Парашэнка таксама кажа пра «дэпуцінізацыю» Эўропы і падкрэсьлівае: «Пуцін разумее толькі сілу і пойдзе так далёка, як яму дазволіць сьвет. Але я хачу сказаць, каб Пуцін не забываўся, што ў Рамштайне была створаная антыпуцінская кааліцыя — як некалі антыгітлераўская. І дэпуцінізацыя — гэты працэс аб’яднае сьвет».
Прапануем вам фрагмэнты інтэрвію.
— Як вы ацэньваеце тое, што адбываецца цяпер на заводзе «Азоўсталь», дзе больш за 80 дзён абаронцы Марыюпалю і Ўкраіны трымалі абарону? За іх адвагай сачыў увесь сьвет, але цяпер яны і найвышэйшае кіраўніцтва краіны прынялі рашэньне аб тым, што яны, па сутнасьці, здаюцца ў палон. Як вы ацэньваеце гэтую апэрацыю?
— Вы абсалютна маеце рацыю, што абарона Марыюпалю і абарона «Азаўсталі», паводле ацэнак у тым ліку заходніх, натаўскіх генэралаў, назаўжды ўвойдзе і ў падручнікі гісторыі, і ў падручнікі ваеннай навукі. Я думаю, што ў сьвеце ёсьць мала прэцэдэнтаў, ці ўвогуле іх няма, калі бязь ежы, без вады, без боепрыпасаў, на магутным баявым духу тысячы людзей трымаліся. І выконвалі вельмі важную вайсковую функцыю — таму што дзьве дывізіі расейцаў былі зьвязаныя. І гэта аблегчыла абарону на іншых вельмі важных участках фронту.
Наконт стаўленьня Расейскай Фэдэрацыі да Марыюпалю. Спачатку ўсе расейцы разьлічвалі, што іх будуць сустракаць з кветкамі і хлебам-сольлю, але іх сустрэлі «кактэйлямі Молатава». І найбольш расейскамоўны горад Украіны аказаўся настолькі ўкраінскім, і з такім супрацівам яны сутыкнуліся, што вар’яцкая галава Пуціна прыняла рашэньне: «Дык не даставайся ж ты нікому!»
І гэта ўвойдзе ў гісторыю — ня толькі абаронай «Азаўсталі», але і бамбаваньнем Драматычнага тэатру, сотнямі загінулых цывільных асобаў у бамбасховішчах тэатру, дзе яны проста хацелі ўратаваць жыцьцё. Гэтыя людзі проста хацелі жыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Месца майго жыцьця і сьмерці». Фота апошніх дзён абароны «Азоўсталі» ад аднаго з украінскіх байцоўІ назаўжды Марыюпаль увойдзе ў гісторыю з радзільным домам, які быў разбамбаваны. І з рэакцыяй на гэта Расеі — што гэта былі акторкі, якія выступалі ў ролях цяжарных жанчын. І расейцам давядзецца за гэта адказваць.
Марыюпаль, гэтак жа як і Буча, гэтак жа як і Ахтырка, і Трасьцянец, і Чарнігаў, і Гастомель, і Ворзель таксама ўвойдуць у гісторыю — як сымбаль.
Пытанне: што будзе далей? Я ініцыяваў зварот да сьвету і вельмі ўдзячны за тое, што і іншыя прэзыдэнты Ўкраіны, і Кучма, і Юшчанка, падтрымалі яго. Мы зьвярнуліся да сьвету зь вялікай просьбай — сканцэнтраваць сваю ўвагу на Марыюпалі і на байцах, якія абаранялі яго.
Вар’ятам Васэрману ці Валодзіну [зь Дзяржаўнай думы Расеі — РС], якія зьбіраюцца кагосьці за нешта там судзіць, я хачу нагадаць: у Расеі няма ніякай юрысдыкцыі па Марыюпалі. Марыюпаль — украінская тэрыторыя. Ваяры — украінскія салдаты, якія абаранялі ўкраінскую дзяржаву. І ніякага суду над імі ні па якім міжнародным праве ў вас няма права праводзіць! Вы хочаце зрабіць гэта як піяр-акцыю. Але сьвет сапраўды павінен ня даць вам гэтага зрабіць. Трэба вярнуць нашых герояў, нашых ваяроў, нашых хлопцаў і дзяўчат дадому, неадкладна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Расеі абвясьціла аб захопе заводу «Азоўсталь». У Кіеве гэта не камэнтуюць— Вы кажаце аб тым, што сьвет павінен ціснуць на Расею. Але да гэтага часу трэцім краінам не ўдалося ўгаварыць Пуціна на працэдуру экстракцыі «азоўцаў». Чаму?
