хімію» на калёнію ўзмоцненага рэжыму. Канстанцін быў асуджаны судом Быхаўскага раёну на 1 год і 6 месяцаў «хіміі» паводле арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады.
Нядаўна Канстанціна накіравалі ў наваполацкую калёнію № 1, пішуць праваабаронцы.