— Не атрымалася ўгаварыць, таму што Пуцін лічыць гэтых людзей картамі ў сваёй бесчалавечнай гульні. І пазыцыя сьвету павінна быць прадэманстраваная: сьвет у гэтую гульню ня верыць, сьвет гэтай гульні не баіцца. І сьвет гэтую гульню лічыць абсалютна беспэрспэктыўнай і безьзьмястоўнай. І тады ў Пуціна зьявіцца магутная матывацыя адступіць.
Цяпер трэба гаварыць пра шосты пакет санкцыяў ЭЗ, пра Вугоршчыну і пастаўкі нафты па нафтаправодзе «Дружба» праз тэрыторыю Ўкраіны. Пра расейскі газ, пра марскую блякаду расейскага экспарту. Трэба зрабіць так, каб агульны аб’ём продажаў расейскага экспарту складаў ня больш за 200 мільярдаў даляраў замест цяперашніх 500-600. І тады ў Пуціна зьявіцца вельмі магутная матывацыя: на першым этапе — вярнуць «азоўцаў» Украіне, на другім этапе — прыбраць свае войскі з акупаванай часткі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З «Азоўсталі» на тэрыторыю, кантраляваную расейцамі, вывезьлі 959 украінскіх вайскоўцаў— На вашую думку, як доўга будзе працягвацца вайна?
— У мяне рэцэпт вельмі просты. Інструмэнты заканчэньня вайны — гэта зброя, зброя і зброя. Першая паводле неабходнасьці зброя — гэта цяжкае ўзбраеньне. І на сёньняшні дзень, game changed: гэта 500 танкаў, гэта тысяча БМП і БТР, гэта 300 зэнітных комплексаў, гэта 100 самалётаў-зьнішчальнікаў і 200 верталётаў. І ад гэтага залежыць лёс і будучыня сьвету і Эўропы. Суадносіны вельмі простыя: больш зброі — карацейшы шлях да міру. І гэта нарэшце пачынаюць разумець.
Зброя нумар два: эмбарга і санкцыі.
— Эмбарга вы маеце на ўвазе і на расейскую нафту, і на газ?
— Не. Эмбарга на ўсю прадукцыю расейскага экспарту. Патрэбная перашкода экспарту, марская блякада. Таму што вы можаце перакрыць пастаўкі нафты, а эўрапейскі танкерны флёт усё роўна будзе вазіць нафту ў Паўднёва-Ўсходнюю Азію. Гэта не працуе. Эмбарга само па сабе ня можа быць самамэтай. А санкцыі мусяць быць разбуральнымі. І тады гэта будуць санкцыі на ядзернае паліва, на вугаль, на прадукцыю машынабудаваньня, санкцыі, санкцыі, санкцыі.
І наадварот: катэгарычнае разбурэньне якіх-небудзь абмежавальных мерапрыемстваў Расейскай Фэдэрацыі і яе флёту супраць Украіны. Мы ня можам дазволіць Расеі закрываць для нас Чорнае мора. І гэта павінна быць асобная праграма супрацоўніцтва з Вайскова-марскімі сіламі NATO. Нашая мэта: скараціць расейскі экспарт. І тады гэта будзе рэальная пагроза, над якой задумаецца Пуцін. Бо тады гэта будзе ўжо ствараць пагрозы знаходжаньня Пуціна ва ўладзе.
І трэцяя зброя — гэта ізаляцыя Пуціна. Гэта павінна быць рэакцыя на тое, што Расея вельмі імкліва рухаецца ў бок ператварэньня ў Паўночную Карэю. А спадар Пуцін — у неадэкватнага і непрадказальнага дыктатара накшталт Кім Чэн Ына. Я мяркую, што гэта яшчэ можна спыніць.